Вы тут

За тыдзень да выбараў па Мінску пройдзе вайсковая тэхніка

Вайсковая тэхніка ў Мінску / Еўрарадыё

2 жніўня ў Беларусі будзе адзначацца 90-годдзе Паветрана-дэсантных войскаў. Пераемнікам гэтага роду войскаў з'яўляюцца Сілы спецыяльных аперацый (ССА).

У сувязі з гэтым, як паведамляе прэс-служба Мінабароны, 1 жніўня ў Мінску з 10:00 да 14:00 на праспекце Пераможцаў каля Палаца спорту пройдз свята з удзелам вайскоўцаў ССА. У праграме свята — дэсантаванне з верталёта на зямлю і ў раку Свіслач, заняткі па рукапашным боі і розыгрыш баявых эпізодаў. Механікі-кіроўцы БТР пакажуць "вальс машын на вадзе". Таксама пройдзе выстава тэхнікі, узбраення, формы адзення. Будзе працаваць тэматычная фотазона.

2 жніўня свята перамесціцца ў Брэст, Віцебск і Мар'іну Горку, дзе размешчаныя часці ССА.

У сувязі з падрыхтоўкай да святочных мерапрыемстваў па аўтамабільных дарогах агульнага карыстання з 25 ліпеня па 2 жніўня пройдуць калоны вайсковай і спецыяльнай тэхнікі. 25 ліпеня вайсковая тэхніка прыбудзе ў Мінск. Аўтамабільны рух перакрывацца не будзе.

26 ліпеня з 19:00 да 22:00 плануецца рэпетыцыя ля Палаца спорту. Тэхніка ў гэты дзень з 18:00 адправіцца па наступным маршруце: Калодзішчы — МКАД — праспект Пераможцаў — Палац спорту. Назад яна будзе вяртацца тым жа маршрутам. Рух аўтатранспарту будзе абмежаваны.

У Мар'інай Горцы вайсковая тэхніка пройдзе 2 жніўня па вуліцах Новая Зара і Ленінская — з 7:00 да 8:00 і з 15:00 да 16:00.

1 жніўня пасля завяршэння свята плануецца вяртанне вайскоўцаў і тэхнікі ў пункты пастаяннай дыслакацыі. Інфармацыя пра час і маршрут руху будзе размешчаная дадаткова.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.