Вы тут

За паўгода парламенцкі буфет… патаннеў на 15 адсоткаў

На фота абед у дэпутацкім буфеце, за які наш журналіст у кастрычніку 2016 года заплаціў 6 рублёў 28 капеек.

За 6 месяцаў меню буфета, дзе абедаюць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, амаль цалкам змянілася. Еўрарадыё параўнала прайс-лісты сталоўкі, датаваныя 5 кастрычніка 2016 года і 19 красавіка 2017 года, і знайшло чатыры аднолькавыя пазіцыі ў меню. Чатыры стравы супадаюць не толькі па назвах, але і ў парцыйнай вазе.

І ў першым, і ў другім меню парламентарыям прапануюць халодныя закускі “Філе хека пад марынадам”, “Філе гарбушы заліўное, соўс хрэн” і “Руляда з птушкі з салатам са свежай капусты”. Стравы нібы аднолькавыя, але кошты розныя. У 2016 годзе за порцыю хека дэпутаты аддавалі 2 рублі 56 капеек, цяпер жа страва нечакана патаннела да 2 рублёў 5 капеек. А гэта, між іншым, танней на 20% ― немалая дэфляцыя, пагадзіцеся! Гарбуша ўвогуле згубіла ў кошце больш за 26% ― каштавала 2,30, а стала 1,69 рубля. Ну і 3 капейкі згубіла ў кошце руляда з птушкі (крыху больш за 2% ад першапачатковага кошту).

На жаль, супы і асноўныя стравы ў цяперашнім меню і прапановай буфета ў кастрычніку 2016 года не супадаюць, таму параўнаць кошты не атрымліваецца. Але класічны для Беларусі гарнір “Бульбяное пюрэ” ёсць і там, і там. Нягледзячы нават на тое, што ў кастрычніку бульба каштуе значна менш, чым у красавіку, бо гэта акурат сезон, порцыя пюрэ таксама патаннела. У кастрычніку дэпутацкае пюрэ каштавала 59 капеек, у красавіку – 51 капейку (на 13,5% менш).

Калі выказаць здагадку, што кошты і іншых пазіцый меню парламентскага буфета змяніліся так жа, як і чатыры згаданыя пазіцыі, то атрымліваецца, што ў сярэднім ежа для дэпутатаў патаннела на 15%.

Сёння самы дарагі абедзенны комплекс народным абраннікам абыдзецца ў 7 рублёў 96 капеек і будзе складацца з “Філе хека пад марынадам” (2,56 рублі), “Бульёна з птушкі з перапяліным яйкам” (1,41), “Кашы грэчневай, рассыпчатай” (0,64) ды “Рыбы смажанай у кунжуце/філе гарбушы/соўс тар-тар” (3,35).

Самы танны дэпутацкі абед будзе складацца з баршчу, салата з марской і белакачаннай капусты ды блінчыкаў з тварагом, і выцягне з кішэні дэпутата 4 рублі 46 капеек.

Галоўнае

Выбар рэдакцыі