“Я была б рада, каб гэтыя людзі засталіся тут”: меркаванне праваабаронцы

“Я была б рада, каб гэтыя людзі засталіся тут”: меркаванне праваабаронцы

У беларускай інфапрасторы не сціхаюць спрэчкі наконт таго, як абазначыць людзей, якія спачатку сілай, а потым спрабуючы разжаліць польскіх памежнікаў імкнуцца трапіць у ЕС. Хто яны — уцекачы альбо эканамічныя мігранты?

— Мне падаецца, што іх можна назваць транзітнымі бежанцамі, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё праваабаронца Наста Лойка. — На нашу думку, зараз Беларусь недастаткова бяспечная краіна для любых людзей, у тым ліку замежнікаў і замежніц. Асабліва калі гэтыя людзі з пэўным міграцыйным статусам, таму што працэдура бежанства ў Беларусі недастаткова празрыстая. Няма эфектыўных прававых механізмаў абскарджання, і часам гэта могуць быць палітычна матываваныя рашэнні [аб адмове. — Еўрарадыё].

Што ў гэтай сітуацыі рабіць польскаму боку?

— У маім разуменні, каб паўнавартасна рэалізаваць нормы права, іх павінны прапускаць і разглядаць індывідуальна ўсе іх запыты на міжнародную абарону, — кажа праваабаронца. — Што робяць Польшча, Літва, Латвія? Яны ўводзяць ваеннае становішча і думаюць, што гэта абмяжоўвае статус бежанца. З маёй пазіцыі гэта не зусім так. Калі да памежніка прыходзіць чалавек і кажа, што я звяртаюся да вас па абарону, то па ўсіх стандартах яны павінны гэтага чалавека пусціць і пачаць разглядаць гэтую сітуацыю.

Такім чынам, ці парушае Польшча міжнароднае заканадаўства, калі спыняе людзей, якія нішчаць калючую агароджу на мяжы і кідаюць у польскіх памежнікаў каменнем?

— Яны [палякі. — Еўрарадыё] па сваіх спецыяльных нормах абмяжоўваюць колькасць людзей, якія могуць прысутнічаць на гэтай тэрыторыі, могуць абмяжоўваць нейкія правы. Але права звароту па міжнародную абарону — гэта фундаментальнае права, якое нельга абмежаваць ніякім, умоўна, ваенным становішчам.

Дык, можа, хай уцекачы (ці мігранты) застаюцца ў Беларусі? Навошта ім Еўрасаюз, калі туды не хочуць пускаць?

— Я была б вельмі рада, каб гэтыя людзі засталіся тут, — пагаджаецца Наста Лойка. — Хоць я і разумею, што ім было б складана, як і мне, жыць у гэтых умовах глабальнага парушэння правоў чалавека. Але гэта ўсё роўна лепш пакуль што, чым сітуацыя ў курдскай частцы Ірака, дакладна.

У нас ёсць шмат агульнага з Іракам: напрыклад, смяротнае пакаранне ці адсутнасць закона аб хатнім гвалце. Тым не менш сітуацыя ў нас трошкі лепшая.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі