За знішчэнне цэлага пад’езда — тры гады калоніі-пасялення

“Па артыкуле 428 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, службовая халатнасць, на тры гады пазбаўлення волі кожнага з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем распараджальных функцый, тэрмінам на пяць гадоў”, — расказваюць Еўрарадыё ў Мінскім абласным судзе пра пакаранне, якое атрымалі лагойскія газавікі за выбух у шматкватэрным доме ў вёсцы Малінаўка. Прысуд яшчэ не набыў моц.

Трагедыя здарылася яшчэ на пачатку лютага мінулага году. Тады пасярод белага дня амаль палова вялікага трохпавярховага дома ўзляцела ў паветра. Адзін чалавек загінуў, яшчэ адзін моцна пакалечаны (яму адарвала нагу). Большай колькасці ахвяр не здарылася толькі таму, што людзі былі на працы.

Пазней следства высвятляе, што выбухнуў газ. Жыхары дома на працягу трох дзён звярталіся ў “Лагойскрайгаз” — адчувалі характэрны пах уцечкі — але праблему так ніхто і не вырашыў. Суд над дырэктарам “Лагойскрайгаза” Дзмітрыем Шчурэвічам і старэйшым майстрам установы Аляксандрам Дзедаўцом працягваўся амаль чатыры месяцы. Прычым Шчурэвіч далёка не адразу сышоў са сваёй пасады. Супрацоўнікі прадпрыемства гавораць, што гэта здарылася толькі 15 ліпеня, за два тыдні да прысуда. Зараз абавязкі кіраўніка выконвае галоўны інжынер.

“Пакуль новага дырэктара ў нас няма. Яго абавязкі выконвае галоўны інжынер… Шчурэвіч звольніўся незадоўга да завяршэння суда. 15 чысла прыкладна”.

Тры гады калоніі — не самае моцнае пакаранне па 428 артыкуле. Газавікам пагражала пяць гадоў — максімальна магчымы тэрмін за службовую халатнасць, вынікам якой стала смерць чалавека. Але магло быць і значна менш, артыкул прадугледжвае нават умоўнае пакаранне.

Тым часам следчыя займаюцца яшчэ адной справай аб выбуху ў жылым доме — гэтым разам на вуліцы Пляханава ў Мінску. Ён адбыўся ў канцы лютага 2013 года, але ў Следчым камітэце гавораць, што да завяршэння расследавання яшчэ далёка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі