Вы тут

Віктар Бабарыка прапанаваў вылучэнцам у прэзідэнты разам ратаваць выбары

Віктар Бабарыка / Еўрарадыё

Днём 30 траўня Віктар Бабарыка зачытаў публічны зварот да сваіх супернікаў па выбарчай гонцы, выбаршчыкаў, бізнаса і органаў дзяржкіравання. Экс-банкір, а цяпер прэтэндэнт на прэзідэнцкае крэсла лічыць, што справядлівыя выбары пад пагрозай, і іх трэба тэрмінова ратаваць.

"Мы бачым правакацыі, пагрозы, шматлікія злоўжыванні службовым становішчам. Мы бачым публічныя папярэджанні асобных кандыдатаў у прэзідэнты. Ім пагражаюць адмовай ў працаўладкаваннi, іх дыскрымінуюць па гендэрнай і па нацыянальнай прыкмеце. Сцвярджаецца, што існуе інфармацыя, якая абвінавачвае асобных кандыдатаў у прэзідэнты ў карупцыі ці ва ўтойванні актаў атрымання замежнай дапамогі. Я лічу, што гэта недапушчальна", — мяркуе Бабарыка.

Ён не называе таго, хто менавіта ўсё гэта робіць. Але зразумела, што гаворка ідзе пра ўчорашняе выступленне Аляксандра Лукашэнкі перад рабочымі МТЗ.

Бабарыка абяцае адкрыць на сваім сайце юрыдычную гарачую лінію, каб кансультаваць людзей, якіх прымушаюць падпісвацца за таго ці іншага кандыдата. А калі чалавека, які паскардзіцца на парушэнне, звольняць ці будуць пераследваць па-іншаму, вылучэнец у прэзідэнты гатовы арганізаваць грамадскую, юрыдычную і фінансавую падтрымку ахвяры.

Палітык заклікаў усіх вылучэнцаў у прэзідэнты забяспечыць такую ​​ж падтрымку сваім выбаршчыкам і сябрам ініцыятыўных груп. Спіс ужо дапушчаных парушэнняў яго прыхільнікі ў панядзелак занясуць у Цэнтрвыбаркам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.