Вы тут

Як сябар Лукашэнкі, спявачка і дзяржканалы грызуцца за рынак тэлерэкламы

Спявачка Алеся, Сяргей Цяцерын, Аляксандр Лукашэнка, Іван і Наталля Эйсманты

Пяць гадоў таму рэкламная імперыя, якую пабудавалі блізкі да Аляксандра Лукашэнкі бізнесмен і тэнісіст Сяргей Цяцерын і муж спявачкі Алесі бізнесмен Леанід Мінец, прадавала рэкламу на 15 тэлеканалах, якія вяшчаюць у Беларусі, і 5 радыёстанцыях. Прычым на некаторых — эксклюзіўна. Сёння яна ўсыхае на вачах, а продаж рэкламы і вымярэнне рэйтынгаў "падмялі пад сябе" дзяржаўныя тэлеканалы.

У 2019 годзе рынак тэлерэкламы ацэньваўся ў ~$40 млн. За "кавідны" 2020 год, паводле ацэнак экспертаў, ён страціў каля 7% — але ўсё роўна застаецца смачным пірагом. Дзеля справядлівасці, нават калі б ён увесь даставаўся дзяржканалам, яго не хапіла б, каб акупіць іх работу.

Расказваем, хто і як падзяліў — і перадзяліў — гэты рынак.

Мінец — справе вянец

Некалькі юрыдычных асоб, актыўных на рынку медыйнай рэкламы, звязаныя з імёнамі Сяргея Цяцерына, Леаніда Мінца і ягонай жонкі Вольгі Мінец, больш вядомай як спявачка Алеся, дачка лідара ВІА "Сябры" Анатоля Ярмоленкі. Гэта, па-першае, "Трыа Медыя", якому належаць беларускі ТНТ International і БелМузТВ, а па-другое, "Алькасар Медыя Сэрвіс", якая займалася продажам тэле- і радыёрэкламы.

Іншая важная (і прыбытковая) справа ў тэлевізійным свеце, да якой датычныя сужэнцы Мінец і Сяргей Цяцерын, — вывучэнне рэйтынгаў тэлеканалаў, ад якіх залежаць расцэнкі на рэкламу. Гэту "дзялянку" яны актыўна засцерагалі ад чужога ўмяшання. Напрыклад, у снежні 2017 года іх структура "ВіАйБел" распаўсюдзіла сярод рэкламадаўцаў і рэкламных агенцтваў ліст з крытыкай медыя-аўдытараў, якіх час ад часу прыцягвалі для падрыхтоўкі тэндарных прапаноў.

Больш не сябры

Але дзяржаўныя тэлеканалы былі пастаянна незадаволеныя, па-першае, гэтай манаполіяй на вымярэнні рэйтынгаў, а па-другое, сваімі нізкімі рэкламнымі даходамі. Да пары яны нічога не маглі зрабіць з фірмамі Цяцерына. Бо ён уплывовы чалавек, які час ад часу мільгае побач з Аляксандрам Лукашэнкам.

Цяцерын (крайні злева) даўно ўваходзіць у лік найбольш набліжаных да Лукашэнкі / TUT.by

Аднак да пачатку 2019-га ў іх атрымалася зайсці да Лукашэнкі са свайго боку. Кіраўніку Беларусі прапанавалі стварыць новую сістэму медыявымярэнняў. Паралельна ў 2019-м дзяржканалы аб'ядналіся і стварылі сэйлс-хаус "Тэлевізійны рэкламны альянс".

З 1 студзеня 2020 года дзяржкампаніі скасавалі кантракты на продаж рэкламнага эфіру з ТАА "Алькасар Медыя Сэрвіс" і ТАА "ВіАйБел" Цяцерына і сужэнцаў Мінец. ТАА "Тэлевізійны рэкламны альянс" пачало само размяшчаць рэкламу на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі, АНТ, СТБ, РТР-Беларусь і "Мире".

Шантаж і маніпуляцыі

Наступны ўдар нанеслі па рэйтынгавым складніку імперыі Цяцерына і сужэнцаў Мінец. Заснавальнікі і кіраўнікі "Тэлевізійнага рэкламнага альянсу" праз дзяржагенцтва "БЕЛТА" заявілі, што дамова паміж "Алькасарам" і ТАА "Рэальнае вымярэнне" (пра яго і яго заснавальнікаў мы расказвалі тут) на даследаванні пра тэлегледжанне беларускіх каналаў заключана без усялякіх узгадненняў з тэлевяшчальнікамі.

"Мы лічым, што вынікі даследаванняў не павінны быць элементам шантажу і маніпуляцый у нядобрасумленнай канкурэнтнай барацьбе", — гаварылася ў заяве.

Наталля Эйсмант актыўна выказвалася пра неабходнасць стварэння дзяржаўнай сістэмы тэлевымярэнняў

Тут, вядома, нічога не сказана адкрыта, але... шантажаваць рэйтынгамі беларускіх тэлебосаў: Івана Эйсманта, чыя жонка працуе прэс-сакратаром Аляксандра Лукашэнкі, і іншых — гэта, вядома, крута.

"Алькасар" можа ісці

Праз некалькі месяцаў, у красавіку 2020-га, Лукашэнка падтрымаў прапанову аб стварэнні дзяржаўнай платформы медыявымярэнняў. На фоне скандалу асобная платформа для вымярэнняў рэйтынгаў была створана ў дзяржаўным Беларускім інстытуце стратэгічных даследаванняў (БІСД). З'явілася і загадкавае ЗАТ "МедыяВымяральнік". Яно кватаруецца ў будынку на Бранявым завулку — менавіта там у 1990-я размяшчалася першая рэзідэнцыя Лукашэнкі.

Ужо да канца 2020 года "Алькасар" прадаваў рэкламу толькі на ВТВ, "БелМузТВ", ТНТ і некалькіх радыёстанцыях. А з 2021-га кампанія і зусім абвясціла пра спыненне дзейнасці. Усе яе функцыі ўзяло на сябе "Трыа Медыя", туды ж перайшла каманда.

Хочаш дапамагчы незалежнай журналістыцы? Стань падпісчыкам на Patreon

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.