Вячаслаў Харанека: Я падыму 850 разоў 40-кілаграмовую бочку з мёдам

Новы сусветны рэкорд збіраецца ўстанавіць беларускі гіравік і рэкардсмен Кнігі рэкордаў Гінэса Вячаслаў Харанека. На гэты раз ён будзе падымаць 40-кілаграмовую бочку.

Вячаслаў Харанека: "За 150 хвілінаў падняць 850 разоў бочку, якая будзе з мёдам. Я раней падымаў з вадой, з півам. Гэта такія мае планы".

Харанека прызначыў устанаўленне рэкорда на 24 красавіка і збіраецца прысвяціць яго святкаванню 85-годдзя фізкультурна-спартовага таварыства "Дынама". Падымаць бочку ён будзе ў прамым эфіры аднаго з беларускіх тэлеканалаў.

Нагадаем, ранейшы рэкорд Вячаслаў Харанека ўсталяваў два гады таму ў Маскве. Тады ён за 150 хвілінаў 800 разоў падняў 40-кілаграмовую бочку безалкагольнага піва.

Беларускі гіравік кажа, што новы рэкорд будзе зафіксаваны і патрапіць у вядомыя Кнігі рэкордаў:

"Будзе прысутнічаць афіцыйны прадстаўнік Кнігі рэкордаў Расіі, краінаў СНД і Балтыі "Дзіва" і прадстаўнік Кнігі рэкордаў Гінэса".