"Незвычайныя" абітурыенты. Як са 148 баламі паступіць туды, куды трэба 359 балаў

"Незвычайныя" абітурыенты. Як са 148 баламі паступіць туды, куды трэба 359 балаў

Ва ўніверсітэтах скончылася ўступная кампанія на бюджэт. Адміністрацыі ВНУ адрапартавалі аб павышэнні прахадных балаў. Але ёсць рэчы, якія засталіся за кадрам.

Калі ад раёна накіравалі — паступіш па-любому

Высокі конкурс на прэстыжныя факультэты — не праблема для мэтавікаў! Абітурыенты, якіх накіроўваюць паступаць адмыслова ад мясцовай выканаўчай улады, ідуць па асобным конкурсе, па сваім. Напрыклад, у БДУ 44 месцы для мэтавікоў, на іх прэтэндавалі 46 чалавек.

На спецыяльнасці “мытная справа” прахадны бал — 359 з 400. А мэтавік, які прынес туды дакументы, мае 148 балаў. І паступіць! На гэтую спецыяльнасць з задавальненнем паступаюць абітурыенты з добрымі баламі. Чаму б не ўзяць іх? Але не, бяруць чалавека па рэкамендацыі ад чыноўнікаў, у якога бал удвая меншы. Ды яму нават рыхтавацца не трэба!

“Асноўная маса мэтавікоў — для раёнаў. Педагагічныя спецыяльнасці – для сельскіх раёнаў, журналісты — для сельскіх раёнаў. Але нават на аэракасмічныя тэхналогіі сёлета ёсць мэтавік, гэта ў Дзяржынскім раёне”, — тлумачаць Еўрарадыё ў БДУ.

Дзяржынскаму райну патрэбны свой малады спецыяліст у аэракасмічных тэхналогіях?

Мэтавік, каб паступіць па-за конкурсам, мусіць мець сярэдні бал атэстата не менш за 6 балаў з 10-ці. Ён бярэ рэкамендацыю ад райвыканкама і накіроўваецца паступаць.

Месцы для такіх агаворваюцца загадзя, то бок, з іншымі абітурыентамі яны не канкуруюць. Пасля па размеркаванні мэтавік адпрацоўвае 5 гадоў, а не 2. Гэта адзіная ўмова.

Мэтавікоў бяруць нават на… штучны інтэлект!

У Беларускім універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі мэтавік сёлета адзін. Але ён паступае на адзін з самых папулярных факультэтаў, на спецыяльнасць “штучны інтэлект”.

“Для мэтавікоў сёлета адно месца. У гэтага абітурыента каля 300 балаў, прахадны для іншых там блізкі да яго балаў, але большы”.

Затое Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт бярэ 48(!) мэтавікоў на 113 месцаў на спецыяльнасць “лясная гаспадарка”. Амаль столькі ж, колькі звычайных абітурыентаў! Іх балы ва ўніверсітэце не агучваюць, проста канстатуюць: “Будзем вучыць”.

Выпускнік, які паступіў па мэтавым накіраванні ад райвыканкама, мусіць абавязкова паехаць на радзіму па размеркаванні. Але і тут ёсць нюансы. За час яго вучобы мясцовы выканкам, напрыклад, можа адмовіцца ад свайго мэтавіка. Напрыклад, таму, што прадпрыемтва разарылася. І тады не трэба адпрацоўваць па размеркаванні наогул! У выніку ты паступіў амаль без прахаднога бала, адвучыўся і пайшоў працаваць, куды захацеў!

Такім чынам, штогод некалькі дзясяткаў абітурыентаў паступаюць на прэстыжныя спецыяльнасці, фактычна, па-за конкурсам. Застаецца незразумелым толькі, якім чынам гэтых абітурыентаў адбіраюць мясцовыя ўлады.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі