Вы тут

Юрыста фонду Навальнага вывезлі на мяжу Беларусі ў кайданках і з мехам на галаве

Уладлен Лось (на пярэднім плане) / facebook.com/vladlen.los

Юрыста расійскага Фонду барацьбы з карупцыяй (ФБК) Уладлена Лася вывезлі на мяж з Беларуссю ў кайданках і з мехам на галаве. Уезд у Расію яму забаранілі на пяць гадоў. Пра гэта ён сам распавёў у відэароліку, які апублікаваў штаб Аляксея Навальнага

Як распавядала Еўрарадыё, 21 студзеня Уладлену Ласю паведамілі, што ён да 25-га павінен пакінуць тэрыторыю Расіі. Яму быў забаронены ўезд у Расію на тры гады. Лось — грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Пра высылку яму абвясцілі напярэдадні масавых акцыяў, якія ладзілі ў Расіі прыхільнікі Навальнага.

На наступны дзень яго арыштавалі на трое сутак за непадпарадкаванне паліцыі. Юрыст адбываў адміністрацыйны арышт, які мусіў скончыцца ў нядзелю, 24 студзеня. Самастойна выехаць з Расіі яму не дазволілі. 

"У нядзелю, пасля заканчэння тэрміну майго арышту, я быў зноў затрыманы невядомымі людзьмі ў цывільным. Яны закавалі мяне ў кайданкі і надзелі мех на галаву. Пасля гэтага мяне пагрузілі ў мікрааўтобус, і мы каля дзесяці гадзін ехалі ў бок мяжы Рэспублікі Беларусь", — распавёў Уладлен Лось.

Пасля паўночы яму сказалі, што ён спазніўся і парушыў тэрмін добраахвотнага выезду, таму цяпер яго дэпартуюць і яму забаронены ўезд у Расію на пяць гадоў. 

Лось дадаў, што ў Беларусі сілавікі яго не затрымлівалі, а суправадзілі да аэрапорта. "Я пакінуў Беларусь і цяпер знаходжуся ў бяспечным месцы", — патлумачыў ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.