За адбітую селязёнку ў войску жаўнер атрымае 1 мільён рублёў праз 3,5 года

А грошы за яго лячэнне - 2 мільёны - бацькі асуджанага заплацяць Міністэрству абароны адразу пасля суда. Еўрапейскае радыё паведамляла ўжо пра выпадак дзедаўшчыны, які адбыўся ў Берасці ў 38-й брыгадзе ВДВ. Тады адзін з жаўнераў збіў Яўгена Бекарэвіча, у выніку чаго хлопцу выдалілі селязёнку. На днях адбыўся суд, які асудзіў абвінавачанага на тры с паловай гады строгага рэжыму. Аднак пасля прысуду пытанняў засталося нават болей.
Бацька Яўгена Бекарэвіча Юры Віктаравіч паведаміў Еўрарадыё, што Міністэрству абароны грошы бацькі асуджанага павінны выплаціць адразу, а яго сыну асуджаны жаўнер пачне выплочваць толькі праз 3,5 года, пасля адбыцця пакарання:

“Працэс праходзіў у звычайным салдацкім клубе. Нам, бацькам, нават слова сказаць не далі. Было вузкае кола людзей: суддзя з двума памочнікамі, пракурор і адвакат. Мы патрабавалі 29 мільёнаў, а далі толькі адзін. Яўген зараз працуе не па спецыяльнасці – кіроўцам. З бацькоў асуджанага спагналі 1.400.000 рублёў за лячэнне Яўгена ў раённай лякарні і 500 тысяч за мінскі шпіталь – на карысць беларускага войска. Яўгену ж – адзін мільён, да таго ж з самога асуджанага і толькі праз 3,5 года пасля турмы, калі ён пойдзе працаваць”.

Вячаслаў Раменчык, прэсавы сакратар Міністэрства абароны Беларусі, распавёў, што віны афіцэраў не было выяўлена. Уся адказнасць за здарэнне ўскладзена на асуджанага жаўнера:

“Згодна з Крымінальным кодэксам гэты выпадак быў фактам нестатутных адносін паміж вайскоўцамі. Прычынна-выніковай сувязі з боку афіцэрскага складу не было выяўлена. На сённяшні момант такія выпадкі здараюцца не толькі ў берасцейскай брыгадзе, але яны адзінкавыя. Да таго ж, яны ўласцівыя любому мужчынскаму калектыву зачыненага тыпа”.

Атрымалася, што беларускае войска, можна сказаць, выйшла сухім з вады. Грошы Міністэрству абароны за лячэнне радавога Бекарэвіча будуць выплачаныя бацькамі асуджанага ў хуткім часе. А сам Бекарэвіч пачне атрымліваць грашовую кампенсацыю толькі праз 3,5 года.
Гэта ўжо не першы выпадак у беларускім войску, калі асуджаны за дзедаўшчыну выплочваў грошы, але не пацярпеламу, а ваеннаму міністэрству. Так, у лютым гэтага года ў частцы, якая займаецца абслугоўваннем Ваеннай акадэміі, прапаршчык збіў радавога Дзмітрыя Васількова. Зараз жаўнера камісавалі па стане здароўя, а прапаршчык працягвае служыць у той жа частке. Па словах спадара Раменчыка, ён будзе выплочваць грошы са свайго заробку таму ж Міністэрству абароны на працягу двух гадоў:

“Адбыўся суд. Прапаршчык быў пакараны абмежаваннем па службе, спагнаннем з заробку 25% на тэрмін 2 гады. Медыцынскай экспертызай было выяўлена, што жаўнер з’яўляецца хворым, таму ён быў камісаваны з войска”.

Такім чынам, за выпадкі выкрыцця дзедаўшчыны ў войску Міністэрства абароны заўсёды атрымлівае яшчэ і грошы з жаўнераў. І гэта нягледзячы на тое, што само нясе адказнасць за нестатутныя адносіны…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі