Вы тут

Як хлопец у футболцы "У**БЫВАЙ" спрабаваў абскардзіць штраф, ды не выйшла

Затрыманне Дзмітрыя Місюка

Гэтая гісторыя пачалася 19 траўня ў адной з залаў Вярхоўнага Суда. Некалькі "кандыдатаў пратэсту", якім ЦВК адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп на прэзідэнцкіх выбарах, чакалі разгляду сваіх скаргаў. Але міліцыянерам не спадабаліся іх футболкі з надпісам "УБЫВАЙ" з дзвюма кропкамі над літарай "Б". Проста ў судзе іх затрымалі і склалі пратаколы за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

Адным з такіх затрыманых быў Дзмітрый Місюк. Хлопца аштрафавалі на 405 рублёў, але ён не змірыўся з гэтым і вырашыў абскардзіць штраф у Мінскім гарадскім судзе. "Супраціўляўся супрацоўнікам міліцыі, размахваў рукамі, паводзіў сябе нахабна і задзірліва" — усё гэта, запісанае ў пратаколе, па словах мужчыны, не адпавядае рэчаіснасці.

30 чэрвеня скаргу Місюка разглядаў суддзя Яўген Хаткевіч. Інтарэсы мужчыны прадстаўляў адвакат Андрэй Мачанаў. У юрыста ў рукаве цэлыя два козыры ў абарону свайго кліента: відэазапіс моманту затрымання і сведка Аляксандр Ткачоў, які прысутнічаў падчас пасяджэння.

 

Тое самае відэа. Хтосьці размахвае рукамі?

Здавалася б, перамога — вось яна. Засталося толькі выканаць фармальнасці, і адвакат выслухае, як суддзя адмяняе рашэнне папярэдняй інстанцыі.

Аднак абодва хадайніцтвы адваката суддзя "адфутбольвае" на самым пачатку судовага паседжання. Яўген Хаткевіч цікавіцца, чаму Місюк не запатрабаваў выслухаць паказанні сведкі падчас першага пасяджэння ў судзе Першамайскага раёна? Адвакат адказвае, што не прадстаўляў тады інтарэсаў кліента, таму не можа адказаць на гэта пытанне. Гэтага дастаткова, каб хадайніцтва аб сведку было пакінута без задавальнення.

А што з відэазапісам? Суддзя паціскае плячыма: "Відэазапіс і так далучаны да матэрыялаў справы". Таму... падчас гэтага пасяджэння ён праглядацца не будзе!

Козыраў больш няма, але адвакат здавацца не збіраецца. На мінулым судовым пасяджэнні ў якасці сведак па наяўнай у Беларусі традыцыі выступалі супрацоўнікі міліцыі, якія праводзілі затрыманне. Мачанаў звяртае ўвагу, што іх паказанні паўтараюць адно аднаго слова ў слова, "як быццам завучвалі іх з адной паперкі". Хіба такім можна давяраць?

Адвакат настойвае, што менавіта прагляд відэазапісу дапаможа аб'ектыўна ацаніць тое, што адбылося. Аднак "кінасеанса" ўсё роўна не адбываецца. Суддзя выходзіць для прыняцця рашэння. Ужо праз 5 хвілін ён вяртаецца ў залу з прадказальным: "Пакінуць у сіле рашэнне суда Першамайскага раёна".

Directed by Robert B. Weide.

 

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.