Візіт Сі Цзіньпіна ў Маскву і боепрыпасы для Украіны ад ЕС — 390-я раніца вайны

Эпіцэнтрам баёў застаецца Бахмут у Данецкай вобласці / ілюстрацыйнае фота facebook.com/GeneralStaff.ua
Эпіцэнтрам баёў застаецца Бахмут у Данецкай вобласці / ілюстрацыйнае фота facebook.com/GeneralStaff.ua

Міністры замежных спраў краін ЕС павінны сёння падпісаць план пастаўкі мільёна боепрыпасаў для Украіны, кажа журналіст "Радыё Свабоды" Рыкард Ёзвяк. Ініцыятарам гэтай дамоўленасці стала Эстонія. А да Пагаднення можа далучыцца і Нарвегія. Праўда, пройдуць месяцы, перш чым боепрыпасы ў рамках гэтых сумесных закупак трапяць ва Украіну.

А ў Маскве сёння чакаюць лідара Кітая Сі Цзіньпіна. Расійская прэса напярэдадні гэтага візіту апублікавала артыкул кітайскага лідара пад назвай "Упарта рухацца наперад, да новых перспектыў дружбы, супрацоўніцтва і сумеснага развіцця Кітая і Расіі". Вайну Расіі супраць Украіны старшыня КНР у гэтым артыкуле называе "украінскім крызісам". Кітай, па словах Сі Цзіньпіна, выступае за прымірэнне і мірныя перамовы. У аснове гэтых перамоў павінны быць прынцыпы, якія Пекін сфармуляваў раней.

"Гаворка, у прыватнасці, ідзе аб неабходнасці выконваць мэты і прынцыпы Статута ААН, паважаць слушныя заклапочанасці ўсіх дзяржаў у галіне бяспекі, падтрымліваць усе намаганні, накіраваныя на мірнае ўрэгуляванне ўкраінскага крызісу, і забяспечваць стабільнасць глабальных ланцужкоў вытворчасці і паставак", піша Сі Цзіньпін. Ён гаворыць і аб адносінах з Расіяй — Пекін разглядае свае адносіны з Масквой як адзін з галоўных прыярытэтаў у дыпламатыі.

"Кітай і Расія прытрымліваюцца канцэпцыі вечнага сяброўства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Двухбаковыя адносіны грунтуюцца на прынцыпах недалучэння, неканфрантацыі і ненапраўленасці супраць трэціх бакоў", піша кітайскі лідар. Таксама старшыня КНР дадае, што яго візіт у РФ накіраваны на ўмацаванне дружбы, супрацоўніцтва і міру.

Визит Си Цзиньпина в Москву и боеприпасы для Украины от ЕС — 390-е утро войны
Сустрэча Сі Цзіньпіна і Уладзіміра Пуціна ў 2019 годзе / Xinhua News Agency

Да сітуацыі на фронце. РФ працягвае весці наступальныя дзеянні на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім, Мар'інскім і Шахцёрскім напрамках. За мінулыя суткі ўкраінскія вайскоўцы адбілі 69 расійскіх нападаў праціўніка на гэтых кірунках. Эпіцэнтрам баёў застаецца Бахмут. Пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ.

У Інстытуце вывучэння вайны (ISW) адзначаюць, што ўкраінскія сілы, верагодна, правялі лакальную контратаку на паўднёвым захадзе ад Бахмута. Гэта адбылося на фоне вялікай дыскусіі ў Расіі аб магчымым ўкраінскім контрнаступленні ў гэтым раёне. Паводле ацэнак экспертаў Інстытута, у апошнія тыдні тэмпы расійскіх наступальных аперацый адчувальна замарудзіліся. Гэта сведчыць пра тое, што "вясновы наступ Расіі на Данбасе, магчыма, набліжаецца да кульмінацыі", мяркуюць у ISW.

Эксперты Інстытута таксама мяркуюць, што ў вышэйшых эшалонах расійскага ваеннага кіраўніцтва паглыбляюцца расколы. Да такой высновы яны прыйшлі пасля чарговага паста былога расійскага афіцэра і нацыяналістычнага блогера Ігара Гіркіна. Гіркін напісаў саркастычнае эсэ пра тое, як Расія можа прайграць вайну праз нежаданне мяняць кіраўніцтва дзяржавы, выведкі і ўзброеных сіл, якія "ужо прадэманстравалі абуральную некампетэнтнасць". Сярод вінаватых Гіркін не называе ФСБ і дырэктара службы Аляксандра Бортнікава. "Каментары Гіркіна могуць паказваць на тое, што паміж расійскім вайсковым камандаваннем і ФСБ, а таксама ўнутры самой ФСБ існуе значная напружанасць", мяркуюць у Інстытуце.

Визит Си Цзиньпина в Москву и боеприпасы для Украины от ЕС — 390-е утро войны
Сітуацыя ў Бахмуце / understandingwar.org

У ISW таксама пракаментавалі паездку Пуціна ў нядаўна акупаваную частку Украіны. На думку экспертаў, расійскі лідар пайшоў на гэты крок, каб паказаць сябе ўцягнутым у сітуацыю. Гэта свайго роду адказ на балючыя асцярогі расійскіх блогераў з нагоды будучага ўкраінскага контрнаступлення.

Свая версія прычын пуцінскай паездкі ў Марыупаль ёсць і ва ўкраінскага Мінабароны. Там лічаць, што візіт невыпадкова быў начным.

"Па-першае, гэта бяспечней. Акрамя таго, цемра дазваляе яму асвятліць тое, што ён хоча паказаць, і трымае горад, які яго армія цалкам разбурыла, і яго некалькі ацалелых жыхароў,як мага далей ад старонніх вачэй", — адзначаюць у Мінабароны.

Тым часам у Еўрапейскім саюзе заявілі, што прынялі да ведама і падтрымліваюць пастанову Міжнароднага крымінальнага суда выдаць ордэры на арышт Уладзіміра Пуціна. У заяве Высокага прадстаўніка ЕС адзначаецца, што ЕС "вітае і заахвочвае" далейшыя намаганні па забеспячэнні поўнай адказнасці за ваенныя і іншыя злачынствы ў сувязі з агрэсіўнай вайной Расіі супраць Украіны.

Hromadske нагадвае, што ўсе краіны ЕС ратыфікавалі Рымскі статус, а такім чынам павінны будуць затрымаць Пуціна, калі той апынецца на тэрыторыі гэтых дзяржаў. У Германіі ўжо пацвердзілі, што гатовыя арыштаваць Пуціна, калі той апынецца на іх тэрыторыі.

З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ўкраінскія піратэхнікі ўжо абясшкодзілі 400 тысяч снарадаў расійскіх акупантаў. Пра гэта напярэдадні вечарам у традыцыйным звароце казаў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.

З пачатку вялікай вайны піратэхнікі абследавалі ўжо больш за 100 тысяч гектараў украінскай тэрыторыі.

У дзяржаўнай службе па надзвычайных сітуацыях Украіны раней паведамлялі, што прыкладна 30% тэрыторыі Украіны (каля 180 тысяч км2) было замініравана, нагадвае Hromadske. Гэта больш за дзве тэрыторыі Аўстрыі ці пяці тэрыторый Малдовы. У прыватнасці, на акупаваных тэрыторыях Херсонскай вобласці размініраванню падлягаюць каля 7 тысяч квадратных кіламетраў. А на поўнае размініраванне Украіны сыдзе ад 5 да 10 гадоў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі