Вы тут

Яшчэ адзін шахцёр "Беларуськалія" адмовіўся падымацца на паверхню

Аляксандр Клязовіч / t.me/stachkom

Яшчэ адзін шахцёр "Беларуськалія" ў ноч на 24 лістапада адмовіўся падымацца на паверхню, паведамляе страйкам прадпрыемства. 

У 1:30 ночы машыніст горных выемачных машын рудніка 4-га рудаўпраўлення Аляксандр Клязовіч заявіў, што застаецца ў шахце і далучаецца да страйку. У 4:20 страйкам паведаміў, што Клязовіча паднялі з шахты.

У сваёй заяве шахцёр кажа, што далучыцца да страйку яго падштурхнула забойства Рамана Бандарэнкі і працяг гвалту з боку сілавікоў. 

"Чарговае забойства на мінулым тыдні маладога хлопца, бессэнсоўныя па сваёй жорсткасці затрыманні грамадзян на мірных акцыях, ужыванне святлошумавых гранат і газу супраць пенсіянераў, пагрозы зброяй і арышты бацькоў на вачах маленькіх дзяцей — гэта ўсё паказвае нізасць і подласць людзей, якія захапілі ўладу ў нашай краіне. Я адмаўляюся сваёй працай спансіраваць прадстаўнікоў нелегітымнага рэжыму, які лічыць нас рабамі, якія абавязаны гарбець на іх за падачкі. Нас пазбавілі годнага жыцця, права выбару. Мы страцілі павагу адзін да аднаго. Мы даведаліся многае адзін пра аднаго пасля жнівеньскіх падзей. Мы пачынаем судзіць людзей не па іх словах, а па ўчынках", — напісаў Клязовіч. 

Ён лічыць, што страйк — адзіны законны і бяскроўны спосаб спыніць самаўпраўнасць і гвалт.

Раней адмаўляліся падымацца з шахты ўдзельнікі страйку Юрый Корзун, Алег Кудзёлка, Аляксандр Курбан.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.