За перапрацоўку ядзернага паліва Беларусь заплаціць да 240 мільёнаў долараў

Пры гэтым радыеактыўныя адкіды застануцца ў нашай краіне Расія можа забіраць на перапрацоўку адпрацаванае ядзернае паліва з Астравецкай АЭС. З такой заявай выступіў намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк. Між тым, як раней паведамляла Еўрарадыё, расійскае заканадаўства забараняе захоўваць адкіды АЭС з іншых краін. Гэта зноў пацвердзіў расійскі фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі.

Андрэй Ажароўскі: “Яшчэ на скандальных слуханнях у Астраўцы прадстаўнік “Росатама” заявіў, што Расія не будзе займацца беларускімі адкідамі. Гэта дакладна там было прагаворана, услых, пры сведках — гэта таксама які-ніякі дакумент. Таму тут, мне здаецца, беларусы хітруюць. Аніякія адкіды, вядома ж, у Расію не паедуць, бо гэта забаронена законам”.

Аднак у карпарацыі “Росатам” словы беларускага чыноўніка пацвердзілі. Дырэктар прэс-службы “Росатама” Сяргей Новікаў падкрэсліў, што адпрацаванае ядзернае паліва не з’яўляецца радыеактыўнымі адкідамі, адпаведна аніякіх парушэнняў заканадаўства ў дамоўленасці няма. Таму з Астравецкай АЭС ядзернае паліва будзе вывозіцца на перапрацоўку.

Сяргей Новікаў: “Сваё паліва, зробленае на расійскай тэрыторыі, пасля таго, як яно адпрацуе ў рэактарах нашай вытворчасці за мяжой, вяртаем назад. Іншая справа, што адпрацаванае ядзернае паліва не называецца радыеактыўнымі адкідамі, паколькі 90% энергетычнага патэнцыялу ў адпрацаваным ядзерным паліве захоўваецца, і пасля перапрацоўкі яго можна зноўку выкарыстоўваць. Тут пытанне толькі ў тым, што называць адкідамі. Калі гаворка вядзецца менавіта пра адпрацаванае радыеактыўнае паліва ўласнай вытворчасці, то ў Беларусі яно на пастаяннае захоўванне не застаецца”.

Але з вывазам адпрацаванага паліва могуць узнікнуць праблемы. Для ўвозу яго ў Расію спатрэбіцца станоўчае заключэнне тамтэйшай Дзяржаўнай экалагічнай камісіі літаральна па кожным вагоне з Астравецкай АЭС. Адной ініцыятывы карпарацыі для гэтага не дастаткова.

Акрамя спрэчак па радыеактыўнасці кожнага “астравецкага” вагона, Беларусь чакаюць і дадатковыя выдаткі.

“Гэта абсалютна рынкавая паслуга. І міжнародная практыка гэткая існуе, што паліва забіраецца на перапрацоўку па ўзгодненым кошце”, — патлумачыў Сяргей Новікаў.

Дарэчы, у Расіі гэтая паслуга далёка не танная: кошт вагаецца ад 680 да 1500 долараў за кілаграм. Усяго на перапрацоўку з Астравецкай АЭС штогод плануецца адпраўляць 26,7 тон адпрацаванага ядзернага паліва. Адпаведна, ад 1,8 да 4 мільёнаў долараў. За 60 гадоў, на якія разлічана АЭС, перапрацоўка паліва будзе каштаваць ад 108 да 240 мільёнаў долараў! Для параўнання, Нацыянальную Бібліятэку пабудавалі за 90 мільёнаў, а агульны кошт рэканструкцыі палацавага комплексу Радзівілаў у Нясвіжы склаў каля 48 мільёнаў долараў.

Між тым, як раней пісала Еўрарадыё, могільнік для захавання радыеактыўных адкідаў Астравецкай АЭС будуць будаваць у любым выпадку. Аднак у Дэпартаменце па ядзернай энергетыцы адзначалі, што месца для яго пакуль не вызначана.

Дэпартамент па ядзернай энергетыцы: “На атамнай станцыі прадугледжваюцца сістэмы для апрацоўкі і захоўвання радыеактыўных адкідаў — гэта эксплуатацыйныя адкіды. Найчасцей іх будуюць на тэрыторыі самой станцыі. Але сёння ў нас ёсць адкіды чарнобыльскага ўтварэння, ёсць адкіды бытавыя і гэтак далей. З імі нешта трэба рабіць. І таму, магчыма, частка адкідаў станцыі будзе захоўвацца на агульнарэспубліканскіх магільніках. Гэта не абавязкова можа быць на станцыі: могуць быць абраныя іншыя месцы ў краіне”.

Такім чынам атрымліваецца, што праектам будаўніцтва беларускай АЭС аўтаматычна прадугледжваецца і будаўніцтва магільнікаў для радыеактыўных адкідаў. Нават калі адпрацаванае ядзернае паліва і будзе заставацца ў Расіі, кажа кандыдат тэхнічных навук, былы адказны сакратар камісіі Вярхоўнага Савета СССР “Па разглядзе прычын аварыі на Чарнобыльскай АЭС і ацэнцы дзейнасці службовых асоб у пасляаварыйны перыяд” Юрый Варонежцаў.

Юрый Варонежцаў: “Выпрацоўваецца шмат радыеактыўных адкідаў, так званыя "змыўкі". Гэта вада, якая знаходзіцца ў першым контуры. Часткова яна рэгенеруецца, потым выпарваецца і ствараюцца цвёрдыя радыеактыўныя адкіды. Гэтыя адкіды ніхто ні па якой дамове не забірае. Яшчэ ёсць вадкія адкіды, якія застаюцца пасля апрацоўкі розных тэхналагічных вузлоў — яны таксама застаюцца ў нас. Такім чынам, кожная атамная станцыя, незалежна ад наяўнасці дамовы з краінай, якая пастаўляла паліва, прадугледжвае будаўніцтва магільнікаў для адкідаў”.




Фота з www.energia.gr


Чытай таксама:
 
“АЭС будуюць у Віцебску, Магілёве, Гомелі і недалёка ад Мінска”

Падпісанне кантракту па будаўніцтве АЭС перанесена
 
З-за АЭС Вілія будзе штодня губляць 110 тысяч кубаметраў вады

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі