Вы тут

Выказваем заклапочанасць: у Бутане ўжо ўсе прышчапіліся, а Дзярждэп разгубіўся

У нас ёсць навіны нават для коцікаў / калаж Еўрарадыё

Дэмакратыі засталося на тры дні — гэта мы пра Туніс. Судзяць за сцяг і наезд на паліцэйскіх — а гэта ўжо пра Ганконг. Працягвае сядзець за сваю журналісцкую працу — а гэта пра Джуліяна Асанжа ў Лондане. І нават навіна пра перамогу над каранавірусам прыйшла не з Беларусі, а з Бутана.

Навіны адбываюцца не толькі ў нашай краіне. Коратка раскажам, што здарылася ў іншых.

 

Краіна, якая перамагла каранавірус

Бутан нагадаў свету, як мы збіраліся змагацца з COVID. За тыдзень у краіне цалкам прышчапіліся 90% дарослага насельніцтва. І ў гэтай гісторыі поспеху ёсць і салідарнасць, і асабістая адказнасць, і ўважлівае стаўленне ўладаў.

Бутан — малюсенькае каралеўства ў Паўднёвай Азіі. Людзі тут жывуць высока ў горах. Гэта, вядома, не аблягчала жыццё медработнікам: даставіць вакцыну было вельмі складана.

Да гэтага рыхтаваліся месяцамі. Да пандэміі тут было крыху больш за трыста медыкаў. Але за папярэдні год навучанне прайшлі сотні чалавек. А распаўсюджваць вакцыны ім дапамагалі яшчэ больш за 22 тысячы добраахвотнікаў, якія літаральна хадзілі ад дзвярэй да дзвярэй.

І не толькі яны. 41-гадовы кароль Джыгмэ Кхесар Намг'ел Вангчук асабіста падарожнічаў па краіне, наведваў вёскі і невялікія абшчыны, каб расказаць людзям пра важнасць прышчэпкі. А прэм'ер рабіў тое самае ў сацсетках.

Асобная праблема — даставіць вакцыны ў Бутан. Мясцовы аэрапорт — адзін з самых складаных для пасадкі ў свеце. Ва ўсім свеце допуск для палётаў сюды ёсць толькі ў дваццаці пілотаў. Але і гэта не спыніла вакцынацыю.

Частку вакцын для Бутана ахвяравала Індыя. Але потым краіну захліснула новая хваля віруса. А Бутан пачаў шукаць дапамогі ў іншых краінах. Адгукнуліся ЗША, Данія, Кітай і нават такія далёкія ад азіяцкага каралеўства краіны, як Харватыя і Балгарыя. Гэта значыць, сусветная супольнасць аб'ядналася. З Бутанам здарылася тое, чаго мы ўсе чакалі адно ад аднаго ў пандэмію.

Саромеемся спытаць: можа, хочаце як у Бутане?

Асанжа пазбавілі грамадзянства Эквадора

У жыцці Джуліяна Асанжа невялікія перамены: ён больш не грамадзянін Эквадора. Але іншых перамен няма: ён па-ранейшаму ў лонданскай турме.

Эквадор паведаміў Асанжу, што ў дакументах аб яго натуралізацыі былі неадпаведнасці, адрозніваліся подпісы, а зборы не былі выплачаныя.

Нагода ўспомніць, што адбываецца з заснавальнікам Wikileaks вось ужо шмат гадоў.

З 2012 года Джуліян Асанж знаходзіўся ў амбасадзе Эквадора. Ён уцёк туды, каб схавацца ад абвінавачанняў Швецыі ў сексуальных дамаганнях і гвалце — якія адмаўляў.

А ў 2018 годзе Асанж атрымаў грамадзянства Эквадора. Тады прэзідэнт Ленін Марэна спрабаваў "ператварыць" заснавальніка Wikileaks у дыпламата, каб вывезці яго з амбасады на дыпламатычным транспарце. Гэтая спроба не ўдалася.

Асанж правёў у амбасадзе больш за пяць гадоў. Цяпер пяцідзесяцігадовы заснавальнік Wikileaks знаходзіцца ў турме строгага рэжыму ў Англіі. Сапраўдная небяспека яму пагражае ў ЗША. Пракуратура Штатаў прад'явіла Асанжу 17 абвінавачанняў у шпіянажы. Максімальны тэрмін турэмнага зняволення, які яму пагражае, складае 175 гадоў.

Брытанскі суд не выдаў Асанжа Штатам па іх патрабаванні, але і не вызваліў. Пакінуў пад вартай на тэрмін, які амерыканскай пракуратуры спатрэбіцца для складання апеляцыі.

Amnesty International настойвае: Асанж павінен быць вызвалены пад заклад да завяршэння разбору ў Вялікабрытаніі. Стратэгію "пратрымаць яго пад вартай як мага даўжэй" там параўналі са смерцю ад тысячы парэзаў.

 

Справа аб сепаратысцкай сімволіцы і наездзе на паліцэйскіх

У Ганконгу праходзіць рэзанансны суд. Першага чалавека судзяць па законе аб нацыянальнай бяспецы.

Падсуднага ўжо прызналі вінаватым ва ўчыненні акта тэрарызму: ён уехаў у групу паліцэйскіх на матацыкле, параніўшы траіх. А таксама ў "падбухторванні да аддзялення" — за чорны сцяг з антыўрадавым лозунгам "Вызваліце Ганконг, рэвалюцыя нашага часу".

За справай гэтага маладога чалавека ўважліва сочаць сусветныя СМІ. Яго ўспрымаюць як лакмусавую паперку, якая пакажа, як закон будзе трактавацца ў найбліжэйшы час. Бо па ім прад'яўлена ўжо больш за семдзесят абвінавачанняў.

У прыватнасці, цікава, як будзе трактавацца сцяг. У час суда абарона і абвінавачанне спрачаліся пра значэнне, гісторыю і кантэкст лозунга, напісанага на сцягу. Суд вырашыў: гэты лозунг падбухторвае да сепаратызму.

Урад Ганконга неаднаразова адмаўляў, што закон будзе выкарыстоўвацца для цэнзуры. Лідар горада Кэры Лэм настойвала, што закон — крок да таго, каб спыніць хаос і гвалт на вуліцах і забяспечыць Ганконгу стабільнасць і росквіт.

Дзярждэп збянтэжаны

Белы дом збянтэжаны і пакуль не можа вызначыцца, ці лічыць сітуацыю ў Тунісе дзяржпераваротам. Таму што ўвогуле яшчэ нядаўна Туніс лічыўся дэмакратыяй.

Больш за тое, Туніс можна было назваць адзіным прыкладам краіны, у якой арабская вясна перамагла.

А днямі прайшлі масавыя пратэсты. Людзі крытыкавалі ўрад за правал у барацьбе з пандэміяй, патрабавалі роспуску парламента.

І прэзідэнт паслухаўся пратэстоўцаў: звольніў прэм'ера і замарозіў парламент на 30 дзён. Пратэстоўцы тым часам штурмавалі "Аль-Джазіру" і разрабавалі офісы памяркоўнай ісламісцкай партыі "Энахда". Спікер парламента ў адказ правёў сядзячую забастоўку, ён настойваў: парламент працуе.

Яшчэ шэсць гадоў таму Джо Байдэн прымаў у Вашынгтоне экс-прэзідэнта Туніса. Байдэн быў тады віцэ-прэзідэнтам, ён падкрэсліваў важнасць "забеспячэння поспеху дэмакратыі ў Тунісе". Але цяпер з дэмакратыяй у Тунісе адбываецца нешта не тое. І выданне Washington Post піша: здаецца, Белы дом пакуль асцерагаецца браць у крызісе актыўны ўдзел.

Прэс-сакратар Белага дома Джэн Псакі заявіла, што Злучаныя Штаты "занепакоеныя развіццём падзей у Тунісе". Пакуль група юрыстаў Дзярждэпартамента не разгледзіць сітуацыю, Белы дом не можа вызначыць, ці ёсць тое, што адбылося, пераваротам. І яшчэ некалькі чыноўнікаў выступілі з падобнымі зваротамі.

Washington Post выказвае занепакоенасць: калі ЗША і Еўропа не ўмяшаюцца, гэта могуць зрабіць краіны Персідскага заліва. А ў іх крыху неамерыканскае разуменне дэмакратыі.

 

Распрацоўшчыкам патрэбны ваш кот

Сусветны парадак дня такі насычаны, што нам спатрэбіцца дапамога коцікаў, каб пра ўсё гэта забыцца. А дапамога вашага коціка спатрэбіцца распрацоўшчыкам праграмы Tably. Яе стварылі, каб вы маглі лепш разумець стан здароўя сваіх жывёл.

Першы крок просты: фатаграфуеце ката на тэлефон. А потым у справу ўступае штучны інтэлект. Пакуль праграма працуе не ідэальна. Усё чаму? Распрацоўшчыкам трэба прааналізаваць больш катоў!

Вы ведаеце, што рабіць. Усё як звычайна: сфатаграфуйце свайго ката.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.