Вы тут

Выццё сірэны, акопы і супрацьтанкавыя вожыкі. Як змяніўся Кіеў за 3 месяцы вайны

Фота Еўрарадыё

З Кіева наша журналістка выбіралася ў самым пачатку вайны — 24 і 25 лютага. Рэчы з кватэры не забірала, толькі самае неабходнае — з'ехала з адным заплечнікам

20 траўня, праз 3 месяцы, яна села на аўтобус Варшава — Кіеў і паехала ва Украіну. Як змяніўся Кіеў за час вайны, што адбываецца ў горадзе і ці лёгка жыць пад выццё сірэн паветранай трывогі — у расказе журналісткі Еўрарадыё.

 

Мяне знялі з рэйса і 4 гадзіны вырашалі, упускаць ці не ўпускаць у краіну

Ехаць ва Украіну было ўзрушальна. Па-першае, у краіне, якая ваюе, можа здарыцца ўсё што заўгодна. Па-другое, у беларусаў не раз узнікалі пытанні з праходжаннем украінскай мяжы. Польшча выпусціла без пытанняў. А вось ва ўкраінскіх памежнікаў, нягледзячы на акрэдытацыю, якую я атрымала ва УСУ, пытанні да мяне такі паўсталі.

Калі ты грамадзянін Беларусі, уехаць ва Украіну можаш толькі пры наяўнасці віда на жыхарства ў краіне. У мяне яго на цяперашні момант няма. Быў, але яго трэба было здаць з пэўных прычын, а новы аформіць я проста не паспела: пачалася вайна.

Мяне знялі з рэйса, сказалі забраць рэчы, маўляў, гэта надоўга, і павялі ў будынак адміністрацыі на гутарку. Пыталіся пра ўсё: пачынаючы з таго, дзе, кім і колькі па часе я працую, і заканчваючы тым, навошта я ездзіла ў краіны, штампы якіх стаяць у мяне ў пашпарце, і ці была калі-небудзь у Крыме. Усе апытанні і працэс рашэння, упусціць мяне або развярнуць, доўжыліся 4 гадзіны. Прапусцілі.

Пры гэтым работнікі памежнай службы былі вельмі ветлівыя і далікатныя. І рабілі ўсё магчымае, каб пытанне вырашылася для мяне станоўча. Акрамя таго, адразу некалькі чалавек спрабавалі дапамагчы мне знайсці які-небудзь транспарт да Кіева. Але гэта аказалася задача з зорачкай.

Разбураны дом пад Кіевам / фота Еўрарадыё

Наўпрост да Кіева з гэтага прапускнога пункта мала хто ехаў. Дый у тых машынах, што ехалі, усе месцы часцей за ўсё былі занятыя. Некалькі чалавек адмовіліся браць спадарожніцу. Аўтобусаў да сталіцы таксама не прадбачылася. Таму бліжэй да сямі вечара я вырашыла паехаць куды-небудзь, каб не начаваць на мяжы, і заскочыла ў першы-лепшы аўтобус. Ён ішоў да Роўна.
 

"Навошта здымаеце? Ваенны час, нічога здымаць нельга!"

Першае, што заўважыла: музычны рэпертуар украінскіх радыёстанцый змяніўся. На ўвесь салон аўтобуса гралі песні пра байрактар, вайну, любоў да Радзімы і падобнае. Пасажыры падпявалі. Нават хлопчык гадоў васьмі ведаў іх тэксты.

Акрамя песень і зафарбаваных назваў населеных пунктаў на дарожных паказальніках, пра тое, што ў краіне вайна, не гаварыла нічога. Але недзе праз гадзіну язды я стала заўважаць на ўзбочынах супрацьтанкавыя вожыкі і абарончыя збудаванні з мяшкоў з пяском. Хацела сфатаграфаваць, але…

— Навошта вы здымаеце? — строгім голасам спытала жанчына, якая сядзела ў крэсле за мной. — Ваенны час, нічога здымаць нельга. Калі ўбачаць на блокпасту, што вы здымаеце, давядзецца гадзіну стаяць і даваць тлумачэнні, хто вы і навошта фатаграфіі.

Разбураны мост каля Кіева / фота Еўрарадыё

Забягаючы наперад, скажу, што ва Украіне цяпер шмат хто падазрона ставіцца да людзей, якія фатаграфуюць камерай і нават тэлефонам. Некаторыя пагражаюць выклікаць паліцыю.

Па дарозе нас пару разоў спынялі блокпасты, цікавіліся ў кіроўцы, ці падбіраў ён кагосьці пасля перасячэння мяжы. Той адказваў, што ўсе свае.

У Роўне я была амаль у 11 вечара. Нас прывезлі на аўтавакзал. Ісці шукаць нейкі начлег часу не было — набліжалася каменданцкая гадзіна. Вырашыла застацца ў начной зале чакання. Дый перыядычна пад'язджалі аўтобусы, хоць у раскладзе і не значыліся. Падумала, што нейкі можа ісці да Кіева і я паеду.

На вакзал зайшоў паліцэйскі патруль — трое мужчын у форме і са зброяй. Спыталі, ці ўсё добра ў тых, хто чакае аўтобусы, штосьці сказалі дзяжурнаму касіру і пайшлі. У галаве прамільгнула думка, што, калі б падобная сітуацыя здарылася ў Беларусі — зайшла міліцыя, я б дакладна занервавалася. Але тут паліцыя не выклікае пачуцця небяспекі, наадварот, становіцца спакайней.

Фота Еўрарадыё

Бліжэй да поўначы прыехаў аўтобус Львоў — Кіеў. Амаль усю дарогу праспала. Калі развіднела, на пад'ездзе да Кіева бачыла пашкоджаныя пешаходныя масты, скарэжаныя прыпынкі, абгарэлую вайсковую тэхніку на ўзбочынах, разбураныя дамы, разварочаныя дрэвы, акопы і сотні супрацьтанкавых вожыкаў.
 

"На вуліцах аўто менш таму, што бензін цяпер купіць складана"

Здалося, што ў Кіеве на вуліцы менш людзей і машын.

— Проста надвор'е дрэннае, дождж імжыць. Шмат хто ўжо вярнуўся. У сакавіку ў дварах стаяла па 3-4 машыны. А цяпер усё зноў застаўлена, прыпаркавацца няма дзе, — растлумачыў мужчына. — А на вуліцах аўто менш таму, што бензін цяпер купіць складана. Каб заправіцца, паўдня, а то і дзень патраціць трэба.

На запраўках ва Украіне цяпер сапраўды велізарныя чэргі. Мала таго, што цэны на паліва даходзяць да 60 грыўняў за літр (5,2 рубля, гэта тое, што бачыла на запраўках асабіста), дык яно і мала дзе ёсць. А дзе ёсць, там абмежаванні па колькасці ў адны рукі — 10 літраў.

Фота Еўрарадыё

Мой дом, на шчасце, застаўся цэлы. Ля двара на газоне мяне сустракала купка акуратна складзеных супрацьтанкавых вожыкаў. Пра тое, што ў кватэры нікога не было тры месяцы, нагадваў толькі двухсантыметровы слой пылу на падлозе і паліцах. Суседзі казалі, што ў першы месяц вайны, калі шмат хто з'ехаў, па кватэрах лазілі марадзёры. Але цяпер баяцца няма чаго — вярнуўся кансьерж, дый наогул амаль усе папрыязджалі назад.

Прагулялася па прадукты. Адразу кінулася ў вочы, што з будынка гіпермаркета каля дома выехала буйная крама з танным адзеннем, абутковая, крама тэхнікі і яшчэ некалькі дробных гандлёвых пунктаў.

Фота Еўрарадыё

У самым гіпермаркеце на паліцах прыкметна паменшылася тавару. Скараціўся асартымент садавіны і гародніны, вітрыны аднаго шэрагу, дзе раней была малочка, завесілі тканінай, апусцеў халадзільнік з імпартнымі сырамі. У аддзеле з мыйнай хіміяй і бытавымі дробязямі практычна нічога не засталося: пару відаў пральнага парашку, пакеты для смецця і яшчэ сёе-тое.

Асартымент змяніўся і ў іншых прадуктовых крамах. Пустуюць аддзелы, дзе раней прадавалі каўбасы на вагу. Закрытыя кулінарыі. Знікла з паліц грэчка, рысу па 1-2 віды. Затое макароны ўсялякай досыць.

Фота Еўрарадыё
Фота Еўрарадыё

Дарэчы, у крамах, дзе яшчэ тры месяцы таму было поўна беларускіх малочных прадуктаў: тварагу, сыру, глазураваных сыркоў, ёгуртаў і іншага, цяпер нічога няма. Нават згушчонку нашу больш не прадаюць. Знікла марская капуста і крабавыя палачкі. Затое ўсё гэтаксама шмат беларускіх калготак і шкарпэтак. У адной з крамаў растлумачылі, што гэта складскія запасы. А цяпер ужо паставак няма.
 

"За тры месяцы ўсе прывыклі: выбухаў няма, з неба нічога не падае — значыць, усё ў парадку"

Калі ідзеш па вуліцы, здаецца, што горад жыве звычайным жыццём: людзі кудысьці спяшаюцца, ездзяць маршруткі і трамваі, адкрытыя кавярні, дзе можна выпіць кавы, ліманаду або з'есці салату. Наведвальнікаў там не так ужо мала. Працуюць нават крамы тавараў для творчасці, пражы. На міні-рынках ля ўваходаў у метро гандлююць трускалкай, абрыкосамі, памідорамі, буякамі, радыскай і кучай іншай гародніны і садавіны.

Фота Еўрарадыё
Фота Еўрарадыё

На экране тэлефона з'явіўся сіні значок з белай літарай К. Праграма "Кіеў лічбавы" паведаміла пра паветраную трывогу. Сірэн на левым беразе не чуваць.

На некалькі секундаў спыняюся пасярод паркоўкі, разгублена гляджу па баках і на неба. Ніхто нікуды не бяжыць! Людзі нават хуткасці не дадалі, ідуць як ішлі па сваіх справах.

— А чаму ніхто не хаваецца? Паветраная трывога! — цікаўлюся ў мужчыны, які праходзіць міма.

— Вы, напэўна, нядаўна ва Украіне? — здагадваецца ён. — За тры месяцы ўсе прывыклі. Выбухаў няма, з неба нічога не падае — значыць, усё ў парадку.

Фота Еўрарадыё

Можа, усе ўжо і прывыклі, але я хвалююся. Зайшла ў найбліжэйшую краму. Хоць уяўная бяспека.

Крама аказалася сэканд-хэндам. Пакупнікоў там даволі шмат, хоць працоўны дзень у самым разгары. Людзі выбіраюць уборы да лета, на паветраную трывогу ад працэсу ніхто не адрываецца.

Фота Еўрарадыё

Працуюць і гандлёвыя цэнтры. Прычым там адкрыта 90% крамаў. У Беларусі такой раскошай яшчэ два гады таму маглі пахваліцца толькі пару ГЦ. А многія пуставалі напалову.

Наступным разам паветраную трывогу абвясцілі ноччу. І я яе пачула — далёка завыла сірэна. Гэта жудасна! Паглядзела ў акно — на вуліцу ніхто не выходзіць. Прыслухалася — у пад'ездзе ніякіх варушэнняў. Забрала коўдру і падушку і пайшла ў ванны пакой, ад вокнаў далей. Адбой трывогі абвясцілі толькі праз гадзіну з лішнім.

Апавяшчэнні пра адбой часта прыходзяць са спазненнем, таму што якасць інтэрнэту ў Кіеве пагоршылася. А ў часе трывог мабільны часцяком і зусім знікае. Пажылая суседка параіла купіць радыёпрыёмнік на выпадак, калі інтэрнэт цалкам знікне. Тады "можна будзе слухаць важную інфармацыю ад урада".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.