Вы тут

Вярхоўны суд пакінуў смяротны прысуд за забойства пенсіянераў на Случчыне

Віктар Скрундзік у судзе / spring96.org

4 траўня ў Вярхоўным судзе разглядалася апеляцыйная скарга Віктара Скрундзіка, асуджанага да смяротнай кары. Як піша праваабарончы сайт "Вясна", калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда пакінула смяротны прысуд.

Цяпер у Скрундзіка засталася надзея толькі на памілаванне ад імя прэзідэнта. Дарэчы, напярэдадні памілаванне атрымалі браты Косцевы, асуджаныя за забойства сваёй былой настаўніцы.

Скрундзік разам з іншымі жыхарамі Слуцкага раёна быў асуджаны на выязным пасяджэнні Мінскага абласнога суда 6 сакавіка 2020 года за забойства пенсіянераў і замах на забойства 85-гадовай жанчыны. На судзе фігуравалі забойствы двух пенсіянераў: абодвух мужчын душылі, каб забраць з іх дамоў грошы. Потым зламыснікі спалілі іх дамы. Экспертыза паказала, што абодва пенсіянеры згарэлі яшчэ жывымі.

Да смяротнай кары быў прысуджаны толькі Віктар Скрундзік, тры іншыя фігуранты — Валянцін Бушнін, Сяргей Захарчанка і Віталь Мяцеж — атрымалі вялікія тэрміны зняволення.

Прысуд быў абскарджаны ў Вярхоўным судзе, і 30 чэрвеня 2020 года смяротнае пакаранне Скрундзіку адмянілі. Справу вярнулі на новы разгляд у Мінскі абласны суд, які 15 студзеня 2021 года зноў вынес смяротны прысуд. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.