Вы тут

З КК выключылі адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі

Фота: pixabay.com

Палата прадстаўнікоў 19 снежня ў другім чытанні прыняла шэраг паправак у кодэксы. У прыватнасці, як піша праваабарончы сайт "Вясна", дэпутаты выключылі з Крымінальнага кодэкса артыкул 193.1, які пагражаў за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. 

Замест крымінальнай адказнасці ўводзіцца адміністрацыйная — артыкул 23.88 Кодэкса аб адміністрацыйных парвапарушэннях. Цяпер за гэта пагражае штраф да 50 базавых велічынь. 

Каб набыць сілу закона, гэты законапраект павінен быць ухвалены яшчэ Саветам Рэспублікі і падпісаны кіраўніком дзяржавы. Потым яго павінны афіцыйна апублікаваць.

За час існавання артыкула 193.1 да крымінальнай адказнасці ў Беларусі былі прыцягнутыя 17 чалавек. Пяцёра з іх былі пакараныя пазбаўленнем волі.

У жніўні 2006 года да розных тэрмінаў пазбаўлення волі былі асуджаныя сябры незарэгістраванага грамадскага аб'яднання "Партнёрства" Цімафей Дранчук, Мікола Астрэйка, Андрэй Шалайка, Эніра Браніцкая. Маладыя людзі збіраліся весці назіранне за прэзідэнцкімі выбарамі.

Потым пад пераслед трапілі актывісты "Маладога фронту". У 2006 годзе Эдуард Зелянкоў са Жлобіна быў аштрафаваны, а Зміцер Дашкевіч асуджаны на паўтара года пазбаўлення волі. 

Месяц таму стала вядома, што ў дачыненні да магілёўскага сябра "Вясны" Аляксандра Буракова пачалі праверку ў рамках крымінальнага працэсу паводле артыкула 193.1. На думку міліцыянтаў, Буракоў адмініструе сайт "Правы чалавека ў Магілёве", што адносіцца да незарэгістраванай арганізацыі Праваабарончы цэнтр "Вясна". Праўда, 5 снежня магілёўцу паведамілі, што праверка прыпыненая.