"Я прачнулася ад выбухаў". Нашая карэспандэнтка правяла гэты дзень у Кіеве

Кіеў, першы дзень вайны, людзі запасаюцца вадой / Еўрарадыё
Кіеў, першы дзень вайны, людзі запасаюцца вадой / Еўрарадыё

У 5:40 раніцы я прачнулася ад выбухаў. Яны гучалі удалечыні, і ўсё ж былі чутныя. Палезла ў інтэрнэт. Убачыла, што пачалася вайна.

Я выглянула на вуліцу. Там панікі не было. Бліжэй да 9 раніцы ўбачыла, што людзі з суседніх дамоў выходзяць з вялікімі торбамі, грузяць рэчы ў багажнікі. Ля суседняга дома стаяла вялікая чарга — аказалася, што гэта чарга да пунктаў набору пітной вады.

 

“Я проснулась от взрывов”. Наш корреспондент провела этот день в Киеве
Чарга па ваду ў Кіеве / Еўрарадыё

У раёне, дзе я жыла, шмат аптэк, але працавала толькі адна. У краме крокавай даступнасці таксама сабралася вялізная чарга, прыйшлося ісці ў вялікі гіпермаркет. Усе крамы былі зачыненыя, працаваў толькі прадуктовы аддзел.

Людзі расхоплівалі прадукты, але недахопу не было, усё неабходнае падвозілі зноўку. Людзі бралі ў асноўным макароны, кансервы і ваду. Ваду выносілі цэлымі пакункамі — але тут жа на цялежках падвозілі новыя ўпакоўкі.

Бліжэй да абеду я пачула яшчэ адзін выбух — таксама вельмі далёка.

Раніцай я сустрэла суседку. Яна несла ў пераносцы ката, а з ёй ішла маленькая ўнучка. Я спытала — вы едзеце? Яна сказала — так, трэба тэрмінова вывозіць маленькае дзіця. Але яе дзеці вырашылі пакуль заставацца ў Кіеве.

І прадавачка ў крамцы каля майго дома расказала, што нікуды з'язджаць не збіраецца. Але з'ехаць вырашылі многія. Некаторыя ўкраінцы выехалі адразу пасля таго, як Пуцін прызнаў так званыя ЛНР і ДНР — ім было зразумела, да чаго ўсё ідзе. Напярэдадні яны адправілі за мяжу дзіця.

На прыпынку каля майго дома стаяў вялікі аўтобус. Відавочна, што гэта быў нейкі эвакуацыйны аўтобус, людзі грузіліся ў яго з рэчамі.

Сёння я бачыла, што многія ішлі ў бамбасховішчы. Кіяўляне спакойныя, а затарваюцца для бамбасховішчаў, як быццам ідуць на вечарыну — бяруць з сабой чыпсы.

Я за два тыдні даведалася, дзе знаходзіцца найбліжэйшае да мяне бамбасховішча. Некалькі разоў я да яго прагулялася, ведала, колькі чалавек яно можа змясціць. Гэта значыць, я ведала, куды бегчы, а трывожны заплечнік быў сабраны.

Сёння я проста дакінула ў заплечнік некалькі рэчаў — але адправілася не ў бамбасховішча. Я паспрабавала з'ехаць з Кіева.

Пасля абеду сітуацыя на дарогах стала зусім няпростай. Калі а палове на чацвёртую я выйшла з дому, вельмі доўга не магла выклікаць машыну — ні адной службы таксі. Калі, нарэшце, атрымалася, таксіст назваў амаль 400 грыўняў — гэта каля 40 беларускіх рублёў, вельмі шмат.

Затое грамадскі транспарт сёння бясплатны. На некаторых станцыях метро людзі проста сядзяць — відаць, што яны нікуды не едуць, проста прыйшлі з рэчамі на станцыю. Магчыма, таму, што гэта яшчэ і бамбасховішча.

Але больш за ўсё людзей было на станцыях, якія знаходзяцца ля выезду з горада. Знайсці машыну, каб з'ехаць з Кіева, вельмі складана. Машын няма.

“Я проснулась от взрывов”. Наш корреспондент провела этот день в Киеве
Кіеў за два тыдні да вайны / Еўрарадыё

Да гэтага дня панікі ў Кіеве не было. Усе былі спакойныя, усе гулялі. Я гутарыла з украінцамі — ніхто не верыў, што нешта пачнецца. Ніхто не бачыў матыву. Для чаго? Адна справа — палохаць танкамі, іншая — рэальнае ўварванне.

А сёння паніку на вуліцах я пабачыла. І сама яе адчула. Пры тым, што я не схільны паніцы чалавек. Цяпер я еду ў бок мяжы і мяне не пакідае трывога.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі