Яўген Карняг: "Я ніколі не гляджу свае спектаклі"

Пасля 2-х гадовага навучання ў школе-студыі ММАТ імя Чэхава і дыплома рэжысёра, Яўген Карняг – надзея і скандал беларускай тэатральнай сцэны адначасова, вярнуўся ў Мінск і прадставіў на вялікай сцэне свой нашумелы спектакль "Не танцы". Спектакль, асноўная тэма якога – гвалт, разбурае ўсе стэрэатыпы "класічнага" успрыняцця танца. Па словах Яўгена Карняга, танец – гэта не толькі весялосць, усмешка, народны пачатак і пазітыўны пасыл.

Яўген Карняг: "Таму мой спектакль і называецца "Не танцы". Мы вось гэтай пластыкай бралі больш складаныя тэмы, каб і паказаць і даказаць гледачу, што танец можа быць вельмі розным. І пры дапамозе танца можна размаўляць пра розныя праблемы, не толькі пра каханне, але, напрыклад, і пра тое, што чалавеку балюча".


Спектакль "Не танцы", які першапачаткова ставіўся ў 2007 годзе на сцэне Акадэміі мастацтваў і меў працоўную назву “Повешение”, рыхтаваўся як дзяржаўны іспыт па тэатральным танцы. Але працэс так захапіў і рэжысёра, і акцёраў-студэнтаў, што нечакана без дакладнага сцэнарыя і так званых "правілаў гульні" матэрыял пачаў вымалёўвацца ў тэму супраць гвалту, а танцы сталі больш агрэсіўнымі.


Нягледзячы на тое, што дзяржіспыт колішнія студэнты Акадэміі ўсё адно “завалілі”, зараз “Не танцы” карыстаюцца вялікім поспехам сярод аматараў умоўнага сучаснага мастацтва. А гэта, кажа Яўген Карняг, толькі падкрэслівае, што праблема не ў студэнтах, а ў выкладчыках.



Яўген Карняг: "Яны не ведаюць, што такое тэатральны танец, танец для акцёра, і выкладаюць яго як харэаграфічны, пабудаваны на гэтых тупых усмешках, і атрымліваецца такое крыўлянне драматычнага акцёра пад музыку. А сучасны глядач ужо не можа ўспрымаць гэтую фальшывасць танца, які не напоўнены, не пражыты скурай, нутром, целам. Таму што ў танцы цела – гэта душа".

З-за скупасці рухаў, з якіх складаецца спектакль, адсутнасці ўражваючых падтрымак, шпагатаў, скачкоў, якія патрабуюць дзесяцігоддзяў досведу працы "ля класічнага станка", Яўген Карняг спачатку нават думаў назваць свае танцы “скупымі танцамі”. Ды і ў якасці ўдзельнікаў "Не танцаў" рэжысёр свядома выбраў акцёраў, а не прафесійных танцораў.


Яўген Карняг: "Для мяне галоўнае ў спектаклі – сыграць, а не станцаваць. Я хацеў ствараць свае танцы з людзьмі, цела якіх проста крышачку больш натрэніраванае чым у астатніх, працаваць менавіта з імі. І рабіць гэта так, каб скура гарэла на чалавеку".

Мова рухаў – самая зразумелая мова, лічаць акцёры "Не танцаў", бо яна зразумелая гледачу любой краіны.

Аляксандр Казела:
"Я не лічу сябе звышпластычным чалавекам, але гэты досвед – вельмі цікавы, і нічога падобнага ў маёй практыцы няма".


"Гэтая мова рухаў вельмі добра падабраная, яна даходлівая і моцна ўплывае на гледача, – дадае Кацярына Аверкава. – І з гэтым вельмі цікава працаваць,бо ўсё лішняе адпадае. Ты не хаваешся ні за тэкст, ні за дэкарацыі, ёсць ты, твае эмоцыі і задача, якую трэба выразіць жэстам".

 
Спекталь "Не танцы" раскрывае тэму гвалту як у дробных праяўленнях, так і ў буйных. Гэта і вайна, і ўнутраны гвалт, і адносіны паміж мужчынам і жанчынай, і генацыд, і самападаўленне, і выбар, кім у выніку ты хочаш стаць – ахвярай ці катам, тым, каго падаўляюць, ці тым, хто падаўляе. "Не танцы" – гэта своеасаблівы катарсіс, таму што следам за эмоцыямі і экспрэсіяй акцёраў ты таксама перажываеш ачышчэнне. Перш за ўсё, ад болю.




Кацярына Аверкава: "А чалавеку заўжды нешта баліць. Таму, калі думаеш пра задачы, якія паставіў перад табой рэжысёр і пра тэматыку спектаклю, заўжды знойдзеш нешта сваё на дадзены момант балючае. Таму для мяне гэты спектакль з’яўляецца дарагім і гаючым, бо ратуе мяне ад шматлікіх асабістых перажыванняў".

 
Да фіналу ў "Не танцах" усе ўдзельнікі прыходзяць аднолькавымі – голымі і самотнымі. Яны зноў і зноў грукаюць у зачыненыя дзверы, б’юцца ў іх з разбегу, плачуць і спяваюць, Але самае важнае, што ў спектаклі акрамя болю, гвалту і экспрэсіі ёсць святло.

Гэта тое, да чаго імкнуцца ацёры і тое, што знаходзяць напрыканцы спектакля – калі ўжо, здавалася б, губляюць сілы каб змагацца, яны збіраюцца разам, абдымаюцца і ўжо нават не звяртаюць увагі на тое, што дзверы адчыніліся…



Зала апладзіравала стоячы. Акцёры шматразова выходзілі на "фінальны" паклон. Людзі ў фае задумліва пераглядаліся, а рэжысёр, Яўген Карняг, відавочна перажываў. Як высветлілася – Яўген ніколі не глядзіць свае спектаклі ў зале, толькі слухае за кулісамі.

Яўген Карняг: "Не магу гэта патлумачыць, але свае спектаклі я магу глядзець толькі адзін на адзін з акцёрамі. Інакш мяне разрывае, а акцёры думаюць, што яны іграюць вельмі дрэнна".



Пакуль жа Яўген Карняг працуе над двума новымі спектаклямі, адзін з якіх, камедыю, рыхтуе спецыяльна для Магілёўскага тэатра.

Яўген Карняг: "Наконт другога спектаклю магу сказаць толькі, што гэта зноў будзе сумесная праца з акцёрамі, і на гэтым усё. Не таму, што не хачу гаварыць, а таму што пакуль яшчэ гэта толькі ідэі і такая паветраная маса, у якой пакуль няма сюжэта. Я зрабіў ужо 6 спектакляў і зараз разумею, што абстрактная думка ў харэаграфіі мяне прываблівае больш за ўсё. Застаецца недаказанасць і шматграннасць. Я ведаю толькі тэму будучай працы, але пакуль не скажу".








Фота: Цімафей Скібенка

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі