Вы тут

За каментар пра Караева мінчуку прысудзілі чатыры гады "хатняй хіміі"

Юрый Караеў / Еўрарадыё

48-гадовага мінчука Дзмітрыя Пашкевіча асудзілі на чатыры гады "хатняй хіміі", а таксама прызначылі прымусовае лячэнне: мужчына мае псіхалагічныя асаблівасці. 

Суд над ім адбыўся ў судзе Ленінскага раёна Мінска, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна". Мінчука прызналі вінаватым паводле арт. 364 Крымінальнага кодэксу (гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка ўнутраных органаў).

28 верасня на спартовым сайце "Трыбуна" Пашкевіч пакінуў каментар пра кіраўніка МУС Юрыя Караева, у якім былі словы "трэба забіць". Спецыяльны аддзел МУС выявіў гэты каментар падчас маніторынгу на наступны дзень. 

Затрымалі Пашкевіча 28 студзеня, тады ж з дома забралі тэхніку.

На судзе мужчына патлумачыў, што напісаў каментар пад уздзеяннем моцных эмоцый ад гвалту — збіцця грамадзян супрацоўнікамі міліцыі. Ён кажа, што "было страшна глядзець на гэта" і адчуваў злосць да міліцыянтаў — не да ўсіх, а тых, хто збіваў людзей. 

Мінчук раскаяўся і прызнаў віну перад Караевым за тое, што напісаў такі пост.

Адвакат адзначыў, што Пашкевіч мае псіхалагічныя асаблівасці і цалкам знаходзіцца на ўтрыманні бацькоў: восем год не працуе наогул, бо нідзе не бяруць. 

Маці Дзмітрыя Галіна Баляславаўна расказала, што ён меў ДЦП, не хадзіў у дзіцячы садок. Дзесяць класаў ён закончыў толькі дзякуючы лекарам. Цяпер Пашкевічу патрэбная шпіталізацыя, каб усталяваць "холтэр", бо ён мае высокі ціск.

Да матэрыялаў справы далучанае апытанне пацярпелага Караева. Ён заявіў, што расцаніў паведамленне як "пагрозу асабіста мне, міністру МУС". Прабачэнні Пашкевіча экс-міністр палічыў дастатковымі. Але падкрэсліў, што было ўчыненае злачынства.

Суддзя Марыя Запаснік прызначыла тое пакаранне, якое папрасіў пракурор — чатыры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.