Ярмошына выступіла за "рэальную, падсправаздачную мясцоваму насельніцтву ўладу"
ctv.by
Кіраўніца ЦВК расказала, як Беларусь можа перайсці ад прызначэння да абрання мэраў гарадоў.
Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына выступае за скасаванне сельскіх і пасялковых саветаў, якія, на яе думку, з'яўляюцца сёння "чыста дэкаратыўнымі органамі". Пра гэта яна заявіла ў эфіры тэлеканала СТБ 23 траўня. Кіраўніца ЦВК выступіла за тое, каб не абіраць сельскіх і пасялковых дэпутатаў, у якіх па факце няма амаль ніякіх паўнамоцтваў, а абіраць кіраўнікоў мясцовых сельскіх адміністрацый.
"Гэта будзе адначасова і прадстаўнічая, і выканаўчая ўлада спалучаная. Таму што вяскоўцаў, калі яны ўдзельнічаюць на выбарах, цікавіць толькі адно: хто будзе старшынёй сельскага савета? Дык давайце вось гэтага старшыню будзем абіраць непасрэдна самімі вяскоўцамі. Праўда? А не дэпутатамі потым", — сказала Ярмошына.
Для змены сістэмы выбараў мясцовай улады трэба змяніць Канстытуцыю, адзначае яна. "Давайце паглядзім, як яно пойдзе. Калі гэта добра спрацуе на гэтым узроўні, можа быць, мы потым пяройдзем і на ўзровень раёна, на ўзровень горада. І ў нас будуць сапраўды абіраныя мэры гарадоў... І гэта сапраўды будзе рэальная, падсправаздачная мясцоваму насельніцтву ўлада", — заявіла кіраўніца ЦВК.