“З класных кіраўнікоў знялі прэміі за знешні выгляд вучняў”. Што адбываецца?

Кадр з музычнай стужкі The Wall
Кадр з музычнай стужкі The Wall

“З класных кіраўнікоў знялі прэміі за знешні выгляд вучняў 8-11 класаў”, — паведамілі Еўрарадыё бацькі вучаніцы з Мінску. З іх слоў, адміністрацыя ўказала на тое, што дзеці не прытрымліваюцца дзелавога стылю, а насамрэч ім проста не спадабаўся колер нечай вопраткі.

“Мы лічым, што дырэктарка зрабіла гэта наўмысна, каб перасварыць бацькоў і з дзецьмі, і з настаўнікамі, — дадаюць нашы суразмоўцы (маўляў, так прасцей усё кантраляваць). — Нас ужо папярэдзілі, што ў наступным годзе будуць сачыць за знешнім выглядам яшчэ больш. Карацей, закруцяць гайкі як змогуць”.

Былы настаўнік, які шмат гадоў адпрацаваў у сістэме беларускай адукацыі, распавядае, што такая сітуацыя ў нашых школах звыклая і нават недзе законная.

“Прэмія выдаецца на жаданне кіраўніцтва і не з'яўляецца абавязковай, — тлумачыць ён. — Яе можна налічыць, а можна і зняць. Гэта значыць, што прэмія — звычайная прылада для ўтрымання “пакорлівых рабоў”. Так было і так ёсць”.

“Але раней з настаўнікаў у нашай школе не здымалі за гэта прэміі”, — хвалююцца бацькі вучняў, якіх адміністрацыя зрабіла ўскосна вінаватымі ў гэтай сітуацыі. 

Чаму дырэктарка вырашыла пакараць падначаленых гэтым разам, чытачам Еўрарадыё каментуе эксперт у сферы навукі, адукацыі і інавацый Андрэй Лаўрухін

“З класных кіраўнікоў знялі прэміі за знешні выгляд вучняў”. Што адбываецца?
Андрэй Лаўрухін / архіў эксперта

“Натуральна, калісьці здавалася, што дрэс-код — гэта, можа, і добра: хай вучні будуць прыгожа апранутыя. Шмат каму, нават мне, гэта падавалася не такім істотным. Але для ўладаў, і трэба гэта разумець, правілы таго, як трэба выглядаць у школе, — яшчэ адзін інструмент і магчымасць кантролю над настаўнікамі і ўсімі, хто мае адносіны да сістэмы адукацыі”. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі