Якія стасункі збіраюцца падтрымліваць кандыдаты з Расіяй і Еўропай?

Якімі будуць стасункі Беларусі і Расіі?

Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў лічыць, што Саюзная дзяржава з Расіяй нам не патрэбная, таксама не патрэбны Мытны саюз і АДКБ:

“Саюзнай дзяржавы як такой не было, няма і не будзе. На нашую думку, яна непатрэбная. Лепш нам жыць у асобных добраўпарадкаваных кватэрах, а не ў адной камунальнай, і сябраваць з усімі суседнімі краінамі. Мы — за добрыя добрасуседскія стасункі з Расіяй. У сваёй праграме я адназначна заяўляю, што ні Мытны саюз, ні АДКБ карысці для Беларусі не прынёс ніякай. Таму мы лічым, што Беларусь павінна выйсці з АДКБ і Мытнага саюзу”.

У выпадку, калі Рыгор Кастусёў прыйдзе да ўлады, прыватызацыя будзе адбывацца праз аўкцыёны, у тым ліку прадпрыемствы будуць прадаваць і Расіі.

Уладзімір Някляеў замест Саюзнай дзяржавы будзе ствараць “адказнае суседства”, туды ўвойдзе лепшае, што было ў саюзных дамовах. Што тычыцца прыходу расійскага капіталу ў Беларусь, то, як мяркуе Ўладзімір Някляеў, у нас ёсць прадпрыемствы, якія цікавяць выключна Расію:

“Тыя прадпрыемствы, дзе задзейнічана, перш за ўсё, расійская сыравіна, абсталяванне, — скажам, “Белтрансгаз”… Якія нікому апроч Расіі непатрэбныя, каб прадаваць праз Беларусь сваё паліва на Захад... Хто іх наогул будзе купляць? Хто можа мець да гэтага цікавасць? Калі ў гэтым зацікаўленая выключна Расія, выключна Расіі можна гэта і прадаць. Тым не менш, нават у гэтых выпадках мы будзем аддаваць перавагу беларускім бізнесменам. Мы павінны ствараць нацыянальную буржуазію, якая будзе мець клопат пра нашую дзяржаву”.

Мытны саюз, кажа Ўладзімір Някляеў, мусіць быць, але яго таксама трэба пераглядаць — і пакідаць тое дзейснае, што будзе даваць прыбытак абодвум бакам.

Андрэй Саннікаў і Яраслаў Раманчук лічаць, што Саюзная дзяржава паміж Беларуссю і Расіяй працаваць не будзе, таксама ёсць пытанні і з Мытным саюзам.

Яраслаў Раманчук: “Мы прапаноўваем для Расіі больш перспектыўны, на мой погляд, праект — гэта зона свабоднага гандлю, калі бар’еры паміж нашымі краінамі для гандлю здымаюцца, але тавары трэціх краінаў будуць рэгулявацца праз канкрэтныя нацыянальныя заканадаўствы. У такім рэжыме Беларусь павінна працаваць з Украінай і, безумоўна, з ЕС”.

Кандыдат Віктар Цярэшчанка хоча, каб саюз Беларусі з Расіяй меў развіццё, але з жалем адзначае, што гэтага не будзе:

“Мне хацелася б, каб саюз Расіі і Беларусі меў развіццё, але гэтага не будзе ў сувязі са стасункамі , якія склаліся
паміж Беларуссю і Расіяй на вышэйшым узроўні, і стварэннем Мытнага саюзу Беларусі, Расіі і Казахстану з 1 ліпеня. Разам з тым развіццё саюзніцкіх адносінаў абавязкова бачыцца з краінамі СНД, і ў тым ліку, я так думаю, што праз 20 год Беларусь і Расія будуць у адной краіне — Еўрасаюзе, або яна будзе неяк па-іншаму называцца”.

Якімі будуць стасункі Беларусі і Еўропы? Ці пойдзем мы у ЕС? Калі чакаць зніжэння коштаў на візы і якой будзе палітыка Беларусі адносна МВФ?

Эканаміст Яраслаў Раманчук называе Еўрапейскі Саюз стратэгічным накірункам для Беларусі. Перш за ўсё трэба ўступіць у Савет Еўропы, кажа кандыдат:

“Гэта вельмі лёгка — мы зробім мараторый на смяротнае пакаранне, адменім яго, як належыць еўрапейскім традыцыям. Па-другое, мы ўступім у Сусветную арганізацыю гандлю. Мы пастараемся як мага хутчэй атрымаць ад Еўрасаюзу статус краіны з рынкавай эканомікай. Безумоўна, гэта будзе ісці пры актыўным удзеле ў падпісанні дамовы пра зону вольнага гандлю з ЕС”.

Згодна са словамі эканаміста, падрыхтоўка да сур’ёзнай інтэграцыі зойме, прынамсі, 10 гадоў. І ўжо толькі пасля можна будзе весці перамовы пра больш глыбокую інтэграцыю і сяброўства ў ЕС. Тэрмін у 10 год называе і Рыгор Кастусёў:

“Мы за добрасуседскія стасункі з Еўрасаюзам. Беларусь павінна імкнуцца да ўваходжання ў ЕС. Канечне, нас там цяпер ніхто не чакае, і мы не гатовыя да ўступлення. Але мы павінны туды імкнуцца, і, можа, год праз 10, я думаю, мы туды ўступім”.

Уладзімір Някляеў
кажа, што, перш чым думаць пра ўваходжанне ў Еўрасаюз, трэба вярнуцца ў Савет Еўропы ды мець сваіх прадстаўнікоў у Еўранэсце:

“Уступіць — на сённяшні дзень нерэальна. Мы кажам: ёсць Усходняе Партнёрства... Дык што з таго, што яно ёсць, калі нас няма ў Еўранэсце? Я быў бы нават згодны, каб там сядзелі людзі з гэтай самай "палаткі", адкуль заўгодна, з дзяржаўных структур, але каб нешта для Беларусі вырашалася. Нам трэба ў Савет Еўропы спачатку вярнуцца… А тое, што рух у Еўропу будзе, — гэта несумнеўна”.


Уладзімір Някляеў
кажа, што будзе супрацоўнічаць і з МВФ, накіроўваючы грошы ў новыя тэхналогіі. Андрэй Саннікаў таксама гатовы да супрацоўніцтва з МВФ:

“Відавочна, будзем супрацоўнічаць. Мы павінны абмеркаваць увесь комплекс адносінаў, таму што зараз у Беларусі складаная фінансавая сітуацыя, і яна не палепшыцца пасля змены ўлады. Але ж палепшыцца становішча Беларусі як дэмакратычнага, прадказальнага, надзейнага партнёру… Улічваючы ўсе гэтыя фактары, мы і будзем размаўляць з МВФ”.

Кандыдат Віктар Цярэшчанка лічыць, што Беларусь павінна ісці ў Еўрасаюз разам з Расіяй. А Алесь Міхалевіч кажа, што ўваходжанне ў ЕС пакуль што не рэалістычнае, таму яго не трэба ставіць у прыярытэты:

“Я думаю, што пасля таго, як у ЕС уступілі Балгарыя і Румынія, Еўрапейскі Саюз яшчэ доўга не будзе нікога прымаць. Ясна, што мы мусім наладзіць узаемавыгадныя адносіны з Еўрапейскім Саюзам, але трэба разумець, што пытанне ўступлення не варта ставіць у прыярытэты. Тым больш, што невядома, як будзе выглядаць Еўрапейскі Саюз праз 15-20 гадоў…”.

Спадар Міхалевіч упэўнены, што Беларусі і надалей давядзецца шукаць дапамогі ў МВФ, бо неабходна будзе падтрымліваць і абслугоўваць знешнюю пазыку.

Фота: photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі