Вынікі ратавальнай аперацыі ў Дняпры, мінімум 45 загінулых — 329-я раніца вайны

У Дняпры завяршылі выратавальную аперацыю на месцы траплення ракеты ў шматпавярховік / ДСНС Украіны
У Дняпры завяршылі выратавальную аперацыю на месцы траплення ракеты ў шматпавярховік / ДСНС Украіны

У Дняпры напярэдадні завяршыўся разбор завалаў шматпавярхоўкі, у якую 14 студзеня трапіла ракета. Выратавальная аперацыя доўжылася 69 гадзін. Па апошніх дадзеных, загінулі 45 чалавек, сярод іх 6 дзяцей. Яшчэ 79 чалавек атрымалі раненні, у тым ліку 16 дзяцей. Без вестак прапаўшымі застаюцца 20 чалавек, і тут ёсць дзеці. Апазнаць пакуль не змаглі 15 целаў, піша Hromadske.

У мясцовым гарсавеце кажуць, што вылучаць жыхарам пацярпелай шматпавярхоўкі, якія засталіся без кватэр, па мільёне грыўняў, каб яны змаглі купіць сабе жыллё.

Итоги спасательной операции в Днепре, минимум 45 погибших — 329-е утро войны
Без вестак зніклымі застаюцца 20 чалавек / ДСНС Украіны

За мінулыя суткі расіяне здзейснілі 6 ракетных, а таксама 14 авіяўдараў, гаворыцца ў ранішняй зводцы ўкраінскага Генштаба. Тры ракетныя ўдары былі нанесеныя па грамадзянскіх аб'ектах у Купянску і Краматорску.

Самая складаная сітуацыя па-ранейшаму ў Данецкай вобласці. Расіяне наступаюць на Бахмцкім напрамку і вядуць, па словах украінскіх вайскоўцаў, "няўдалыя наступальныя дзеянні на Аўдзееўскім кірунку".

Тым часам Служба бяспекі Украіны апублікавала відэа, як украінскія спецназаўцы наносяць удары дронамі-камікадзэ па пазіцыях расійскіх войскаў пад Бахмутам. Пазіцыі расіян былі выяўленыя падчас аэраразведкі. "Мы б'емся за кожны сантыметр нашай зямлі!" кажуць у СБУ.

Па дадзеных ваеннай разведкі Украіны, расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін загадаў новаму камандуючаму Валерыю Герасімаву захапіць Данбас да сакавіка.

Уладзімір Пуцін можа абвясцілі аб новай хвалі мабілізацыі ўжо сёння, 18 студзеня. Так лічаць у Інстытуце вывучэння вайны (ISW). Сёння ён павінен выступіць з прамовай у Санкт-Пецярбургу з нагоды 80-й гадавіны прарыву блакады Ленінграда, яго роднага горада.

"Пуцін любіць выкарыстоўваць сімвалічныя даты для звароту да расійскага народу, а некаторыя расійскія праваенныя блогеры адзначылі, што ён скарыстаецца гэтай магчымасцю для таго, каб альбо абвясціць мабілізацыю, альбо вайну з Украінай", — гаворыцца ў справаздачы ISW. Эксперты таксама адзначаюць, што раней украінскія і заходнія спецслужбы неаднаразова папярэджвалі аб запланаванай на сярэдзіну студзеня падрыхтоўцы да мабілізацыі.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў традыцыйным звароце распавёў, што Украіна цяпер мае ўжо тры гарантаваныя батарэі зенітных ракетных комплексаў Patriot. Трэцяй стала батарэя, якую паабяцаў Кіеву прэм'ер-міністр Нідэрландаў.

"Гэта значыць маем ужо тры гарантаваныя батарэі. Але гэта толькі пачатак. Працуем над новымі рашэннямі для ўмацавання нашай СПА", — сказаў Зяленскі. Ён таксама распавёў аб выніках першага дня працы ўкраінскай дэлегацыі на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе. "Свет чуе Украіну ў Давосе — там ведаюць, што Расія зрабіла з Дняпром, ведаюць, што тэрарысты робяць з Херсонам, з Харкавам, з нашым Данбасам і іншымі тэрыторыямі, на якія Расія прынесла смерць. І мы лабіруем узмацненне глабальнага ціску на дзяржаву-тэрарыста", — адзначыў Зяленскі.

ЗША падрыхтуюць украінскіх вайскоўцаў, каб яны змаглі працаваць з зенітна-ракетнымі комплексамі Patriot, за 10 тыдняў. Пра гэта распавёў міністр абароны Аляксей Рэзнікаў. Яго словы прыводзіць Аrmyinform.

"Раней мы нават марыць не маглі пра тое, што нам дадуць, напрыклад Patriot, кошт якога мільярд даляраў, а падрыхтоўка, якая складае 10 месяцаў, — мінімальная. Сёння ж ёсць рашэнне, што нашых афіцэраў падрыхтуюць за 10 тыдняў. Такія абавязацельствы ўзялі на сябе амерыканскія партнёры", сказаў Рэзнікаў.

Дадатковую дапамогу Украіне абмеркавалі напярэдадні падчас тэлефоннай размовы прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і канцлер Германіі Олаф Шольц. Пра гэта паведамілі прэс-службы федэральнага ўрада Германіі і Белага дома. Абодва лідэры пагадзіліся, што гэтая падтрымка павінна быць "эфектыўнай, пастаяннай і цесна скаардынаваная". У Бярліне зараз абмяркоўваюць магчымасць перадачы Кіеву цяжкіх танкаў Leopard 2.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі