Віцябляніну вернуць смартфон, канфіскаваны за публікацыю ў сацсетках фота з бел-чырвона-белым сцягам. Такое рашэнне прыняў старшыня Віцебскага абласнога суда Аляксандр Федзюкевіч, пішуць "Народныя навіны Віцебска".
Справу разглядаў 22 жніўня Першамайскі суд Віцебска. Мужчыну вінавацілі ў тым, што шчэ ў 2020 годзе ён без дазволу адміністрацыі Першамайскага раёна размясціў у сацсетцы "Вконтакте" сваё фота з бел-чырвона-белым палотнішчам на плячах. Гэтае фота суд цаніў як несанкцыянаванае пікетаванне.
У якасці пакарання віцябляніну прысудзілі на падставе часткі 1 артыкула 24.23 КаАП 60 гадзінаў грамадскіх работ і канфіскацыю мабільнага тэлефона Xiaomi Redmi 7А.
Але старшыня абласнога суда Федзюкевіч выявіў, што санкцыі 1 часткі артыкула 24.23 КаАП не прадугледжваюць канфіскацыю маёмасці. Таму ён пастанавіў вярнуць смартфон уладальніку.
Цяпер Дэпартамент па гуманітарнай дзейнасці Кіравання справамі прэзідэнта павінен вярнуць гаджэт уладальніку ці кампенсаваць яго кошт.