Як сустрэць Новы год без тэлевізара?

Пра традыцыі святкавання зімовых святаў у Беларусі распавёў Еўрарадыё этнограф і фалькларыст Іван Крук.

Еўрарадыё: Распавядзіце, калі ласка, пра традыцыі святкавання зімовых святаў у Беларусі. Якія ёсць выключна беларускія адметнасці, і ўвогуле — што мы сёння адзначаем, пачынаючы з 25 снежня і заканчваючы 19 студзеня?


Іван Крук: З гэтым трэба разбірацца як з гістарычнай з’явай. Напэўна, ніводная еўрапейская краіна не мае такога шчасця… Я маю на ўвазе такі велізарны святочны комплекс. Гэты перыяд ёсць не што іншае, як кропелька (перыяд часу), у якой адлюстроўваецца ўся гісторыя беларускага этнаса на працягу многіх стагоддзяў.


Гэта складаная сістэма дахрысціянскіх, хрысціянскіх і свецкіх святаў (стары Новы год і Новы год), якія зліліся ў адзін перыяд, і таму сёння практычна мала хто разумее, а што ж у нас адзначаецца, уласна кажучы!


Еўрарадыё: Дык што ж у нас адзначаецца?


Іван Крук: У старажытныя часы адзначалася свята Калядаў, якое было звязанае з паваротам сонца на новагадавы круг. З тых часоў, як на нашых землях пачало распаўсюджвацца хрысціянства, яно прыйшло са сваім каляндаром, у якім ключавой пазіцыяй была дата раства Хрыстова. У 325 годзе Канстанцін Вялікі сабраў мудрацоў, і сказаў: “Не выпушчу з цямніцы, пакуль не скажаце дакладную дату нараджэння Хрыста”. Пасля доўгіх складаных абмеркаванняў да дня нараджэння бога сонца (Мітра) вырашылі прымеркаваць дату нараджэння Ісуса Хрыста. І таму разам з Калядамі пачалі адзначаць царкоўнае свята, якое называецца Раство Хрыстова.


Еўрарадыё: І як адзначаюцца гэтыя святы?


Іван Крук: Калі мы з вамі гаворым, што сонца паварочвала на новы гадавы круг, у старажытнай традыцыі гэта быў пачатак новага года. Пачатак новага года — гэта Каляда. Якім ідэалагічным зместам можна было напоўніць гэтае свята? Зразумела, што любы пачатак звязаны з ідэалогіяй мадэлявання жыцця на вялікі адрэзак часу.


Наперадзе — год… Таму на стол, як правіла, ставілі 12 страваў. І кожная з гэтых страваў была адлюстраваннем пэўнай пары года альбо пэўнага месяца ў гэтым колазвароце.


Еўрарадыё: Ці захавалася цяпер гэтая традыцыя?


Іван Крук: Яна захавалася на ўзроўні алгарытму — але на ўзроўні зместу, канешне, трансфармавалася. Сёння мы прытрымліваемся традыцыі ставіць на стол 12 страваў. Але большасць насельніцтва цяпер урбанізаванае, жыве ў гарадах — і мы ставім на стол усялякія салаты... У адносінах да зместу ўся структура ў пэўнай ступені парушаная, таму што так — там ёсць і агурочак, і кансерваваны памідор і г.д. Але, тым не менш, халадзец, той самы кісель — сёння не ўсе гаспадыні робяць!


Тым не менш, алгарытмічна, канешне, гэтай ідэі прытрымліваюцца. Каб на працягу ўсяго наступнага года стол быў багатым і шчодрым, на стале ставяць 12 страваў.


Еўрарадыё: Якія мусілі быць на стале стравы?


Іван Крук: Раней самай галоўнай стравай на стале была куцця, у гэтую кашу дадавалі мёд, і па тым, якая яна была — пышная ці глейкая — варажылі, якім будзе год. Сёння ж гэтую куццю ніхто не варыць. Магчыма, у вёсках бабулі для сябе гатуюць, але ў гарадскім асяроддзі гэтага ўжо, як правіла, не робяць.


Затым, адной са стратэгічных або абавязковых страваў былі бліны. Яны былі абсалютна на кожным святочным стале! Сёння некаторыя гаспадыні робяць бліны, але ім хочацца іх аздобіць, зрабіць адны з тварагом, другія — з грыбамі, трэція — з капустай, што заўгодна… І гэта нармальна. Я заўсёды за тое, каб захоўвалася структура, ідэя гэтага свята, а ўжо сённяшнія мадуляцыі маюць права быць.


Еўрарадыё: Чаму алкаголь грае такую вялікую ролю падчас святкаванняў? Наколькі гэта важная частка для беларусаў?


Іван Крук: Кожнае свята — гэта складаны, рытуальна-абрадавы, святочна-этнаграфічны, фальклорна-этнаграфічны комплекс, у склад якога ўваходзіла некалькі кодавых структур.


Першае — час правядзення (прымеркаванасць да павароту сонца), другое — месца правядзення (сямейнае застолле, хата), затым — персанажы (сям’я, бо Каляды — гэта толькі сямейнае свята). Толькі сям’я збіралася за сваім сталом, замыкала сябе вакол гэтага стала як знак таго, што яны пражывуць у гэтым складзе ўвесь год. Адтуль і пайшло — як сустрэнеш новы год, так яго і правядзеш.


Акрамя гэтага, абавязковымі былі рытуальныя стравы… І калі мы з вамі вернемся да рытуальных страваў, то павінны будзем сказаць, што практычна ў структуры кожнага свята ў славянскіх народаў было тое ці іншае пітво! Раней гэта магла быць медавуха, вельмі шырока было прадстаўленае піва, у кожнай вёсцы па сваіх рэцэптах варылася піва. Напоі слабейшыя-мацнейшыя, прысутнічалі абавязкова.


Яны прысутнічалі як складовая, важная, неабходная кампанента, якая не дамінавала. Дзесяць разоў гатовы падкрэсліваць гэтую пазіцыю! Пітво не дамінавала на святочных сталах, таму што ў аснове ляжала абрадавае дзеянне, якое гаварыла: выканай гэта, скажы гэта… Так, запрашалі Дзеда Мароза, давалі яму лыжку кашы, каб улетку не прыйшлі замаразкі, не пабілі пасевы, або каб іх не сапсаваў град і г.д.


Перш за ўсё трэба было займацца ўспамінамі, зноў-такі трэба было зрабіць нешта тое, што магло б змадэляваць жыццё сям’і. Таму напой быў як складовая кампанента, якая ў пэўнай ступені здымала псіхалагічныя аспекты паўсядзённасці і дазваляла людзям зняць бар’еры і ўступіць у нармалёвую гаворку.


Еўрарадыё: Што памянялася сёння?


Іван Крук: Часам я кажу сваім студэнтам — давайце я за паўгадзіны да Новага года прыйду да вас у хату, выключу тэлевізар і пагляджу, як вы будзеце сустракаць Новы год. І ўсе разводзяць рукамі: ды ты што, сёння ж у нас тэлевізар — гэта ледзьве не хатні бог або тамада, які будзе вызначаць характар гэтага святкавання.


Фактычна — гэта тое, што адбываецца з нашымі сённяшнімі вяселлямі. Няма ні свата, ні шафера, які ведае, як весці вяселле. І ў выніку мы запрашаем нейкага старонняга чалавека, які называецца "тамада" і ён куралесіць усё гэта вяселле. Ад абраду вяселля ў нас нічога не засталося. Што заўгодна адбываецца, толькі няма рытуалу вяселля. І таму — што мы сёння робім на вяселлях? Мы п’ем. П’ем і танчым, бо больш няма чаго рабіць.


Еўрарадыё: Тое ж самае з Новым годам?


Іван Крук: Ну, вось... Калі ў сям’і ад бабулі не перайшла традыцыя святкавання, калі не ведаюць рытуал, як трэба сябе паводзіць, тады ў нас кожнае свята ператвараецца ў адзін і той жа алгарытм. Сабраліся — ага, салату на стол. І што да салаты? Чарку.


Вось адсюль і ідзе перакос. Калі рытуал саступае месца, а час жа трэба нечым бавіць! Таму мы глядзім "Песні года" або штосьці такое, а паміж гэтым, даруйце, падымаем кілішак, успамінаючы, што не проста так сабраліся за сталом, таму — давайце вып’ем. Вось і ўсё. А калі б гэтага не было, то не было б і чаркі. То бок, яна б была, але на сваім месцы, як роўная сярод роўных, адзін з кампанентаў святкавання.


Еўрарадыё: Чаму ж так адбываецца, што гэтыя традыцыі ў нас не перадаюцца з пакалення ў пакаленне?


Іван Крук: Раней былі вялікія беларускія сем’і, дзе жыло па 15 чалавек, некалькі пакаленняў… Там быў жывы працэс перадачы традыцый: ад бабулі — унуку. Гэта было з дня ў дзень. Святочны стол накрывалі — унукі бачылі, як гэта робіцца, дапамагалі. А сёння бабулі засталіся ў вёсцы, унукі з’ехалі ў горад…


Механізм жывой перадачы традыцыі парушаны. На першым месцы, я лічу, усё адно павінна быць сям’я, на другім — сфера культуры, і побач з ёй — сфера адукацыі.


Я не хачу ў Новы год сеяць песімізм па краіне. Я хачу сказаць адно: у мяне ёсць вялікае спадзяванне, што наша беларуская сям’я, дзякуй богу, пакуль што жывая. А пакуль ёсць сям’я, у кожнай сям’і ёсць традыцыя… Іншая рэч, што гэтай сям’і трэба падказаць.

Інтэрв'ю зробленае для праграмы "Форум Беларусь"на Еўрарадыё.
Нас можна слухаць у Брэсце на хвалях польскага "Radio dla Ciebie" 103,4 FM у суботу з 6 да 7 раніцы. 24 гадзіны на УКХ у Глыбокім, Паставах, Відзах і Міёрах на частаце 68,24 МГц. У Пінску на хвалях украінскага радыё "Мелодыя" 105,3 і 107,1 FM, а таксама праз спадарожнік HOTBIRD 6—13° на ўсход, частата 11200 МГц, вертыкальная палярызацыя, хуткасць патоку 27500 Ms/s, карэкцыя памылкі (FEC) 5/6.  ASTRA 4A—4,8° на ўсход, частата 12379.62 МГц, гарызантальная  палярызацыя, хуткасць патока 27500 Ms/s, карэкцыя памылкі (FEC) 3/4.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі