Як мары змяніць свет заводзяць беларускіх дэпутатаў у пад’езд без лямпачкі

Як мары змяніць свет заводзяць беларускіх дэпутатаў у пад’езд без лямпачкі

Яны абяцаюць захаваць "зялёную зону", панізіць падаткі, разабрацца ў канфліктах з суседзямі, забараніць прымусовыя суботнікі і нават адмяніць паборы ў школах. Былыя дэпутаты ўсміхаюцца: гэта немагчыма, а гэта – ну, паспрабуйце. Еўрарадыё паразмаўляла з кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў і параўнала іх мары і мэты з рэальнымі перспектывамі.


 
"Першае, што кідаецца ў вочы, — адсутнасць шматфункцыянальных пляцовак"

 

Арцём Галавій, самавылучэнец. Каменагорская выбарчая акруга №35:

Як мары змяніць свет заводзяць беларускіх дэпутатаў у пад’езд без лямпачкі

"Адна з галоўных магчымасцяў — уплываць на размеркаванне фінансаў – як горада, так і раёна. Па меншай меры, хацеў бы, каб грошы ішлі на развіццё інфраструктуры. Каменная горка – малады раён з вялікай колькасцю насельніцтва. Тут жыве шмат людзей і асабліва дзяцей. Першае, што кідаецца ў вочы, — адсутнасць шматфункцыянальных пляцовак, дзе дзеці займаліся б хоць чымсьці. Трэба слухаць людзей. Дзе б, напрыклад, яны хацелі гэтыя пляцоўкі размясціць? У парку імя Уга Чавеса вельмі вялікая ружа вятроў – доўга з дзіцем не пагуляеш. І людзі шпацыруюць з дзецьмі зусім у іншыя месцы, якія для гэтага не падыходзіць.

Другое важнае пытанне –  уладкаванне зялёнай зоны, якая ідзе ўздоўж Каменагорскай вуліцы і МКАД (так званай "Горкі"). Там збіраюцца будаваць пажарнае дэпо. Зразумела, што МНС павінна прысутнічаць у гэтым раёне: шмат дамоў, пажары. Але гэта велізарны кавалак зялёнай зоны, якую варта было б уладкоўваць для дзяцей. Гэта адна з самых вялікіх горак у Мінска, дзе дзеці катаюцца зімой. Сюды прыязджаюць людзі з іншых раёнаў. Па сутнасці, гэтая горка – знакамітасць раёна! Сёння ёсць недзе паўтары тысячы людзей, якія падпісаліся супраць будаўніцтва пажарнага дэпо…

Думаю, што дэпутацкае жыццё будзе вельмі насычанае. Трэба радыкальна разумець кожную праблему: паліклінікі, сады, школы, якіх таксама не хапае. Трэба сустракацца з людзьмі, размаўляць — хоць бы дзеля таго, каб ведаць, дзе і якая праблема патрабуе ўвагі. Жыццё зменіцца: адчуваю, буду шмат часу прысвячаць размовам з жыхарамі раёна і вывучэнню праблем, якія трэба вырашаць".

 

"Асноўная праблема — паліклініка, фактычна найгоршая ў горадзе"

 

Зміцер Кавалгін, АГП. Купрыянаўская выбарчая акруга №21:

Як мары змяніць свет заводзяць беларускіх дэпутатаў у пад’езд без лямпачкі

"Абавязкі дэпутата — гэта, перш за ўсё, збор пытанняў грамадзян і спробы іх вырашэння. Правядзенне сустрэч, прыёмаў, падчас якіх людзі распавядаюць пра свае праблемы, а яшчэ праца ў гарсавеце. У мяне дастаткова стары раён. Хапае дамоў, якія фізічна і маральна састарэлі. Сапраўды, іх трэба зносіць. А заканадаўства ў гэтым сэнсе вельмі недасканалае. Напрыклад, можна перасяліць чалавека і ў цэнтр горада, а можна з умовамі ледзь-ледзь лепшымі — на ўскраіну. Гэта рэгулюецца ўказам прэзідэнта, але ўказ, відавочна, накіраваны супраць грамадзян, супраць іх інтарэсаў. Могуць выселіць хоць за кальцо, хоць пасяліць побач з ім, у куды горшы ў сэнсе экалогіі раён. Указ прэзідэнта, вядома, так проста не памяняеш, але неяк арыентаваць, што праблема існуе, можна. Напрыклад, размаўляючы з забудоўшчыкам, які збіраецца нешта зносіць і будаваць новае.

Даволі вялікія тэрыторыі акругі забудаваны двухпавярховікамі. Для жыхароў такіх дамоў можна пабудаваць адзін вялікі дзевяціпавярховы дом –  яны ўсе змесцяцца. Вялікая праблема — гэта і тое, што хочуць будаваць. У нас даволі зялёны раён. Шмат дрэў у дварах, але саміх па сабе паркаў недастаткова. Хацелася б захаваць хаця б тое азеляненне тэрыторыі, якое існуе. Некаторыя з нашых двароў, магчыма, можна прызнаць нават паркамі. Там больш за шэсцьдзесят гадоў растуць дрэвы...

Асноўная праблема — паліклініка, фактычна найгоршая ў горадзе. Нам абяцаюць вырашыць пытанне на працягу больш дзесяці гадоў, нават выдзялялі грошы ў 2015 годзе, але яны кудысьці зніклі. Цяперашняя часам не вытрымлівае нагрузкі. Ну і з жыхарамі раёна трэба неяк размаўляць, таму што ў нас дэпутата наогул у акрузе няма".

 

"Мясцовы Тучынскі сквер – найбольш аварыйны ў Мінску"

 

Алег Корбан, самавылучэнец; прадстаўляе грамадскае аб'яднанне "Альтэрнатыва". Кальварыяская выбарчая акруга №38:

Як мары змяніць свет заводзяць беларускіх дэпутатаў у пад’езд без лямпачкі

"У першую чаргу, буду будаваць мост паміж жыхарамі акругі і ўладай, выканаўчай уладай, камунальнай службай. Трэба вырашаць лакальныя і мясцовыя праблемы – тое, што хвалюе жыхароў. Праблем хапае. Мы можам глядзець на новы дом і думаць, што там няма праблемаў, але яны ёсць і там. Шмат што хвалюе людзей, пачынаючы ад пад’ездаў дома, дваравой тэрыторыі, паляпшэння інфраструктуры. Мясцовы Тучынскі сквер – найбольш аварыйны ў Мінску. Праблемаў шмат: паркоўкі, якасць вады…

 

Як мары змяніць свет заводзяць беларускіх дэпутатаў у пад’езд без лямпачкі

Думаю, буду працаваць як дома, так і ў офісе. Некалькі разоў у год я мушу ладзіць справаздачы таго, што зрабіў. Гэта можна рабіць у мясцовай школе ці яшчэ якой сацыяльнай установе. Таксама абход акругі, сустрэчы з рознымі чыноўнікамі, камунальнымі службамі, жыхарамі. Праца можа быць не толькі ў кабінеце, якога, мабыць, нават не будзе".

 

"Абяцаю вярнуць ільготы тым людзям, якія патрапілі пад падатак на дармаедства"

 

Мікіта Семяненка; сябра руху "За Свабоду". Кунцаўшчынская выбарчая акруга №34:

Як мары змяніць свет заводзяць беларускіх дэпутатаў у пад’езд без лямпачкі

"Буду настойваць на адмене пабораў у школах і дзіцячых садках на так званыя дзверы, жалюзі, новае крэсла дырэктару. Трэба вызваліць нашых настаўнікаў ад папяровай валакіты, ад падпісак на нікому непатрэбныя часопісы, газеты, ад суботнікаў, паходаў на хакей. Калі гэта будзе мець месца ў нейкіх садках альбо школах, выкладчыкі заўсёды змогуць звярнуцца да мяне, а я бы прыцягнуў увагу да сітуацыі з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі. Таксама абяцаю вярнуць ільготы тым людзям, якія патрапілі пад падатак на дармаедства. На сёння гэты падатак не адменены. Ён трансфармаваўся з трэцяга дэкрэта ў першы і пазбаўляе права жыхароў атрымліваць на роўных умовах паслугі ў медыцыне, адукацыі. А мясцовы дэпутат мае права выслухаць жыхара і вярнуць яму льготы, калі будзе лічыць, што яго аргументацыя слушная. Я абяцаю вяртаць гэтыя льготы. Таксама абяцаю паказваць людзям тое, на што выдаткоўваюцца іх грошы з мясцовага бюджэту. Часам гэта ўсё вельмі схавана і нельга даведацца, на што ідуць нашы падаткі. Але я змагу дамагчыся гэтай інфармацыі. Буду лабіраваць зніжэнне ставак мясцовых падаткаў, іх памеры. А ўвогуле, работа дэпутата –  штодзёная праца. Я ў адрозненне ад тых людзей, якія на сёння з’яўляюцца дэпутатамі і хаваюцца ад сваіх выбарцаў,  буду заўсёды даступны, мой нумар будзе публічным. Я буду заўсёды даступны ў сацыяльных сетках".

 

Рэальнасць: "Спрабуеш праявіць ініцыятыву –  значыць, нядобранадзейны"

 

Юрый Васкрасенскі, у мінулым – дэпутат Мінгарсавета: 

Як мары змяніць свет заводзяць беларускіх дэпутатаў у пад’езд без лямпачкі

"Быць дэпутатам... Нават не думаў, што мне давераць такое права. Калі выбаршчыкі ўсё ж даверылі, высветлілася, што ўсё зусім не так, як я сабе ўяўляў. Думаў, можна будзе распрацоўваць нейкія праграмы развіцця, інвестыцыйныя праграмы, праграмы па раёнах. У выніку ўсё звялося да таго, што трэба сядзець у раённай адміністрацыі, прымаць скаргі нашых паважаных бабуль і дзядуль на стан пад'ездаў, дахаў, суседзяў — праца заключалася ў гэтым.

Разумееце, у нас такая сістэма. Мінгарвыканкам павінен быць пры Савеце дэпутатаў. Але ў нас усё наадварот: усе дакументы, нарматыўныя акты распрацоўвае гарвыканкам, а дэпутатам трэба раз на месяц, а то і радзей збірацца для іх зацвярджэння. Адпаведна, нават калі ты не хочаш нешта зацвердзіць, часу на дапрацоўку проста не існуе. Таму ўсе прымаюць тое, што распрацоўвае гарвыканкам. А павінна быць наадварот: дэпутаты павінны распрацоўваць усе нарматыўныя акты, а гарвыканкам – браць іх пад казырок і выконваць. Гэта яшчэ з савецкіх часоў такая традыцыя.

Са скаргамі ўсё проста: прыходзіш да бабуль, глядзіш на гэтую перагарэлую лямпачку, дастаеш з уласнай кішэні грошы, набываеш, прыходзіш укручваць... Ільвіная частка пытанняў тычыцца недапрацоўкі органаў ЖКГ. Калі б яны працавалі эфектыўна, то гэтых скаргаў не было б. Але тут ёсць і іншы бок –  самі людзі не жадаюць нічога рабіць. Калі ім кажаш, напрыклад, стварайце таварыства, яны тут жа знікаюць. Проста прывыклі да таго, што дзяржава за іх павінна мяняць лямпачкі, чысціць пад'езды і супакойваць падпітых суседзяў. Таму нічога новага ў дэпутацтве нашы кандыдаты не знойдуць. Цяжкая карпатлівая праца, звязаная з ЖКГ, са скаргамі жыхароў акругі.

 

Як мары змяніць свет заводзяць беларускіх дэпутатаў у пад’езд без лямпачкі

Прамежкавай мэтай, якую я перад сабой ставіў, калі ішоў у дэпутаты – дапамагчы жыхарам раёна. Агульнапалітычная – абрацца ў парламент і, можа быць, ісці вышэй. Улічваючы словы падзякі, якія зачытвалі на сесіі (а ў пачатку кожнай сесіі зачытваюцца словы падзякі, якія паступілі ў гарсавет), часткова сваіх мэтаў я дамогся. Стратэгічную палітычную мэту мне прыйшлося пакуль адкласці.

Самае галоўнае расчараванне –  тое, што ініцыятывы, у тым ліку і мае, душаць. Так, нават на вышэйшым узроўні. Спрабуеш праявіць ініцыятыву –  значыць, нядобранадзейны. Гэта не залежыць ад таго, на карысць улады ці не, але ты ўсё роўна не ўпісваешся. А навошта дадаваць мітусні, калі і так ёсць каму мітусіцца? Цэлы гарвыканкам сядзіць! Вось, што было для мяне самым вялікім расчараваннем. Раней мне здавалася, што ўладам патрэбныя насамрэч працуючыя дэпутаты.

Тым, каго не абяруць раю не хвалявацца: рана ці позна ўсё зменіцца. Да тых, каго абяруць, хочацца звярнуцца з пасылам – не будзьце шэрымі шараговымі дэпутатамі, прапануйце ініцыятывы, зразумейце, што жыццё ідзе і горад павінен развівацца. Гарадскі выканаўчы камітэт павінен падпарадкоўвацца дэпутатам, а значыць, і народу. У гэтым і сутнасць прадстаўнічай дэмакратыі, а не наадварот".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі