Вы тут

За каго галасаваць будзем? “Топы”, якія ідуць у Палату прадстаўнікоў

"Міс Беларусь 2019" Марыя Васілевіч, фота з асабістага архіва 

17 лістапада ў Беларусі пройдуць парламенцкія выбары. Зараз мы на этапе, калі беларусы з палітычнымі амбіцыямі рэгіструюць свае ініцыятыўныя групы. Сярод кандыдатаў ў кандыдаты ўжо шмат знаёмых твараў: як тых, хто вылучаецца ўпершыню, так і мацёрых палітыкаў.

Еўрарадыё выбрала найбольш вядомых персон: па якой акрузе будуць вылучацца і з кім там будуць змагацца за дэпутацкі мандат.
 

Марыя Васілевіч 

pret-a-portal.by

“Міс Беларусь 2018” Марыя Васілевіч скончыла факультэт менеджменту і эканомікі БДЭУ, удзельнічала ў беларускіх і міжнародных конкурсах прыгажосці, а зараз працуе сувядоўцай праграмы "Добрай раніцы, Беларусь!" на БТ. 22-гадовую дзяўчыну не раз заўважалі ў кампаніі Аляксандра Лукашэнкі: і кавуны збірае, і бульбу капае, і хакей глядзіць, і проста пробач сядзіць на афіцыйных мерапрыемствах. У сацсетках жартуюць, што з такім палітычным бэкграўндам перамога ёй забяспечаная.     

Дзе: Кальварыйская выбарчая акруга №104 Мінска

Канкурэнты: грамадскі актывіст Максім Вінярскі і дырэктар "Рэмаўтадара Фрунзенскага раёна" Генадзь Насевіч (поспехаў, хлопцы)
 

Ганна Канапацкая 

Дзейсны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая зноў балатуецца ў парламент. Для Ганны барацьба абяцае быць няпростай: сапсаваныя адносіны з Аб’яднай грамадзянскай партыяй, скандал з тг-чатам @ProtestBY вакол яе памочніка Дзяніса Ціханенкі. Але ёсць і больш сур’ёзныя перасцярогі для Канапацкай: па яе акрузе за дэпутацкі мандат будзе змагацца “правільны” праўладны кандыдат.

Дзе: Кастрычніцкая акруга № 97 Мінска

Канкурэнты: першы сакратар Мінскага гаркама БРСМ Сяргей Клішэвіч
 

Ірына Халіп

charter97.org

Вырашыла паўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах і журналістка Ірына Халіп. Сваю кар’еру яна распачала напрыканцы 1980-х. Працавала ў незалежных СМІ, такіх як газета “ИМЯ”, БДГ. З сярэдзіны 2000-х гадоў — уласная карэспандэнтка расійскай “Новой газеты” ў Беларусі.

У 2010 годзе трапіла за краты па “справе Плошчы”. Яе муж Андрэй Саннікаў быў кандыдатам у прэзідэнты і прадстаўляў “Еўрапейскую Беларусь”. Яго асудзілі да 5 гадоў калоніі, але ў 2012 годзе памілавалі. Ірына Халіп выйшла з СІЗА пад хатні арышт, пазней была асуджаная на два гады зняволення з адтэрміноўкай. Amnesty International прызнала яе вязнем сумлення.

Дзе: Партызанская выбарчая акруга №110 Мінска

Канкурэнты: каардынатар Руху “За Свабоду” па Мінску Віктар Янчурэвіч, намеснік старшыні партыі левых “Справядлівы свет” Валерый Ухналёў, тэлевядоўца Тэнгіз Думбадзэ
 

Алег Гайдукевіч

Намеснік кіраўніка ЛДПБ Алег Гайдукевіч, сын прафесійнага кандыдата ў прэзідэнта Сяргея Гайдукевіча, ужо ў другі раз спрабуе прабіцца ў Палату прадстаўнікоў. Гайдукевіч-малодшы скончыў Акадэмію МУС, узначальваў РУУС Фрунзенскага раёна Мінска. Падначаленыя Гайдукевіча “афармлялі” ўдзельнікаў “маўклівых” пратэстных акцый у 2011-м годзе. Адным з затрыманых тады быў цяперашні галоўрэд Еўрарадыё Павел Свярдлоў, які назіраў за акцыяй як журналіст і, тым не менш, разам з яе ўдзельнікамі паехаў з РУУС у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў.  

Дзе: Каліноўская выбарчая акруга №108 Мінска

Канкурэнты: дырэктар “Рамаўтадара Першамайскага раёна” Віталь Германчук і актывіст “Еўрапейскай Беларусі”, абаронца Курапатаў Леанід Кулакоў.

 

Генадзь Давыдзька

TUT.by

Кіраўнік праўладнага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Генадзь Давыдзька таксама пазмагаецца за дэпутацкі мандат. Давыдзька раней ачольваў Белтэлерадыёкампанію, быў генеральным дырэктарам Купалаўскага тэатра. Дэпутатам ён таксама быў: прайшоў у Палату прадстаўнікоў у 2004 годзе. “Белую Русь” ён ачольвае з лютага мінулага года, а сёлета ў лютым зрабіўся чальцом Савета Рэспублікі.

Дзе: Усходняя выбарчая акруга №107

Канкурэнты: кіраўнік Руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч 

 

Лілія Ананіч

TUT.by

Экс-міністр Лілія Ананіч будзе вылучацца ў родным Барысаве. Яна кіравала Міністэрствам інфармацыі з 2014 па 2017 год, з 2001 была намесніцай міністра.  Зараз з’яўляецца намесніцай старшыні грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз жанчын".

Дзе: Барысаўская сельская выбарчая акруга №63

Канкурэнты: начальнік Барысаўскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Пікуза і грузчык Яўген Шчарбін

***

Сярод тых, хто ўжо заявіў пра дэпутацкія амбіцыі, ёсць і іншыя “топы”: амбасадар Беларусі ў Турцыі Андрэй Савіных (Чкалаўская выбарчая акруга №96), рэктар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксей Ягораў (Віцебская — Кастрычніцкая выбарчая акруга №20), начальнік Генштаба Алег Белаконеў (Пухавіцкая выбарчая акруга №65). Рэгістрацыя ініцыятыўных груп працягваецца. Таксама кандыдаты будуць вылучацца ад партый і працоўных калектываў. Так што ў бюлетэнях мы дакладна пабачым больш “віпаў”, чым пералічана тут. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.