Вы тут

А як жа "не фінансаваць рэжым"? Беларускія сілавікі атрымалі ад ЕС 15 дронаў

Дроны заказвалі? / sudexpert.gov.by

У сярэдзіне верасня Дзяржкамітэт судовых экспертыз атрымаў 15 новых дронаў. Іх куплю па праграме "Латвія — Літва — Беларусь" прафінансаваў Еўрасаюз. Бюджэт праграмы з боку ЕС складае 765 тысяч 82 еўра.

ДКСЭ будзе выкарыстоўваць дроны "пры аглядзе тэхнагенных і прыродных катастроф, дарожна-транспартных здарэнняў, шукаць людзей у лесе". Дроны абсталяваныя фота- і відэаапаратурай, якая павінна "істотна дапамагчы ў расследаванні крымінальных спраў".

Новы дрон цяпер у судовых экспертаў / sudexpert.gov.by

Дэпутаты Еўрапарламента ў вераснёўскай рэзалюцыі па сітуацыі ў Беларусі настойваюць, што "любыя пераводы фондаў ЕС бягучаму ўраду Беларусі і кантраляваным дзяржавай праектам" павінны быць замарожаныя.

Фінансаванне беларускай грамадзянскай супольнасці з боку ЕС, наадварот, павінна быць павялічана.

Рэзалюцыя носіць "рэкамендацыйны характар". Супрацоўніцтва структур Еўрасаюза з беларускімі ўладамі працягваецца.

— Гэтыя праекты былі ўхвалены летась дзяржавамі-ўдзельніцамі, ёсць падпісаныя кантракты і ёсць нашы дамоўленасці. Нягледзячы на сітуацыю, якая склалася, мы дзейнічаем згодна з устаноўленымі працэдурамі па кантрактах. Кантракты дзейнічаюць, і пакуль няма рашэнняў наконт таго, што можна нешта не рабіць па кантрактах. Гэта праграма яшчэ ідзе і будзе яшчэ два гады як мінімум, — расказвае Еўрарадыё загадчыца аддзялення праграм супрацоўніцтва "Латвія — Літва — Беларусь" Бірутэ Ісэла.

Дзяржкамітэт судовых экспертыз — арганізацыя, супрацоўнікі якой праводзілі почырказнаўчыя экспертызы перад рэгістрацыяй кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2020 года. З амаль 365 тысяч подпісаў за Віктара Бабарыку несапраўднымі прызнаныя амаль 200 тысяч, большая частка — якраз пасля почырказнаўчай экспертызы. Экспертызы "почырказнаўцаў" з ДКСЭ фактычна паставілі крыж на вылучэнні Валерыя Цапкалы кандыдатам у прэзідэнты.

Тым не менш Дзяржкамітэт судовых экспертыз атрымаў дроны, у куплю якіх былі ўкладзеныя сродкі ад Еўрасаюза. На гэтым фоне выглядаюць парадаксальнымі сцверджанні Аляксандра Лукашэнкі і іншых прадстаўнікоў беларускіх уладаў пра тое, што Захадам арганізаваны і праплачаны пратэставыя акцыі, якія праходзяць у сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі. Гэта што ж, пакуль адны "лялькаводы" хістаюць рэжым, іншыя яго падтрымліваюць?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.