Як санкцыі ЕС супраць Расіі могуць адбіцца на Беларусі

Як санкцыі ЕС супраць Расіі могуць адбіцца на Беларусі

Еўрасаюз працягнуў эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Расіі яшчэ на паўгода. Афіцыйная прычына — няпоўнае выкананне Масквой мінскіх дамоўленасцяў.

Пасля анексіі Крыма Еўрапейскі саюз увёў шэраг эканамічных санкцый на некаторыя расійскія прадпрыемствы. У адказ Расія ўвяла гандлёвае эмбарга (забарону імпарту) з краінамі ЕС, ЗША, Канадай, Аўстраліяй і іншымі.

Пра тое, што мацней за ўсіх гэтая санкцыйная вайна адбіваецца на расійскім спажыўцы, сумневаў ніхто не мае, але ці паўплывае працяг санкцый у дачыненні да Расіі на сам Еўрасаюз і на Беларусь?

Як санкцыі ЕС супраць Расіі могуць адбіцца на Беларусі
Фота: sysadmins.ru

Што змяняецца для Еўрасаюза

На думку эканаміста Яраслава Раманчука, Еўрапейскі саюз не заўважыў страты расійскага рынка.

“Асобныя кампаніі і некаторыя сегменты рынка пацярпелі. Але гэта як форс-мажор, здарыўся — ну што ж зробіш? Калі ўраган разбурае што-небудзь, яны ж аднаўляюць і ідуць працаваць далей. Нельга сказаць, што цяпер эканоміка Еўрасаюза хутка і дынамічна развіваецца, але пакуль яны не ў мінусе. І гэта таксама ўжо добра”, — мяркуе Раманчук.

Эканаміст Сяргей Чалы таксама думае, што ЕС амаль не пацярпеў ад санкцый.

У Еўрасаюза ёсць маса механізмаў, дзякуючы якім праблемы вырашаюцца на ўзроўні краінаў, дапамогай наднацыянальных органаў. І шмат хто ўжо змог пераарыентавацца. Тая ж Польшча, напрыклад, пра якую казалі, што яна будзе мець моцныя праблемы”, — выказвае меркаванне Сяргей Чалы.

Як санкцыі ЕС супраць Расіі могуць адбіцца на Беларусі
Фота: daryadarya.livejournal.com

Ці ўплывае працяг санкцый супраць Расіі на беларускую эканоміку

Сяргей Чалы адзначае, што ўвогуле санкцыйная вайна паміж Бруселем і Крамлём дрэнна ўплывае на нашу эканоміку — адсутнасць яе росту наўпрост залежыць ад заняпаду эканомікі расійскай.

Але працягненне санкцыйнага рэжыму ўжо наўрад ці моцна зменіць трэнд беларускай эканомікі.

“Як мы год пражылі з восені 2014, так і будзем далей жыць. Асабліва нам зарабіць на гэтым не ўдалося. Бо Расія мяркуе, што мы мусім пакутаваць гэтак жа, як і яны — мы ж саюзнікі. Працяг санкцый прыводзіць да пагаршэння іх унутранага попыту. І на Беларусі гэта адбіваецца не найлепшым чынам”, — разважае Чалы.

А вось Яраслаў Раманчук, кажа што мы на гэтай сітуацыі маглі мець выгаду, калі б прыцягнулі ў Беларусь еўрапейскіх вытворцаў. А яны на расійскі рынак выходзілі б ужо са сваімі таварамі пад новымі брэндамі.

Праз тое, што нічога гэтага не зроблена і нават не плануецца, большыя выгады могуць атрымаць расійскія прыватныя кампаніі, якія дынамічна займаюць нішы імпарту. Верагодна, яны будуць выштурхоўваць з расійскіх рынкаў і беларускія кампаніі.

“Можа, па нейкіх пазіцыях Беларусь і павялічыць экспарт. Але ў асноўным гэта зноў будзе “свята не для нас”. І калі сёлета ў нас экспарт з Расіяй знізіўся на 33%, то ў наступным годзе варта чакаць пагаршэння становішча па экспансіі беларускіх тавараў на расійскі рынак”, — кажа ён.

Прычына ў тым, што нязграбныя дзяржаўныя структуры не ў стане адэкватна рэагаваць на магчымасці, якія дае “санкцыйная вайна”.

Эканаміст падкрэслівае, што найважнейшае ў такіх сітуацыях — каб антыкрызіснае рэагаванне вялося канкрэтнымі ўласнікамі бізнесу, а не чыноўнікамі пасля дзясяткаў нарадаў. Менавіта таму амаль бяспройгрышным з гэтай сітуацыі выйшаў Еўрасаюз.

Галоўнае фота: rshn32.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі