Вы тут

Як у органах патлумачылі тое, што чалавека прывялі ў суд на ланцугу, як жывёлу

Скрын-шот з відэа "Радыё Свабода"

Гэта гістарычная падзея здарылася ў Слуцкім раённым судзе 22 лістапада. Абвінавачанага Івана Барбашынскага прывялі ў залу суда…на ланцугу. Збоку сітуацыя выглядала так, што да чалавека паставіліся, як да сабакі. 

У мяне на руках былі звычайныя кайданкі. Да іх прышпілілі ланцуг, канец якога быў прышпілены да рукі канваіра. Мне ніхто нічога не тлумачыў, сказалі, што такія правілы”, – апавядае Еўрарадыё Іван Барбашынскі.

Ланцуг – не адзіная дэталь, якая здзівіла прысутных у судзе. Абвінавачанага на тым ланцугу вяла… жанчына. Хоць звычайна ў канвойных падраздзяленнях дамы служаць для таго, каб абшукваць абвінавачаных і падазраваных свайго полу.

Трэці момант: мужчыны-канваіры, заводзячы Барбашынскага ў клетку, агалілі гумовыя дручкі, нібыта збіраліся адбіваць чыюсьці атаку. Хоць ніхто і блізка не нападаў і не ўцякаў.

Скрын-шот з відэа "Радыё Свабода"

Так зняважліва не заводзілі ў залу суда нават абвінавачаных па справе аб выбуху ў сталічным метро. Больш паважліва канваіры паставіліся да меркаваных наркадылераў па “справе сямнаццаці”.

Адзінае красамоўнае фота падобных наручнікаў удаецца знайсці з гучнага судовага працэсу ў Расіі. Азербайджанцу Архану Зейналаву ў 2013 годзе далі 17 год за забойства масквіча.

А Івану Барбашынскаму далі два гады “хатняй хіміі” за супраціў міліцыі і выпусцілі з залы суда. Ці ёсць прычына, каб заводзіць чалавека на працэс на ланцугу, як сабаку?

Што кажуць у ведамствах, дзе працуюць канваіры?

 

Еўрарадыё звяртаецца ў праваахоўныя органы па тлумачэнні. Можа быць, канваіры паставіліся да Барбашынскага гуманна і законна, а журналісты ў чымсьці не разабраліся?

На гучных працэсах у сталіцы канвой звычайна складаецца з супрацоўнікаў унутраных войскаў МУС.

“Але там былі не нашы людзі”, –  разводзяць рукамі ў групе інфармацыі ўнутраных войскаў і перанакіроўваюць у Дэпартамент выканання пакаранняў МУС.

“Нічым не можам дапамагчы”, – кажа прадстаўнік Дэпартамента Ірына Вышамірская. Яна  ўдакладняе, што ў судзе Слуцкага раёна Барбашынскага канваіравалі супрацоўнікі ізалятара часовага ўтрымання Слуцкага РАУС.

Таму звязваемся з УУС Мінскага аблвыканкама. Але прадстаўнік мясцовай службы інфармацыі Аляксандр Грабко просіць пісаць запыт на імя кіраўніка і чакаць. Адказу на пытанне пра кайданкі і ланцуг, якія шырока абмяркоўваюць ў СМІ, ён не ведае.

Са Слуцкага РАУС Еўрарадыё перанакіроўваюць назад да Грабко. А ў судзе Слуцкага раёна, дзе Барбашынскаму выносілі прысуд, на паводзіны канвою не звярнулі ўвагі, бо гэта “не ў іх кампетэнцыі”.

 

Дзе яшчэ карыстаюцца кайданкамі з доўгім ланцугом?

Нават калі пасядзець у пошукавых сістэмах інтэрнэту некалькі гадзін, вы знойдзеце няшмат фота такіх кайданкоў.

У першую чаргу, нешта падобнае прадаецца ў сэкс-шопах для імітацыі здзекаў з палавога партнёра.

Нешта падобнае маюць расійскія канваіры. Кайданкі БКС-1 “Букет” ужываюць, каб зафіксаваць адным механізмам  адразу некалькіх чалавек. Гэта дадтковая падстрахоўка, каб абвінавачаныя не маглі разбегчыся.

Спецсродкі кшталту “Букета” выкарыстоўваюць і ў некаторых жаночых турмах ЗША. Гэта робіцца ў выпадках, калі вязняў выпускаюць на грамадскія працы ў публічных месцах. Зноў-такі, каб не маглі уцячы.

Фота mne.me

Ну і шмат інфармацыі пра кайданкі ды ланцугі ў матэрыялах пра канваіраванне вязняў “Гуантанама”,  дзе катавалі падазраваных у тэрарызме.

Цяпер у гэты “пачэсны” пералік трапілі і беларускія канваіры. 

За што асудзілі Івана Барбашынскага?

 

Яму далі два гады “хатняй хіміі” за гвалтоўныя дзеянні ў адносінах да міліцыянераў. Дарэчы, абвінавачванне сёння для Беларусі вельмі папулярнае.

Пачалося з таго, што сёлета ў сакавіку Івана і яго брата Ігара (дарэчы, былога міліцыянера) затрымалі за знаходжанне ў грамадскім месцы нецвярозымі. Пасля візіту ў міліцыю ў абаіх былі цялесныя пашкоджанні, у тым ліку пераломы рабрынаў. Браты звярнуліся ў праваахоўныя органы з заявай аб збіцці. Але ў выніку справу распачалі на іх саміх.

Ігар Барбашынскі да суда не дажыў. Ён загінуў, знаходзячыся ў Жодзінскім СІЗА. Нікога за гэта не пакаралі.

Іван Барбашынскі, дзякуй Богу, жывы, хоць і асуджаны. Ён збіраецца дабівацца праўды.