Вы тут

Вынікі года. Кацярына Сінюк: Мы даказалі, што беларусы могуць не толькі нудзець

Кацярына Сінюк. Фота: "Наша Ніва"

Напачатку лістапада інтэрнэт узарвалі фота ненатуральна худых дзяцей, якія жывуць у мінскім доме-інтэрнаце на Выгоцкага. У свае дваццаць многія з іх важаць як трохгадовыя. Часопіс "Имена" высветліў, што дзеці не атрымлівалі патрэбнага харчавання, і дапамог вельмі хутка сабраць на яго каля $35 тысяч. 49 дзяцей пачалі харчавацца як мае быць. Гэтая кампанія атрымалася самай гучнай і самай выніковай у гісторуі беларускага краўдфандынга.

Цягам года на "Именах" выйшла некалькі дзясяткаў артыкулаў пра беларусаў, якім патрэбная дапамога. Шмат хто з іх дзякуючы часопісу атрымаў новую надзею, а мы — грамадства — звярнулі ўвагу на праблемы, якія раней былі ў цені. І пачалі іх вырашаць.

"Вялікая колькасць беларусаў, якія раней не былі знаёмыя паміж сабой, даказалі, як можна не толькі нудзець і скардзіцца на жыццё, але і сваімі рукамі рабіць жыццё ў краіне лепш, — адказвае Еўрарадыё на пытанне пра вынікі года кіраўнік часопіса "Имена" Кацярына Сінюк. — За няпоўны год працы праекта "Имена" ў журналістаў атрымалася напісаць дзясяткі цікавых гісторый пра людзей. Мы сабралі больш за 145 тысяч [дэнамінаваных] рублёў у падртымку сацыяльна значных праектаў і прыцягнулі да актыўнага жыцця вялікую колькасць валанцёраў. 

А галоўным дасягненнем я лічу, што ў часопіса "Имена" атрымалася стаць сёлета паўнавартасным грамадскім СМІ, які на 100% прафінансавалі самі чытачы".