Юрый Шаўцоў: Існуе вялікая верагоднасць вызвалення палітвязняў

Нагадаем, нядаўна Беларусь з 4-дзённым візітам наведаў дакладчык дэлегацыі Еўрапарламента па Беларусі Юстас Палецкіс, які сустракаўся з прадстаўнікамі беларускіх уладаў і з апазіцыяй. Між іншым Юстас Палецкіс закранаў тэму палітвязняў. На сустрэчы з журналістамі амбасадар Італіі ў Беларусі Арнольда Абэці заявіў пра тое, што вызвалення беларускіх палітвязняў чакае не толькі Еўропа, але і ўвесь свет. 

Еўрарадыё: Ці могуць такія заявы Палецкіса і Абэці стаць першымі сігналамі хуткага вызвалення палітвязняў?


Юрый Шаўцоў: Дыпламаты і палітыкі такога ўзроўню напэўна інфармаваныя, калі так кажуць. Аднак ніколі на 100% не трэба казаць, што такога кшталту прагнозы здзейсняцца. Аднак вялікая верагоднасць вызвалення палітзняволеных усё ж такі існуе.

Еўрарадыё: Таксама днямі Следчы камітэт закрыў справу незалежнага журналіста Андрэя Пачобута і стала вядома, што не будзе распачата крымінальная справа супраць установы “Архэ-пачатак”. Можа гэта спроба Беларусі распачаць дыялог з Еўрапейскім Саюзам?


Юрый Шаўцоў: Безумоўна гэта сведчыць пра нейкія зрухі, і не толькі гэтыя выпадкі, але і нядаўні візіт у Францыю  намесніцы міністра замежных спраў Алены Купчыной, гэта адзін ланцужок падзей на збліжэнне з Захадам. Мы ўсе ведаем найноўшую гісторыю нашай краіны, і не раз былі сведкамі зрухаў у той ці іншы бок, таму лібералізацыя ці паляпшэнне стасункаў з Еўропай могуць адбыцца ў бліжэйшы час, але трэба быць асцярожнымі ў чаканнях. Бо ўсе гэтыя дыпламатычныя крокі робяцца ў межах падрыхтоўкі да правядзення Саміта "Усходняга партнёрства", які адбудзецца ў Вільні сёлета. А гэты саміт падаецца ў Еўропе як альтэрнатыва Еўразійскай інтэграцыі. Але такая фармулёўка мэты саміта ўжо з’яўляецца крыніцай для абвастрэння дыпламатычных стасункаў паміж Расіяй і Еўрапейскім Саюзам. Акрамя таго, у межах гэтага саміта плануецца заключэнне дамоваў аб асацыяцыях паміж трыма, а можа і чатырма краінамі "Усходняга партнёрства" і Еўрапейскім Саюзам. Таму гэта канфліктная кропка на восень і таму могуць быць якія заўгодна змены, каб зменшыць супярэчнасці паміж Беларуссю і Еўрапейскім Саюзам.  

Еўрарадыё: Саміт "Усходняга партнёрства" адбудзецца ў лістападзе, ці магчыма, што да гэтага часу  вызваляць палітвязняў?


Юрый Шаўцоў: Тэарэтычна так, бо для Беларусі палітвязні не з’яўляюцца істотнай унутранай праблемай. Гэта хутчэй сімвалічная рэч для дыпламатыі з Еўропы. У межах дыпламатычных крокаў палітвязні могуць быць вызвалення, але, паўтаруся, трэба быць асцярожным у прагнозах, бо канфліктнасць філасофіі Віленскага саміта вялікая.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі