Yellow Brick Road "Honeymoon"

Другі альбом гурта Yellow Brick Road, які быў названы Honeymoon (паводле музыкаў “Мядовы месяц” сімвалізуе самы шчаслівы час у жыцці) адразу ўражвае якасцю гучання. І гэта нягледзячы на тое, што акрамя барабанаў усё было запісана самімі музыкамі ў хатніх умовах, там жа зведзена і змайстравана.

Мелодыка песень і  выкананне амаль не адрозніваюцца ад папярэдняга дэбютніка і адразу вяртаюць нас у гарачыя 1960-я гады. Тут прысутнічаюць і яскравыя гітарныя рыфы, характэрныя таму перыяду, і надарваны вакал, і жаданне запоўніць кожны трэк максімальнай колькасцю музычных элементаў і фішак. Дыск можна слухаць пастаянна, і ён не прыядаецца, наадварот, кожны раз захапляешся тым, што маладыя беларусы так адчуваюць брытанскую музыку тых далёкіх часоў.

Альбом атрымаўся вельмі роўным, а таму не ўзнікае жадання выкінуць з плэй-ліста адну з песень, але і не ўзнікае жадання паставіць штосьці на “рэпіт”. Напэўна, менавіта гэты, з аднаго боку, плюс і становіцца самым вялікім мінусам усяго рэлізу. Колькі б разоў ні слухаў усе трэкі, ужо праз гадзіну цяжкавата ўзгадваеш мелодыю ці тыя шматлікія фішкі. 

Падчас праслухоўвання неаднаразова узнікаюць думкі пра падабенства таго ці іншага моманта то на Led Zeppelin, то на Pink Floyd, то на Deep Purple, а часам і на вакальныя тэмы Jesus Christ Superstar. Але гэта не плагіят, а проста нечым падобныя моманты.

Адна з песень Honeymoon з красамоўнай назвай Sell Your Soul To Rock’n’Roll (на вокладцы альбома яна напісаная абрэвіятурай) нібыта павінна была прыцягнуць асобную ўвагу. Музыкі нават самі паспрабавалі прапіярыць яе тым, што ў запісе гэтага трэка ўдзельнічала каля ста чалавек. Але вось што дзіўна: гэтых ста чалавек зусім не чуваць. Хор, які спявае напрыканцы кампазіцыі, дастаткова бедны па гучанні, і, падаецца, налічвае чалавек дзесяць. Але гэта, хутчэй за ўсё, пытанне няправільнага звядзення, з-за якога запамінальны радок і яго мелодыя папросту губляюцца.

Песня Vampeld Honeymoon, якую, гледзячы па ўсім, можна лічыць загалоўнай, па стылістыцы моцна адрозніваецца ад астатняга матэрыялу. Але гэта не выбівае яе з агульнага канцэпту. Яна стаіць пад апошнім 10-м нумарам, і яе псіхадэлічная аранжыроўка ды гітарны перабор вельмі нагадваюць сапраўды развітальны трэк, з апошнім акордам якога ужо не чакаеш працягу, а дакладна ведаеш, што альбом скончаны.

Такім чынам, раблю выснову, што дыск гурта Yellow Brick Road Honeymoon, які, дарэчы, можна бясплатна спампаваць на сайце музыкаў, – гэта цалкам прафесійны і варты ўвагі прадукт, няхай і са сваімі хібамі. Але калі збіраюцца прафесійныя музыкі з такой прагай да стварэння якаснага рок-н-ролу, іншага быць проста не можа.

Гук "Перадачы-Аглядачы"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі