З-за крызісу ў Баранавічах можна купіць будынак за 35 тысяч рублёў

А ў Пінску — гарэлку ў любы час сутак Адміністрацыі раёнаў шукаюць, як папоўніць казну ў перыяд крызісу. У Пінску, напрыклад, дазволілі прадаваць прадукты ў намётах, дзе не вытрымліваюцца ўмовы тэмпературнага рэжыму і захоўвання. Ёсць негалосны загад да санслужбаў не чапаць гэтыя кропкі іх за парушэнні правілаў гандлю, перадае наш карэспандэнт Глеб Паўлоўскі.

У дадатак да гэтага зараз у Пінску можна набыць гарэлку ў любы час сутак. У хуткім часе крамы, якія займаюцца гэтым, будуць адпаведна абсталяваныя, кажа начальнік аддзела эканомікі Пінскага райвыканкама Лідзія Барановіч.

Лідзія Барановіч:
"Гэтыя магазіны будуць забяспечаныя ў бліжэйшы час трывожнай кнопкай і відэакамерай. Ім былі пастаўленыя такія ўмовы, каб усталявалі відэакамеру і кнопку трывогі".

Улады Гродзенскай вобласці таксама дазваляюць гандляваць 24 гадзіны на суткі, распавядае рэдактар "Газеты Слонімскай" Віктар Валадашчук:

Віктар Валадашчук: "Гродзенскі аблвыканкам прыняў рашэнне, каб у кожным райцэнтры былі начныя магазіны. Гэта робіцца дзеля таго, каб якім-небудзь чынам папоўніць казну праз дробны гандаль".

Таксама слонімскі раённы бюджэт папаўняецца падаткамі з паспяховых прадпрыемстваў: Слонімскай мэблевай фабрыкі і тэкстыльнага прадпрыемства "Ромгіль", кажа спадар Валадачшук.

Віктар Валадашчук: "Напрыклад, Слонімская мэблевая фабрыка. Яна адмовілася ад газу, пераабсталявала сваю кацельню і цяпер паліць на сваіх адкідах: драўляных стружках. Больш за тое, яны выйгралі тэндэр на выраб мэблі для расійскіх гатэляў".

А на слонімскім прыватным прадпрыемстве "Ромгіль" займаюцца вырабамі трыкатажнага адзення. Зараз яно выходзіць на рынкі СНД. Шмат працаўніц з дзяржаўных мерапрыемстваў пераходзіць працаваць на "Ромгіль".

Каб прывабіць інвестараў у Баранавічы, мясцовы райвыканкам прадае будынкі на аўкцыёнах. Першапачатковая цана некаторых — 35 000 рублёў, распавёў Еўрарадыё намеснік старшыні Баранавіцкага райвыканкама па эканоміцы Андрэй Дамарацкі.

Андрэй Дамарацкі: "Сёння прадаем будынкі нават за адну базавую велічыню, прывабліваем інвестараў, гатовыя разгледжваць усе прапановы. Розныя будынкі прадаем, ёсць спіс будынкаў, якія выстаўляюцца на аўкцыён: пад прыдарожны сэрвіс, пад арганізацыю вытворчасці".

Горш за ўсё, відаць, прыйшлося баранавіцкім дворнікам. Іх з-за крызісу звальняюць або адпраўляюць у неаплатныя адпачынкі. З 90 дворнікаў на сёння скарацілі 10, яшчэ 20 чакаюць такой жа долі.

А вось у Клімавіцкім раёне ніякага крызісу няма. Ды і гарэлку па начах прадаваць не трэба — бо ў раёне знаходзіцца вельмі буйны лікёра-гарэлачны завод, даведаліся мы ад намесніка старшыні Клімавіцкага райвыканкама па эканоміцы Канстанціна Бараўлі:

Канстанцін Бараўля: "У нас увогуле крызіса няма. Стабільна працуюць прадпрыемствы, выконваюцца прагнозныя паказчыкі. А што тычыцца начнога гандлю гарэлкай — у нас у раёне вельмі буйны лікёра-гарэлачны завод (смяецца). Таму дастаткова продажу спіртных напояў з 9 да 21 гадзіны — паводле рашэння, прынятага ў Магілёўскай вобласці".

Можа, кожнаму раёну трэба пабудаваць лікёра-гарэлачны завод — і крызіс як рукой здыме?

Фота — caricatura.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі