Заіка: Рэальна Мытны саюз будзе працаваць у межах Казахстана і Расіі

Пошліны на ўвоз аўтамабіляў з 1 ліпеня не павысяцца, бо падобнае рашэнне напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў небяспечнае для Аляксандра Лукашэнкі. Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказаў кіраўнік аналітычнага цэнтра "Стратэгія" эканаміст Леанід Заіка.
Леанід Заіка: "Машыны стануць даражэй, а наперадзе прэзідэнцкія выбары. Хто ж палюбіць такога прэзідэнта, хто будзе за яго галасаваць? Лукашэнка гэта разумее. Калі ён сказаў: “Дайце нафту”, то было зразумела, што калі дадуць, то тады ён міла пагодзіцца на расійскія аўтамабільныя пошліны".
Нагадаем, шасцігадзінныя перамовы ў Маскве па Мытным Саюзе ў мінулую пятніцу завяршыліся нічым. Беларусь па-ранейшаму хоча купляць танную нафту, а Расія – абараняць сваю аўта- і авіяпрамысловасць.
Расійская газета "Камерсант" паведамляе, што падрыхтаваныя экспертамі дакументы па Мытным Саюзе не падпісалі менавіта з-за пазіцыі беларускага боку. Беларусь цвёрда стаіць на сваім і не адмаўляецца ад прэтэнзій на танную нафту і нафтапрадукты.  
Але Расія лічыць, што праблема пошлін на нафту не мае дачынення да дамоўленасцяў па Мытным Саюзе. У выніку, сустрэча старшыняў урадаў Беларусі, Расіі і Казахстана ў мінулую пятніцу скончылася нічым. 
У заяве для журналістаў Уладзімір Пуцін нават не хацеў узгадваць пра патрабаванне беларускага боку пра мытныя стаўкі на нафту і нафтапрадукты. Але Сяргей Сідорскі, які стаяў побач, паспяшаўся пра гэта нагадаць.
Уладзімір Пуцін: "Я хачу, каб было зразумела, наколькі важнае для Казахстана, скажам, пытанне аб аб'ёме тавараў, што ўвозяцца фізічнымі асобамі. Для нас вельмі важная аўтамабільная прамысловасць... У нашых беларускіх калегаў ёсць свае інтарэсы, на якія яны асабліва звяртаюць увагу. Напрыклад, вывазныя пошліны..."
Сяргей Сідорскі: "Нафта і нафтапрадукты..."
Эканаміст Леанід Заіка кажа, што калі Беларусь будзе закупляць нафту па ўнутраных расійскіх цэнах, то беларускія "алігархі" змогуць зарабляць 3-4 мільярды штогод ад перапродажу танных нафты і нафтапрадуктаў. Гэта акурат сума, блізкая да той, што Міжнародны валютны фонд пазычыў Беларусі, а менавіта 3,6 мільярды долараў.
Леанід Заіка: "Уся ідэя была – дайце нам нафту і мы будзем на гэтым зарабляць 4 мільярды, і тады мы ўступім у Саюз!"
Паведамляецца, што на сустрэчы прэм'ер-міністраў віцэ-прэм'ер Расіі Ігар Шувалаў нават выказаў ідэю пра тое, што Беларусь пазней можа далучыцца да мытнага саюза Расіі і Казахстана. Леанід Заіка лічыць гэта цалкам магчымым.
Леанід Заіка: "Рэальна Мытны Саюз будзе працаваць у межах Казахстана і Расіі. Назарбаеў зробіць з Пуціным, а беларусам хвосцік падрэжуць з гэтай нафтай... Пакуль вырашылі так: не паддавацца на правакацыі Лукашэнкі, не быць закладнікамі маленькай, але ганарлівай Рэспублікі Беларусь, зрабіць Саюз, а беларусы пасля прыйдуць самі".
Старшыня даследчага цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук у такое развіццё падзеяў не верыць.
Яраслаў Раманчук: "Яны падпішуць трохбаковы пратакол, ці нейкую умову, што ўсе праблемы будуць вырашацца да 2011, калі запланавана стварэнне Адзінай эканамічнай прасторы".
У любым выпадку, Мытны саюз не запрацуе напоўніцу, лічыць эксперт.
Яраслаў Раманчук: "Падпісаць можна, але што гэта будзе за паперка? Можна абавязкаў ніякіх на сябе не браць, падпісаць дэкларацыю такую пустую і ўсё. Гэтая ідэя з Мытным саюзам нагадвае мне ідэю з адзінай валютай, якую мы ўводзілі з другой паловы 1990-х. Да гэтай пары ні валюты няма, ні патрэбы, а размовы ўсё ідуць".
Тры краіны дамовіліся працаваць над спрэчнымі пытаннямі наступнымі тыднямі. Плануецца, што Мытны кодэкс уступіць у сілу 1 ліпеня. 
Зрэшты, разам з гэтым аптымістычным варыянтам, і ідэяй пра пазнейшае ўступленне Беларусі, магчымы і трэці: перамовы працягнуцца наступнымі месяцамі і дата перанясецца на 1 кастрычніка, перадае словы неназванага расійскага чыноўніка газета “Ведомости”.
Фота: daylife.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі