Вы тут

ЮНІСЕФ: 57% беларускіх дзяцей зазнаюць у сям'і псіхалагічны і фізічны гвалт

pixabay.com

57% беларускіх дзяцей зазнаюць фізічную сілу і псіхалагічны ціск у сем'ях.  

Такія вынікі паказала даследаванне, якое правялі сумесна Белстат і ЮНІСЕФ у беларускіх сем'ях. Мэта даследавання — выявіць як выконваюцца правы дзяцей і жанчын. 

Даследаванне праводзілася ўжо трэці раз (раней — у 2005 і 2012 гадах) у рамках МІКС — міжнароднай праграмы абследаванняў хатніх гаспадарак. У Беларусі ў ёй прынялі ўдзел каля 9000 сем'яў з розных рэгіёнаў. 

Выявілася, што ў 4% беларускіх сем'яў лічыцца нармальным, калі муж б'е жонку за тое, што яна выйшла з дому без дазволу, не клапоціцца пра дзяцей, пярэчыць мужу, адмаўляе яму ў сексе або ў яе прыгарае ежа. Праўда, больш за 99% маладых хлопцаў мяркуюць, што жанчын біць нельга, але з гадамі гэтыя погляды змяняюцца. 

Дарэчы, 4% жонак самі не супраць таго, каб іх часам білі. Прычым гэта пераважна бедныя сем'і з вёскі. Біць жанчыну з прычыны прыгарэлай ежы лічаць дапушчальным 9% мужчын з невялікімі даходамі і 7% вясковых жанчын. 

Даследаванне паказала таксама, што 100% мужчын пачуваюцца ва ўласным доме ў бяспецы. А вось сярод жанчын гэты паказнік склаў толькі 97%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.