Вы тут

Дзевяць прэтэндэнтаў на "Еўрабачанне-2018", якіх вы запомніце

Гюнеш. Фота з сацыяльных сетак

Да беларускага нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне-2018" дапушчана 93 заяўкі. Усе яны будуць праслуханыя 11 студзеня ў Белтэлерадыёкампаніі. 

Што да конкурсных песень, якія цяпер прадстаўлены ў сеціве, збольшага гэта танцавальны еўра-поп, прычым шведскіх, грэчаскіх і брытанскіх аўтараў. Прычым, песні настолькі падобныя адна да адной, што мы пачынаем хвалявацца за журы — праслухаць 70 англамоўных трэкаў пра my love, my life, universe, fire  — тая яшчэ прыгода. 

Але мы абралі з прадстаўленых заявак некалькі артыстаў, на якіх можна звярнуць увагу.

 

1. Руся Шукюрава і Аляксей Будзько (гурт Shuma). Так, мы любім гэты гурт за свежае і актуальнае гучанне і вобраз, філасофію і павагу да беларускай архаікі. Ведаем, што трэк, які цяпер Shuma рыхтуе да праслухоўвання, будзе сексуальным і нахабным, у духу фінаў "Лордзі".

 

2. Раман Волазнеў — "The Diary of Our Love" — прыемная песенька, якая выдзяляецца з агрэсіўнай дэнс-навалы большасці заявак, і якая нагадвае адразу Эда Шырана, Сэма Сміта, Стыві Уандэра і знакамітую "Don't Worry, Be Happy". Раман у свой час некалькі разоў быў фіналістам дзіцячага "Еўрабачання" і нават навучыў спяваць па-беларуску Уладзіміра Прэснякова.

 

3. Сафія Астапюк — "Illusions" — павольны разважлівы трэк у стылі "Еўрабачання". Дзяўчына са Слоніма, якая засвяцілася ў сёмым украінскім тэлешоу X-Factor.

 

4. Анастасія Малашкевіч — "World On Fire". Песня "еўрабачанскіх" шведскіх аўтараў Ylva Linda Persson (яны напісалі сёлета песні не толькі для Анастасіі, але для беларуса Яўгена Доліча і артыстаў з Латвіі і Румыніі) хутка запамінаецца і пасуе тэмпераменту Анастасіі — прафесійнай опернай спявачкі.

 

5. Гюнеш выканае песню "I Won't Cry" у аранжыроўцы грэміноснага шведа Андэрса Хансана. Аўтары трэка — удзельнікі Secret Service Цім Норэл і Ула Хакансан а таксама заснавальнік гурта Army of Lovers Аляксандр Бард. Працавала над трэкам спявачка ў Стакгольме. У сеціве кампазіцыя пакуль не дасяжная, але шчасліўчыкамі, якія першымі змаглі пачуць трэк, сталі супрацоўнікі кампаніі "Белтэлекам". Менавіта на іх карпаратыве спявачка прадставіла свой новы хіт! А ўвогуле, гэта будзе сёмая спроба Гюнеш прарвацца на сцэну конкурса. 

 

6. Uzari хоць да апошняга хаваў факт падачы заяўкі на сёлетняе "Еўрабачанне", мы "раскусілі" яго адразу, як толькі ён сказаў, што "паедзе, калі паклічуць, але песня будзе на мове". Зыходзячы з таго, што Uzari вырас з "артыста для "Еўрабачання"" у музыку, тым больш, мае досвед удзелу ў конкурсе, думаем, што яго заяўка можа быць цікавай. Карацей, даем аванс Юрыю.

 

7. Кірыл Гуд, ён жа Ермакоў,  і песня "Deja Vu". Калі судзіць па тызеры, то трэк прыкольны. Але як яно на самой справе — убачым 11-га. Кірыл робіць аранжыроўкі і піша песні беларускім і расійскім поп-зоркам і працуе пад крылом Іосіфа Прыгожына.

 

8. Alexeev. Украінскі поп-спявак, імя якога выклікае стрэс у беларускіх калег. Хлопец —  "прадукт" кіеўскага прадзюсара Руслана Квінты, які сёлета адказвае за ўсю музыку на ўкраінскім адборы. Нядаўна Мікіта Аляксееў разышоўся з Квінтам. Спявак нібыта баіцца падводных камянёў на сваім адборы, таму вырашыў паспрабаваць сябе ў суседняй Беларусі. А паколькі Аляксееў у адрозненне ад заяўленых на адборы артыстаў лёгка збірае мінскі Prime Hall і мільёны праглядаў у сетках, беларусы і панікуюць. Трэк, з якім выступіць Аляксееў, пакуль не апублікаваны.

 

9. Cosmique — "Can't Stop Drinkin' Wine". Піцерская каманда, якая ў красавіку запісала дэбютнік "Dimensions" з дапамогай iPhone 5. Сімпатычны альтэрнатыўны поп, мяккі і плывучы.

 

9 студзеня ў 15.00 у жывым эфіры Еўрарадыё слухаем песні і абмяркоўваем заяўкі на "Еўрабачанне" з кампазітарам і прадзюсарам Максам Алейнікавым і журналістам "Камсамольскай праўды ў Беларусі" Сяргеем Маліноўскім. Далучайцеся!