Віктар Ганчарэнка: Веру ў тое, што БАТЭ выйдзе з групы! (фота)

Калі барысаўчане ў другі раз перамогуць “Шэрыф”, яны захаваюць першае месца ў групе з 10 ачкамі. Пры перамозе кіяўлян ці нічыі ў паралельнай гульні “Дынама” (Кіеў) — AZ (Алкмаар) галандскі клуб, як і “Шэрыф”, страціць шанцы “дастаць” БАТЭ.

Галоўны трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка верыць у тое, што клуб з Барысава выйдзе ў плэй-оф Лігі Еўропы:

“Мы заўжды рыхтуемся да матчаў лігі Еўропы з добрым настроем, — кажа ён. — Мы добра матываваныя, а калі ўлічваць тое, што маем рэальныя шанцы выйсці з групы, матывацыя ўзрастае ўдвая”.


Папярэднія матчы ў Лізе Еўропы БАТЭ гуляў пасля перамог у чэмпіянаце Беларусі. Як вынік — у групавым турніры еўракубку клуб не прайграў сёлета ніводнага разу. Выйграць матч у “Тарпеда” з Жодзіна 30 кастрычніка ў БАТЭ не атрымалася: барысаўскія футбалісты задаволіліся нічыёй, і гэта не вельмі добры знак.

Затое траўма, якую падчас матчу з “Тарпеда” атрымаў паўабаронца БАТЭ Арцём Канцавы, аказалася не такой цяжкай, як меркавалі:

“Канцавы прапусціць два, максімум — тры тыдні, — распавёў Віктар Ганчарэнка. — Што датычыцца Няхайчыка, які прапускаў апошнюю гульню БАТЭ — ён трэніруецца разам з усімі і мае добрыя шанцы выйсці супраць “Шэрыфа”.


Абаронца БАТЭ Арцём Радзькоў назіраў за першым матчам з “Шэрыфам” з лавы запасных. Ён адзначыў высокі ўзровень арганізацыі ціраспальскай каманды. З іншага боку, “Шэрыф” — каманда маладая. Толькі два яе гульцы з заяўкі старэйшыя за 25 гадоў. У заяўцы БАТЭ такіх гульцоў сем. Магчыма, таму перамога ў Ціраспалі з мінімальнай перавагай — 1:0 — і стала самай цяжкай для нашых футбалістаў у сёлетняй Лізе Еўропы.

“Мы ўмеем гуляць і “другім нумарам”, і з пазіцыі сілы. Можам свае моцныя бакі выкарыстаць, можам нейтралізаваць “козыры” сапернікаў. Адно магу сказаць дакладна: заўтра будзем гуляць на перамогу!”, — кажа трэнер БАТЭ.

Магчыма, Віктар Ганчарэнка паспрабуе крыху супакоіць футбалістаў. У мінулым матчы з “Шэрыфам” Максім Бардачоў пабачыў перад сабой жоўтую картку за размовы з арбітрам. А форвард БАТЭ Віталь Радзівонаў і ўвогуле стаў самым “брудным” гульцом сёлетняга групавога этапу. У трох матчах ён зрабіў 13 парушэнняў. Праўда, на самім Радзівонаве сфалілі аж 11 разоў. Толькі чацвёра іншых футбалістаў “пакутавалі” больш.


Па словах Віктара Ганчарэнкі, малюнак гульні супраць “Шэрыфа” у параўнанні з гасцявой сустрэчай будзе крыху зменены. Як — пакуль што сакрэт. Пабачым 4 лістапада. Матч БАТЭ — “Шэрыф” пачнецца а 20-й гадзіне на стадыёне “Дынама” у Мінску.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі