Заіка: Пакуль ёсць танная нафта, беларусы могуць не баяцца канца свету

121221_lukashuk_konec_0.mp3

У тое, што 21 снежня надыдзе прадказаны індзейцамі мая канец свету, намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Андрэй Тур не верыць. Але тым не менш упэўнены: нешта ў самой ідэі канца свету ёсць. Прынамсі, яго гэта прадказанне наводзіць на філасофскія роздумы аб неабходнасці “перазагрузкі ў галовах”.

Андрэй Тур: “Я думаю, што напэўна ў гэтым нешта ёсць, рэальна! Проста так гэта не можа быць. Гэта як філасофскі камень: кожны канец азначае нейкі пачатак. Але што будзе ў выніку — гэта трэба паглядзець. У кожным выпадку, гэта нейкі элемент кропкі пачатковага адліку. Самае галоўнае, каб нешта памянялася ў нашых галовах”.


Старшыня Цэнтравыбаркама Лідзія Ярмошына ўпэўненая: нездарма канец свету “прызначылі” менавіта на 21 снежня.

Лідзія Ярмошына: “У гэтым, напэўна, нешта ёсць! Менавіта 21 снежня — гэта дзень нараджэння майго былога, першага, мужа, чыё прозвішча я нашу. Таму, відаць, не проста так выбралі мая гэты дзень!”



Лідар руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч як сапраўдны мая папярэджвае: канец свету сапраўды будзе… Сонца ж некалі згасне! Што тычыцца апакаліпсісу 21 снежня 2012 года, то, упэўнены палітык, у мая проста не хапіла цярплівасці далей дзяўбці камень і выбіваць на ім каляндар. Вось ён і “скончыўся”. А людзі, якія больш схільныя верыць у казкі, чым ў рэчаіснасць, з радасцю ўключыліся ў гульню пад назвай “Канец свету”.

Аляксандр Мілінкевіч: “Людзі спадзяюцца, што хтосьці за іх вырашыць: альбо што хтосьці іх пакарае, хтосьці прынясе шчасце альбо няшчасце. Мне здаецца, што беларусам больш за ўсё не хапае адказнасці за саміх сябе. За сваю сям’ю людзі больш-менш адказныя, а вось за краіну мы не ўмеем, мы не адчуваем, што мы адна сям’я”.


Пакуль у Беларусі ёсць танная расійская нафта, мы можам не баяцца ніякага канца свету, упэўнены эканаміст Леанід Заіка. Хаця, разважае, розныя астрафізічныя працэсы прымушаюць задумвацца.

Леанід Заіка: “Трэба было набыць сабе за 12 тысяч еўра невялікую кватэру ў гарах Балгарыі, пакласці там 4-5 скрыні з тушонкай, 200 літраў вады — і там сядзець, курыць кальян і глядзець, як усё будзе тануць. Гэта — калі рабіць усё пісьменна. Але я паленаваўся так зрабіць. А таму, як і ўсе беларусы, спакойна ляжу дома, чакаю, пакуль расійскую нафту загоняць на Мазырскі камбінат, перапрацуюць яе, і я пайду набываць піражкі”.


Лявон Вольскі шкадуе, што завяршыўся яго праект “Саўка ды Грышка” — гэта ж колькі песень можна было для іх напісаць з нагоды канца свету!

Лявон Вольскі: “Дзве песні — перад канцом свету, адна ці дзве — пасля. А раптам яшчэ! Для кабарэ сацыяльна-палітычнага гэта, безумоўна, вельмі багатая тэма для творчасці. А для песень, якія мусяць жыць не адзін-два тыдні і не год, хочацца верыць, то канец свету гэта — так…

Гэта ў псіхічна неўраўнаважаных творцаў, знясіленых наркотыкамі, чаканне канца свету можа знесці дах, упэўнены Лявон. Але беларускія рокеры да такой ступені загартаваныя, у іх было столькі канцоў свету, апісаных у “чорных спісах”, што прадказанні старажытных індзейцаў іх не напалохаюць!

Фота: Змітра Лукашука, baloven.info