Вінная крама: У нас пакуль “чарнілаў” няма і не думаю, што з’явяцца

“Нас гэта не закранула, — нечакана кажуць прадаўцы віннай крамы “Бардо” ў цэнтры сталіцы. — У нас пакуль такіх напояў няма і, калі шчыра, я не думаю, што з’явяцца. Вы перакананыя, што гэтае пастанаўленне ўвогуле датычыцца прыватных крамаў? Бо нам нічога не прыходзіла, а звычайна дасылаюць лісты!”

Пастанова Мінгандлю пра “пашырэнне асартыментнага пераліку па алкагольных напоях” набыла моц яшчэ 31 жніўня. Але далёка не ўсе спяшаюцца “забяспечыць наяўнасць пладовых і садавінава-ягадных він” на прылаўках сваіх крамаў.

“Пакуль яшчэ няма, — кажуць у філіяле буйной сеткі “Штопар”. — Мы цяпер чакаем пастаўкі. А пакуль у нас ёсць малдаўскія, італьянскія, іспанскія віны беларускага разліву. Але ў нас тут зусім іншая публіка. Вы ж паглядзіце на раён, тут вакол адны буцікі ды буціковыя крамы… Але абавязалі, значыць, будзем выконваць”.

Некалькі палічак уздоўж цэлай сцяны сапраўды занятыя рознымі вінамі беларускага разліву, іх кошт пачынаецца вакол 30 тысяч за бутэльку, што само па сабе насцярожвае. Але сфатаграфаваць такі шырокі асартымент супрацоўнікі крамы не дазваляюць. “Віды віна і іх кошты з’яўляюцца камерцыйнай тайнай”, — здзіўляе адміністратар і накіроўвае паспытаць “чарнілаў” у суседнія дзверы, дзе знаходзіцца фірмовая крама Брэсцкага лікёра-водачнага завода.

“Не, у нас няма! У нас жа прадукцыя толькі аднаго завода, а ён не вырабляе пладовых він, — тлумачыць адміністратар і вядзе да палічкі з вінамі коштам, крыху ніжэйшым за 100 тысяч. — У нас затое ёсць румынскае віно, больш ні ў каго няма. Ну і малдаўскае. Але гэта не наш разліў, проста мы працуем напрамую, без пасярэднікаў. У выніку па коштах прыемна і для людзей, і для нас”.

Толькі ў адным месцы Еўрарадыё нарываецца на пладова-ягадныя віны. Крама “Амаціста” знаходзіцца таксама ў цэнтры горада, але з’яўляецца дзяржаўнай і не прывязаная да канкрэтнага завода.

“Пакуль цікавасць да іх не масавая, але ёсць, — кажа здзіўленая пытаннем адміністратарка. — Пакуль больш вывучаюць: глядзяць на афармленне, на склад… Патрэбны час. Трэба ж напрацаваць кліента на такі прадукт. Таму час пакажа, што будзе далей”.

Здзіўляе тое, што кошты на пладова-ягадныя віны адрозніваюцца ад вінаградных беларускага разліву літаральна на некалькі тысяч. Што праўда, сярод дзясятка назваў не знайшлося ніводнага сухога ці хаця б паўсухоха напою.

Нагадаем, 31 жніўня Мінгандлю прыняло новы асартыментны пералік для аб'ектаў грамадскага харчавання — не толькі для карамаў, але і для месцаў грамадскага харчавання. А таксама зменшыў максімальную гандлёвую нацэнку на беларускі алкаголь, у сувязі з чым 50 грамаў гарэлкі ў кавярнях, барах ды рэстаранах сталі адной з самых танных пазіцый меню.