Законапраект, з-за якога ў Грузіі пачаліся пратэсты, адклікалі з парламента

Пратэстоўцы ў Тбілісі / Reuters
Пратэстоўцы ў Тбілісі / Reuters

Законапраект "аб замежных агентах", з-за якога ў Грузіі пачаліся пратэсты, адклікалі з парламента, паведамляе "Бі-Бі-Сі". Два дні ў Тбілісі мітынгавалі дзясяткі тысяч чалавек, адбыліся жорсткія сутыкненні з паліцыяй.

Рашэнне аб адкліканні законапраекта ў чацвер прынялі партыі парламенцкай большасці на чале з "Грузінскай марай". "Мы бачым, што прыняты законапраект выклікаў рознагалоссі ў грамадстве, — гаворыцца ў заяве. — Машына хлусні змагла прадставіць законапраект у негатыўным святле і ўвесці ў зман пэўную частку насельніцтва. На законапраект быў налеплены ілжывы ярлык "расійскага закона", а яго прыняцце ў першым чытанні было прадстаўлена ў вачах часткі грамадскасці як адыход ад еўрапейскага курсу. Акрамя таго, радыкальным сілам удалося ўцягнуць частку моладзі ў супрацьпраўную дзейнасць".

За два дні паліцыя затрымала больш за 130 чалавек. Пратэстоўцы не збіраліся адступаць. Апазіцыя бачыць у законапраекце "руку Масквы", спробу пераймання расійскага досведу ў стварэнні "рэпрэсіўнага механізму", а таксама перашкоду для ўступлення Грузіі ў ЕС і NATO. 

Гэта перамога пратэстоўцаў, але часовая: у кіруючай партыі заявілі пра намер ладзіць сустрэчы з выбаршчыкамі, каб тлумачыць ім важнасць такога закона.

Flowers Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі