Вярхоўны суд змяніў фармулёўку ў прысудзе палітзняволенай Кацярыны Андрэевай

Кацярына Андрэева / https://www.facebook.com
Кацярына Андрэева / https://www.facebook.com

Вярхоўны суд Беларусі змяніў фармулёўку ў прысудзе палітзняволенай Кацярыны Андрэевай: замест "выдачы дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве" яе праца як журналісткі расцэнена як "шпіянаж". Пры гэтым сам прысуд — 8 гадоў і 3 месяцы калоніі ўзмоцненага рэжыму — не змяніў. Разгляд апеляцыйнай скаргі адбываўся ў закрытым рэжыме.

Муж Кацярыны Ігар Ільяш лічыць, што так улады хацелі схаваць лагічную недарэчнасць у сфабрыкаваным прысудзе. Але фактычна гэта нічога не змяніла — артыкул Крымінальнага кодэкса застаўся які і быў.

"Цяпер Каця чакае этапавання ў калонію. Імаверна, гэта адбудзецца цягам тыдня",паведаміў Ільяш у Facebook.

Кацярына Андрэева ў ліпені сёлета была асуджана ў Гомелі на закрытым працэсе на 8 гадоў і 3 месяцы калоніі агульнага рэжыму. Яна "прызнана вінаватай у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь". 5 верасня 2022-га журналістка ўжо мусіла б выйсці на волю, але яе пакінулі за кратамі. У зняволенні яна з 15 лістапада 2020 года. У лютым 2021-га Кацярына Андрэева была асуджаная на 2 гады пазбаўлення волі за стрым з акцыі памяці забітага пратэстоўца Рамана Бандарэнкі з "Плошчы Перамен" у Мінску. Яе разам з Дар'яй Чульцовай прызналі вінаватай у "арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Віны сваёй палітзняволеныя не прызналі. Чульцова ўжо выйшла на волю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі