Вынікі візіту Байдэна ў Кіеў і скаргі Прыгожына — 363-я раніца вайны

Джо Байдэн і Уладзімір Зяленскі ў Кіеве / @V_Zelenskiy_official
Джо Байдэн і Уладзімір Зяленскі ў Кіеве / @V_Zelenskiy_official

У распараджэнні Расіі па-ранейшаму ёсць больш за 700 самалётаў і верталётаў. Такі лік быў на пачатак ўварвання, столькі ж застаецца і цяпер за кошт папаўненню бартоў. Але падцягнуць авіяцыю да межаў расіяне не могуць. Для гэтага патрэбныя новыя аэрадромы, кажа спікер камандавання паветраных сіл УСУ Юрый Ігнат.

Нагадаем, раней выданне Financial Times пісала, што Расія сцягвае авіяцыю да межаў з Украінай. Выданне меркавала, што Масква можа выкарыстоўваць свае самалёты і верталёты, каб падтрымаць наземны наступ. А прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў казаў, што Расія назапасіла ля Украіны прыкладна 450 самалётаў тактычнай авіяцыі і 300 верталётаў. Палова з іх ударныя. Але гэтыя самалёты і верталёты знаходзяцца ў 200 і больш кіламетрах ад мяжы па-за межамі дасяжнасці ўкраінскіх агнявых сродкаў.

Тым часам у Генштабе УСУ сёння раніцай кажуць, што пагроза расійскіх авіяцыйных і ракетных удараў застаецца высокай. За мінулыя суткі расіяне нанеслі 6 ракетных і 28 авіяцыйных удараў па грамадзянскай інфраструктуры Данецкай, Запарожскай і Херсонскай абласцей, здзейснілі 86 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. "У выніку агню расійскіх акупантаў знішчаны і пашкоджаны грамадзянскія жылыя дамы, школы і крамы. Ёсць загінулыя і параненыя", гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ.

Расійскія войскі працягваюць наземныя атакі ўздоўж лініі Сватава-Краменная, а таксама вядуць наступальныя аперацыі вакол Бахмута і яшчэ ў шэрагу раёнаў Данецкай вобласці. За мінулыя суткі падраздзяленні ўкраінскіх сіл абароны адбілі атакі расіян у раёнах населеных пунктаў Гранікоўка і Масютоўка Харкаўскай вобласці; Белагораўка ў Луганскай і Васюкоўка, Бярхоўка, Бахмут, Васільеўка, Новабахмутаўка, Вадзяное, Невельскяе і Мар'інка ў Данецкай вобласці, распавялі ва ўкраінскім Генштабе.

Итоги визита Байдена в Киев и жалобы Пригожина — 363-е утро войны
Карта баёў у Харкаўскай і Луганскай абласцях / understandingwar.org

Эксперты Інстытута вывучэння вайны спрабуюць асэнсаваць, што адбываецца з расійскімі сіламі на фронце. Гаворка пра рашэнне рэарганізаваць апалчэння так званых ДНР і ЛНР і ўключыць іх у рэгулярнае войска. Гэты крок "ва ўмовах наступу, верагодна, паказвае на тое, што Міністэрства абароны Расіі не разумее маштабаў праблем, звязаных з інтэграцыяй нерэгулярных сіл у прафесійную армію падчас інтэнсіўных баявых дзеянняў", лічаць у Інстытуце.

Што тычыцца скаргаў заснавальніка прыватнай вайсковай кампаніі "Вагнер" Яўгена Прыгожына на недахоп артылерыйскіх снарадаў, то ў Інстытуце мяркуюць, што Прыгожын трохі хітруе, спрабуе схаваць "расчараванне няздольнасцю "Вагнера" мець і эксплуатаваць свае ўласныя артылерыйскія сістэмы, незалежныя ад звычайных расійскіх падраздзяленняў".

"Малаверагодна, што "Вагнер" дзейнічае на бахмуцкім кірунку цалкам без артылерыйскай падтрымкі. "Вагнер", верагодна, атрымлівае артылерыйскую падтрымку ад звычайных расійскіх войскаў. Расійскае ваеннае камандаванне, магчыма, пазбавіла "Вагнера" прывілеяў на самастойнае выкарыстанне ўласных артылерыйскіх сістэм. Гэта Прыгожын і спрабаваў адлюстраваць як грэбаванне жыццямі вайскоўцаў "Вагнера", лічаць эксперты Інстытута.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў традыцыйным відэазвароце падвёў вынік візіту амерыканскага калегі Джо Байдэна ў Кіеў. Па словах Зяленскага, яны абмеркавалі з Байдэнам, “як ужо ў гэтым годзе зрабіць усё" для агульнай перамогі ў вайне, якую развязала Расія.

Напярэдадні ў Кіеве Байдэн анансаваў новы пакет дапамогі Украіне. Ён будзе ўключаць артылерыйскія боепрыпасы, супрацьтанкавыя сістэмы і радары паветранага назірання.

"Мы сабралі 700 танкаў і тысячы бронемашын, тысячы артылерыйскіх сістэм і больш за 2 млн артылерыйскіх боепрыпасаў, больш за 50 ракетных сістэм, сродкі СПА — усё, што дапамагае абараняць краіну", — заявіў Байдэн. Ён таксама дадаў, што неўзабаве ЗША абвесцяць аб дадатковых санкцыях супраць кампаній, якія спрабуюць пазбегнуць санкцый і падтрымліваюць расійскую агрэсію. Па словах амерыканскага прэзідэнта, гэта рашэнне мае двухпартыйную падтрымку ў Кангрэсе.

А напярэдадні вечарам Байдэн прыбыў у Варшаву. Ён пакінуў Украіну цягніком, яго давезлі да польскага горада Жэшува, дзе прэзідэнта чакаў борт Air Force One (Борт нумар адзін). У "Укрзалізниці" пацвердзілі, што дапамаглі прэзідэнту ЗША бяспечна дабрацца да Кіева і вярнуцца назад у Польшчу.

Сёння ў Варшаве Байдэн сустрэнецца з польскім прэзідэнтам Анджэем Дудам і выступіць з прамовай. А заўтра ў Польшчы з удзелам прэзідэнта ЗША адбудзецца саміт "Бухарэсцкай дзявяткі" — фармату, які аб'ядноўвае краіны ўсходняга флангу NATO: Балгарыю, Чэхію, Эстонію, Літву, Латвію, Польшчу, Румынію, Славакію, Венгрыю і Чэхію. У гэтай сустрэчы таксама прыме ўдзел генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг.

Итоги визита Байдена в Киев и жалобы Пригожина — 363-е утро войны
З Кіева да польскага Жэшува Байдэн дабраўся на цягніку/ @UkrzalInfo

Тым часам у Кіеве аднавіў будаўніцтва метро. Пра гэта распавёў начальнік Кіеўскага метрапалітэна Віктар Брагінскі у інтэрв'ю ТСН. З пачаткам поўнамаштабнай вайны і ўвядзеннем ваеннага становішча будаўніцтва было спынена .

"Цяпер генпадрадчык усё ж аднавіў будаўнічыя працы. Вядома, што на тэмпы будаўніцтва ўплывае бягучая сітуацыя, бо брыгады будаўнікоў падчас паветранай трывогі павінны быць у бяспецы. Акрамя таго, нестабільнае электразабеспячэнне запавольвае працоўны працэс", — адзначыў Брагінскі. Паводле яго слоў, нягледзячы на цяжкасці, якія ўзнікаюць з-за вайны, Кіеўская гарадская ўлада і метрапалітэн "прыкладаюць максімум намаганняў, каб гэты праект працягваўся". Праўда, ён прызнаўся, што з улікам вайны назваць дакладны тэрмін заканчэння работ не можа.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі