"За 30 гадоў ідэя адраджэння не страціла сваёй важнасці і актуальнасці"

“Талака” — самая старая недзяржаўная арганізацыя Беларусі. У наступным годзе яна будзе святкаваць 30-гадовы юбілей. Праз “Талаку” ў свае часы прайшло шмат знакамітых беларусаў: праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Алесь Яўсеенка, пісьменнік Барыс Сачанка, заснавальнік гурта "Стары Ольса" Зміцер Сасноўскі, бард Вальжына Цярэшчанка і іншыя.

“Талака” паўстала на агульным уздыме нацыянальнага адраджэння, якое пачало паступова набірацца ў другой палове 1980-х гадоў, — распавядае Яўген Меркіс. — Арганізацыя і тады, і цяпер складаецца з апантаных маладзёнаў, якія хочуць штосьці змяніць у гэтай краіне. Мы даследуем гісторыю нашага краю, мову, іх асаблівасці — і папулярызуем усе гэтыя звесткі. Таксама змагаемся за мову ў горадзе, архітэктуру горада і іншыя асаблівасці”.

Сёння арганізацыя складаецца з 25 сябраў і 50 актыўных удзельнікаў. Сам Яўген Меркіс прыйшоў у “Талаку” ў 2009 годзе. Ён прызнаецца, што за амаль 30-гадовую гісторыю грамадскай арганізацыі яе асноўныя мэты не змяніліся.

“Важным кірункам нашай дзейнасці ёсць адраджэнне. Адраджэнне — гэта слова, якое стала гучыць з 1980-х гадоў. На жаль, з тых часоў і дагэтуль гэта актуальна і важна. Можа быць, калі-небудзь у будучыні гэтая наша роля адпадзе: Беларусь нарэшце вывучыць сваю гісторыю, усе будуць ведаць сваю мову ці хаця б яе шанаваць. Але да тых часоў мы як працавалі, так і будзем працаваць”.

Своеасаблівы брэнд "Талакі" — фальклорна-этнаграфічныя праекты, правядзенне аўтэнтычных святкаванняў і старажытных абрадаў. Так, талакоўцы традыцыйна ладзяць “шчодрыкі” на рынках Гомеля, а таксама “Гуканне вясны” на ўзбярэжжы Сожа.

Адным з апошніх буйных праектаў стала стварэнне першай крытычнай мапы Гомеля.

“Мы так незвычайна падышлі да Гомеля: адзначылі ўсе цікавыя аб’екты, якіх звычайна на мапах не знойдзеш. На жаль, Гомель часта лічаць такім шэрым горадам, у якім нічога, акрамя палаца, няма. Мы адзначылі на мапе і гістарычныя адметнасці, і проста цікавыя аб’екты. Напрыклад, шакаладная алея каля фабрыкі “Спартак”, пра якую ніхто не напіша, ці бабуля-блюзменка, якая грае лямпачкай на гітары”.

На жаль, улады не заўсёды ідуць насустрач арганізацыі, хоць “Талака” і зарэгістраваная афіцыйна. Часта ўзнікаюць праблемы з месцамі правядзення мерапрыемстваў. Таму, па словах Яўгена Меркіса, у найбліжэйшых планах — пошук сталай “прапіскі”.

“Хочацца стварыць нейкую пляцоўку, дзе б мы маглі ладзіць культурніцкія гарадскія мерапрыемствы, каб не трэба было залежыць ад бібліятэк і іншых публічных месцаў, дзе нам могуць адмовіць. Часта былі сітуацыі, калі сябры арганізацыі арандавалі памяшканні за ўласныя грошы, але нам адмаўлялі. Нават у такім выпадку гарантый ніхто не дае, і вам могуць адмовіць у самы апошні момант — сказаць, напрыклад, што трубы лопнулі… Гэта рэальныя гісторыі, якія ў нас былі”.

Рубрыка “Ты можаш” спецыяльна для праграмы Кардыяграма

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі