Выбухі моста каля Мелітопаля і ў расійскіх Клінцах — 293-я раніца вайны

Пасля выбуху мост каля Мелітопаля дэфармаваўся / @vrogov
Пасля выбуху мост каля Мелітопаля дэфармаваўся / @vrogov

Каля Мелітопаля Запарожскай вобласці, які знаходзіцца пад кантролем расіян, узарвалі мост. Канструкцыя выстаяла, але пашкоджаныя апоры, таму рух транспарту па мосце было вырашана прыпыніць. Украінскі мэр Мелітопаля Іван Фёдараў кажа, што гэты мост стратэгічна важны для расіян — праз яго яны перакідвалі вайсковую тэхніку. Прарасійскі актывіст Уладзімір Рогаў абвінаваціў у выбуху "украінскіх тэрарыстаў".

"Мы не даем ім магчымасці перакідваць узбраенне і баявую тэхніку своечасова. Цяпер ім давядзецца ехаць у аб'езд і гэта вельмі добра, таму што сучасная вайна не пра тоны, а пра рытмы", — так пракаментаваў надзвычайнае здарэнне з мостам у раёне Мелітопаля дарадца офіса ўкраінскага прэзідэнта Аляксей Арастовіч. Яго словы прыводзіць УНІАН.

Выбухі гэтай ноччу гучалі і ў Бранскай вобласці Расіі — абстралялі горад Клінцы. "Жыхары Клінцоў распавялі, што выбухі былі такой сілы, што абудзілі ўвесь горад. Афіцыйнай інфармацыі аб абстрэле не паступала, аб наяўнасці пацярпелых таксама нічога невядома", піша адзін з мясцовых рэсурсаў.

Взрывы моста возле Мелитополя и в российских Клинцах — 293-е утро войны
У Клінцах чулі выбухі, а ў пасёлку Клімава быў пажар / vk.com/klintsy.region_32

Аб сітуацыі на фронце. Расіяне засяроджваюць свае намаганні на наступе на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Запарожскім напрамках. Пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ. На іншых кірунках, па словах украінскіх вайскоўцаў, праціўнік спрабуе здушыць дзеянні падраздзяленняў Сіл абароны Украіны, абстрэльвае пазіцыі ўкраінскіх войскаў і грамадзянскія аб'екты ўздоўж усёй лініі сутыкнення.

Паводле ацэнкі Інстытута вывучэння вайны, расійскія войскі ўчора працягвалі абмежаваныя наземныя атакі паблізу Сватава і Крамянной. Украінскія сілы са свайго боку наносілі ўдары па тылах у Луганскай вобласці. Акрамя таго, расіяне працягвалі атакаваць у раёнах Бахмута і Аўдзееўкі, трымалі абарону на паўднёвым захадзе ад Данецка.

А на поўдні краіны сілы УСУ білі па расійскім ваенным аб'ектам і лагістычным вузлам уздоўж важнейшых дарог. Расійскія войскі тым часам заняліся ўмацаваннем паўночных пляжаў Крыму. Пры гэтым у Інстытуце лічаць, што расіянам можа не хапіць дастатковай інфраструктуры для падтрымкі сваіх войскаў у Крыме.

Взрывы моста возле Мелитополя и в российских Клинцах — 293-е утро войны
Карта баёў 12 снежня 2022 года / understandingwar.org

Учора адбылася сустрэча лідэры краін "Вялікай сямёркі" (G7). Па выніках саміту было заяўлена аб намеры прыцягнуць прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна да адказнасці за яго дзеянні ва Украіне "у адпаведнасці з міжнародным правам". Лідары краін таксама адзначылі, што Расіі давядзецца заплаціць за аднаўленне жыццёва важнай інфраструктуры. Казалі яны і пра "безадказную ядзерную рыторыку Расіі". На іх думку, яна з'яўляецца непрымальнай: любое ўжыванне хімічнай, біялагічнай або ядзернай зброі будзе мець сур'ёзныя наступствы.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваю чаргу прапанаваў Расіі пачаць вывад сваіх войскаў з тэрыторыі Украіны на Каляды. Такім чынам Масква магла б даказаць, што гатовая адмовіцца ад агрэсіі.

"Расіі прапануем ажыццявіць канкрэтны змястоўны крок да дыпламатычнага ўрэгулявання, аб якім у Маскве так часта кажуць", — заявіў Зяленскі. На яго думку, лепшы час для гэтага — Каляды, калі "нармальныя людзі думаюць пра мір, а не пра агрэсію".

"Калі Расія ажыццявіць вывад войскаў з Украіны, то тым самым будзе забяспечанае і надзейнае спыненне баявых дзеянняў", — растлумачыў ён. Ён таксама прапанаваў склікаць Глабальны саміт свету.

А ў традыцыйным вечаровым звароце да ўкраінцаў Зяленскі казаў аб аднаўленні энергетычнай інфраструктуры краіны. Акрамя таго ён папрасіў сваіх грамадзян сур'ёзна ставіцца да сігналаў паветранай трывогі. "На ўсіх узроўнях павінны быць гатовыя да любых варожых намераў. І зробім усё, каб прайсці гэтую зіму", сказаў ён.

Іран хоча мадыфікаваць балістычныя ракеты, якія плануе даць Расіі. Тэгеран усё ж такі баіцца міжнароднай рэакцыі і гатовы дапамагаць агрэсару ракетамі толькі з абмежаваным радыусам дзеяння. Пра гэта паведамляе амерыканскае выданне Axios са спасылкай на чатырох ізраільскіх чыноўнікаў.

Справа ў тым, што пастаўка ў Расію іранскіх балістычных ракет з радыусам больш за 300 кіламетраў можа парушыць рэзалюцыю Савета Бяспекі ААН. Гэта стала б праблемай для Ірана і тым больш для Расіі, якая з'яўляецца пастаянным членам Савета Бяспекі ААН. Таму, паводле звестак ізраільскіх чыноўнікаў, Іран плануе даць Расіі ракеты з далёкасцю менш за 300 кіламетраў, а таксама мадыфікаваць іншыя ракеты, каб яны заставаліся ў рамках рэзалюцыі.

Тым часам у Нідэрландах гатовыя стварыць спецыяльны трыбунал для суда над ваеннымі злачынствамі Расіі ва Украіне. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Вопке Хукстра, піша NOS. У Гаазе ўжо дзейнічае Міжнародны крымінальны суд, але Расія не прызнае яго юрысдыкцыю. Гэта азначае, што вышэйшае палітычнае і ваеннае кіраўніцтва РФ можа не панесці адказнасці у рамках гэтага суда. Таму і трэба стварэнне новай структуры, але гэта, па словах Хукстра, запатрабуе шырокай міжнароднай палітычнай і фінансавай падтрымкі.

Стварэнне трыбунала для Расіі ўжо падтрымалі ў Еўракамісіі, Эстоніі, Латвіі і Літве, Францыі і іншых краінах, нагадвае Hromadske. Абмяркоўваюцца два варыянты: стварэнне спецыяльнага незалежнага міжнароднага трыбунала на аснове шматбаковай дамовы альбо гібрыдны суд з міжнароднымі суддзямі. Але ў абодвух выпадках неабходная трывалая падтрымка з боку ААН.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі