Вы тут

Як студэнты галасуюць датэрмінова: рэпартаж з выбарчых участкаў

Датэрміновае галасаванне ў БНТУ / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

12 лістапада ў Беларусі пачалося датэрміновае галасаванне на парламенцкіх выбарах. За пару дзён да таго студэнтам сталі прыходзіць паведамленні пра тое, што трэба абавязкова прагаласаваць датэрмінова — і як мага хутчэй. Ці паслухаліся студэнты?  Каб праверыць гэта, Еўрарадыё наведала выбарчыя ўчасткі ў студэнцкіх інтэрнатах.
 

Участак №172, акруга №96 — інтэрнат №1 БДУ

У 12:30 на выбарчым участку не бачым ніводнага выбаршчыка. Старшыня выбарчай камісіі адзначае, што актыўнасць “нармальная”, а галасаваць прыходзяць не толькі студэнты.
 

Участак №171, акруга №95 — інтэрнат №5 БДТУ

13:00. У холе 15-павярховага будынка таксама няшмат людзей, але старшыня камісіі расказвае Еўрарадыё, што каля паўсотні чалавек ужо прагаласавалі. Пры гэтым не студэнт з іх — толькі адзін, усе астатнія выбаршчыкі — з інтэрната БДТУ.
 

Участак №548, акруга №116 — 11-ы корпус БНТУ

З 14-й да 16-й гадзіны на ўчастках для датэрміновага галасавання перапынак. Адразу пасля яго прыходзім на ўчастак, што знаходзіцца на факультэце інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі БНТУ. За некалькі гадзін да таго ў тэлеграм-канале “отчислено” з’явіліся скрыншоты пра тое, што ўсе мусяць галасаваць датэрмінова, іначай усю групу не адпусцяць на выхадных дадому.

Тэлеграм-канал "отчислено"

Кіраўнік участковай камісіі Дзмітрый Русакевіч расказвае Еўрарадыё, што на дадзены момант (каля 16:10) прагаласавала 8-9% выбаршчыкаў і гэта былі выключна студэнты. Гэта блізка да рэкорднай яўкі, якую знайшло 12 лістапада Еўрарадыё. І гэта толькі пачатак датэрміновага галасавання:

“Як паказвае мой досвед, а я працую на выбарах ужо не першы раз, заўтра [13 лістапада] будзе больш шматлюдна, а паслязаўтра будзе самы вялікі паток. А вось у пятніцу ўжо пойдзе спад, так што ў суботу будзе зусім няшмат людзей. Так што будзе за сённяшні дзень ну, можа, 10-12%, не больш, гэта нармальна. У асноўны дзень галасавання мала хто са студэнтаў ходзіць на ўчасткі, прасцей жа гэта зрабіць датэрмінова, каб выхадныя былі цалкам вольныя”.

Участак №285, акруга №99 — інтэрнат №11 БДУ

Перамяшчаемся ў Студэнцкую вёску, дзе знаходзіцца адразу некалькі ўчасткаў. Перш за ўсё ідзём у 11-ы інтэрнат БДУ. Ва ўчастак для галасавання тут ператварылі невялічкі кабінет. Студэнты-назіральнікі тут сядзяць вочы ў вочы з сябрамі выбарчай камісіі, якая таксама часткова складаецца са студэнтаў. Гэта, бадай што, самы маленькі ўчастак для галасавання ў Беларусі!

Студэнткі прыходзяць сюды галасаваць у тапачках ды шортах. Жыхары інтэрната ідуць на ўчастак актыўна, адзін за адным.
 

Участак №287, акруга №99 — інтэрнат педуніверсітэта

У 17:15 у вялікай змрочнай актавай зале няма нікога, акрамя двух членаў выбарчай камісіі ды двух назіральнікаў. Старшыня камісіі не надта гаваркі: актыўнасць выбаршчыкаў “досыць высокая”, “зала зроблена вялікай і камфортнай, каб не ўтвараць чэргаў”, вось і ўсё.
 

Участак №286, акруга №99 — інтэрнаты БДУІР і МДЛУ

“Нельга казаць, каб усе вось так і пабеглі галасаваць. Усё як і заўсёды тут у нас, ідзе досыць планамерна па днях. Няма такога, каб у нейкі асобны дзень быў натоўп. Што датычыцца колькасці, то [стан на 17:25] мы прынялі ўжо каля ста чалавек”, — расказваюць прадстаўнікі выбарчай камісіі. Падчас нашай размовы дзве дзяўчыны заходзяць, каб прагаласаваць. Фонам грае спакойная музыка. Так і цягне самога ўзяць бюлетэнь, зайсці ў кабінку ды падумаць пра нешта высокае.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.