Выдаўца Ігара Логвінава пазбаўляюць ліцэнзіі

Гэтую інфармацыю агучыў намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец на V Форуме грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, які праходзіць гэтымі днямі ў Кішынёве, паведамляе сайт ГА “БАЖ”.



“Паведамленне пра спыненне ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасць індывідуальны прадпрымальнік Ігар Логвінаў атрымаў 23 верасня, — распавёў Андрэй Бастунец. — Дакумент падпісала першая намесніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч.



Ліцэнзія адклікаецца “ў сувязі з дапушчанымі грубымі парушэннямі заканадаўства аб ліцэнзаванні”. Гаворка ідзе пра выпуск альбома “Прэс-фота Беларусі 2011”, які суд Ашмянскага раёна прызнаў экстрэмісцкім 18 красавіка 2013 года”.



“Мы лічым, што пазбаўленне ліцэнзіі адбылося незаконна, са шматлікімі парушэннямі, і таму мы ўжо накіравалі адпаведны ліст міністру інфармацыі Алегу Праляскоўскаму”, — лаканічна каментуюць падзею ў выдавецтве.


“На маю думку, заканадаўства не давала міністэрству права пазбаўляць выдавецтва ліцэнзіі, а таксама не была выкананая прадугледжаная законам працэдура”, — заявіў Андрэй Бастунец.



“Хачу звярнуць увагу і на тое, што пры разглядзе справы аб прызнанні экстрэмісцкімі матэрыяламі альбома “Прэс-фота-2011” выдавецтва наогул не было прыцягнута да працэсу. А зараз рашэнне таго суда называюць падставай для пазбаўлення яго ліцэнзіі, — падкрэсліў юрыст. — У выпадку, калі міністэрства не перагледзіць свайго рашэння, я бачу судовы шлях вырашэння гэтай спрэчкі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі