З-за вулкана на пахаванне Качыньскага палітыкі едуць цягнікамі і машынамі

Тузін еўрапейскіх краін закрылі сваю паветраную прастору, скасаваныя тысячы лётаў. Прычына — у воблаку попела ад вывяржэння ісландскага вулкана, якое плыве над кантынентам. Гэта ставіць пад пытанне прыезд замежных дэлегацый на пахаванне загінулага ў авіякатастрофе польскага прэзідэнта Леха Качыньскага.

Над Літвой і Латвіяй самалёты не лятаюць зусім, у Польшчы ад 8 гадзін раніцы пятніцы дзейнічае толькі адзін аэрапорт — пад горадам Жэшуф. Сёння ён прымаў усе самалёты, якія ляцелі ў іншыя польскія аэрапорты.

Карта нядзейных аэрапортаў. Фота: tokfm.pl

Еўрапейскае агенцтва авіябяспекі сцвярджае, што паветраны рух у Еўропе можа быць паралізаваны яшчэ ледзь не суткі. 
Ці перашкодзіць вулканічны попел прылёту ў Кракаў кіраўнікоў дзясяткаў краін свету — пакуль невядома. Але на просьбу прэзідэнцкай сям'і пахаванне, нягледзячы на акалічнасці, перанесена не будзе.
"Як і было запланавана, пахавальныя працэдуры пачнуцца заўтра. Не трэба канцэнтравацца толькі на Кракаве. У суботу а палове на шостую вечара труны будуць перанесеныя з Прэзідэнцкага палацу ў Касцёл святога Яна, дзе адбудзецца служба. Яны застануцца ў касцёле да моманта перавозу ў Кракаў. Там у нядзелю а другой гадзіне адбудзецца служба ў Марыяцкім касцёле", — паведаміў удзень радыё RMF прэс-сакратар прэзідэнцкай канцылярыі Яцэк Сасін.
Раней прэзідэнтура заяўляла, што ў самым крайнім выпадку перанос цырымоніі мажлівы  — калі акажацца, што магчымасці прылёту ў Кракаў няма.
Большасць польскіх еўрадэпутатаў, каб трапіць на жалобныя ўрачыстасці, вырашылі ехаць з Бруселя цягніком. З прычыны зачыненых аэрапортаў і адсутнасці білетаў на цягнік прэзідэнт Еўрапарламента Ежы Бузэк выехаў у Польшчу на машыне. 
Пакуль жа звестак пра тое, што нехта з замежных гасцёў адмовіўся ад прылёту, няма. Візіт у Польшчу значыцца і ў праграме Барака Абамы.
Адміністрацыя адзінага дзейнага польскага аэрапорта запэўнівае, што ў стане прыняць паветранае судна Абамы. Але ўсіх самалётаў не змесціць — максімум 8 пазапланавых рэйсаў.
Швецыя, Нарвегія і Ірландыя ўжо пачалі паступова адкрываць сваю паветраную прастору, цалкам ізаляваную ў чацвер праз воблака попелу. Тым часам воблака рухаецца на ўсход і поўдзень Еўропы і можа паралізаваць паветраны рух у іншых краінах. У тым ліку, у Беларусі.
"Калі не будзе ападкаў, вецер павярне да паўночнага захада на вышыні 5-10 кіламетраў, то можа прыпаўзці да нас", — кажа Багдана Казярук, супрацоўніца Рэспубліканскага цэнтра радыяцыйнага кантролю.
Размеркаванне вулканічнага попелу (ружовы колер) на 16 красавіка 18.00 па брытанскімчасе.
У любым выпадку, беларусы воблака попелу з зямлі не пабачаць, бо ляціць яно ў высокіх слаях атмасферы, паведамляюць метэаролагі. Здароўю пагражаць яно можа ў тым выпадку, калі асядзе на зямлю.
Галоўная небяспека попела — не ў меншай бачнасці, а ў часцінках пылу, якія могуць прыпыніць авіяцыйныя рухавікі.
Фота: www.cbc.ca

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі